Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Хронікаў 16 1-я Хронікаў 16 разьдзел

1 Дык перанеслі каўчэг Божы і памясцілі яго ў сярэдзіне палаткі, якую расцягнуў для яго Давід, і ўсклалі цэласпаленні і ахвяры прымірэння перад Богам.
2 І калі Давід скончыў складанне цэласпаленняў ды ахвяры прымірэння, дабраславіў ён народ у імя Госпада.
3 Затым надзяліў кожнага ізраэльца ад мужчыны да жанчыны боханам хлеба, і ляпёшкай фінікаў, і фігамі.
4 І ён устанавіў перад каўчэгам Госпадавым паслугачоў з левітаў, каб памяталі аб абавязках перад Ім, і славілі, і ўсхвалялі Госпада, Бога Ізраэля:
5 Асафа, кіраўніка, і намесніка яго Захарыю, далей Егіэля, і Сэмірамота, і Егіэля, і Матацію, і Эліяба, і Банаю, і Абэдэдома, і Егіэля для ігры на псалтэрыёнах і цытрах, а Асафа, каб граў на цымбалах,
6 Банаю ж і Яхазіэля — святароў, каб трубілі ў трубы заўсёды перад каўчэгам запавету Божага.
7 У той дзень устанавіў Давід у першы раз, каб хвалілі Госпада праз Асафа ды яго братоў:
8 «Слаўце Госпада, прызывайце Яго імя, распавядайце між народамі Яго справы;
9 спявайце Яму і спявайце псалмы і распавядайце пра ўсе Яго цуды.
10 Хваліце Яго святое імя, хай цешыцца сэрца тых, хто шукае Госпада.
11 Шукайце Госпада і магутнасці Яго, аблічча Яго шукайце заўсёды.
12 Памятайце пра цуды Яго, якія ўчыніў, аб знаках Яго і судах вуснаў Яго.
13 Нашчадкі Ізраэля — Яго паслугачы, сыны Якуба — выбраннікі Яго.
14 Ён, Госпад, Бог наш, Яго прысуды на ўсёй зямлі.
15 Памятайце пра Яго запавет вечна, пра Яго слова, якое загадаў на тысячу пакаленняў,
16 пра запавет, які заключыў з Абрагамам, і пра прысягу Яго Ізааку.
17 І ўстанавіў яго Якубу як закон, і Ізраэлю як Вечны Запавет,
18 кажучы: “Дам табе зямлю Ханаана, як долю вашай спадчыны”,
19 калі былі вы яшчэ нямногімі, нямногія і чужыя ў ёй.
20 І пераходзілі вы з пакалення ў пакаленне, ды ад царства — да другога народа.
21 І не дазволіў нікому крыўдзіць іх, але за іх караў цароў:
22 “Не кранайце маіх намашчэнцаў дый прарокам маім не рабіце зла”.
23 Спявайце Госпаду, уся зямля, дзень пры дні абвяшчайце Яго збаўленне,
24 распавядайце між паганамі Яго славу, ва ўсіх народах Яго цуды.
25 Бо Госпад Магутны і вельмі слаўны і страшны для ўсіх багоў;
26 бо ўсе багі паганаў — нікчэмныя, Госпад жа нябёсы стварыў.
27 Слава і веліч перад абліччам Яго, моц і радасць — у Яго месцы.
28 Аддавайце Госпаду, сем’і народаў, аддавайце Госпаду славу і ўладу;
29 аддавайце Госпаду славу імю Яго, ускладайце ахвяру і прыходзьце перад аблічча Яго, і ў адзенні святочным пакланіцеся Госпаду.
30 Хай уздрыгвае перад Ім уся зямля; Ён бо аснаваў свет непарушны.
31 Хай цешацца нябёсы і радуецца зямля і хай кажуць усе народы: “Госпад валадарыць!”
32 Хай шуміць мора і ўсё, што яго запаўняе, хай цешацца палі і ўсё, што на іх існуе,
33 тады хай перад Госпадам славяць Яго дрэвы лясныя, Ён бо прыйшоў судзіць зямлю.
34 Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная Яго міласэрнасць.
35 І кажыце: “Ратуй нас, Божа, Збаўца наш, і збяры нас, і вырві ад народаў, каб славілі мы святое імя Тваё і каб цешыліся песнямі Тваімі.
36 Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, на векі вечныя”». Дый увесь народ сказаў: «Амін!» і «Слава Госпаду!»
37 Так пакінуў Давід там, перад каўчэгам запавету Госпада, Асафа і братоў яго, каб спаўнялі паслугу пастаянна перад каўчэгам па рытуале кожнага дня.
38 Потым Абэдэдома з шасцюдзесяццю васьмю яго братамі, і Абэдэдома, сына Ідытуна, ды Госу паставіў прыдзвернымі.
39 А святара Садока і братоў яго, святароў, паставіў перад скініяй Госпада на ўзгорку, што ў Габаоне,
40 каб ускладалі Госпаду на ахвярніку цэласпаленні заўсёды: раніцай і вечарам, паводле ўсяго таго, што напісана ў законе Госпада, які паручыў Ізраэлю.
41 І з імі былі Геман і Ідытун і астатнія выбраныя, па імю вызначаныя, каб дзякавалі Госпаду: «Бо навек міласэрнасць Яго».
42 І з імі Геман і Ідытун славілі Бога, граючы на трубах, і ўдараючы моцна ў цымбалы і іншыя музычныя інструменты; сыноў жа Ідытуна паставіў прыдзвернымі.
43 Затым вярнуўся ўвесь народ, кожны ў свой дом, і таксама Давід, каб дабраславіць свой дом.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Хронікаў, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017