Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Летапісу 16 1 Летапісу 16 разьдзел

1 І прынесьлі скрыню Божую, і пастанавілі яе сярод будану, каторы Давід разапнуў дзеля яе, і абраклі ўсепаленьні а супакойныя аброкі перад відам Божым.
2 І скончыў Давід паліць усепаленьні а супакойныя аброкі, і дабраславіў люд імям СПАДАРА,
3 І раздаў кажнаму Ізраеляніну, ад мужчыны аж да жонкі, кажнаму па букатцы хлеба, і па кавалку мяса, і па коўні віна.
4 І пастанавіў на службу перад скрыняю СПАДАРОВАЮ службітоў зь Левітаў, каб прыпаміналі яны, дзякавалі а выхвалялі СПАДАРА, Бога Ізраелявага:
5 Асафа за галоўнага, наступным па ім Захару, Ееля а Шэмірамофа а Егіеля а Матыфу а Елява а Венаю а Овед-Едома а Ееля зь лірамі а гусьлямі, а Асафа да гры на цымбалах,
6 А Венаю а Ягазеля сьвятароў — штачасна трубіць перад скрыняю змовы Божае.
7 Гэтага дня Давід упяршыню даў псальму ў руку Асафа а братоў ягоных, дзякаваць Богу:
8 Дзякуйце СПАДАРУ, гукайце імя Ягонае, абяшчайце меж людаў учынкі Ягоныя;
9 Пейце Яму, пейце псальмы Яму, размаўляйце праз усі чудосы Ягоныя;
10 Хваліцеся сьвятым імям Ягоным; хай вяселіцца сэрца шукаючых СПАДАРА;
11 Вызукайце СПАДАРА а сілы Ягоныя, шукайце віду Ягонага кажначасна;
12 Успамінайце дзіва, што Ён учыніў, знакі Ягоныя й суды вуснаў Ягоных,
13 Насеньне Ізраелява, слугі Ягоныя, сынове Якава, абраныя Ягоныя!
14 Ён СПАДАР, Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.
15 Памятуйце заўсёды змову Ягоную, слова расказанае тысячам пакаленьняў,
16 Каторую Ён учыніў із Абрагамам, і прысягу Ягоную Ісаку,
17 І ўстанавіў Якаву права, Ізраелю змоваю вечнаю,
18 Кажучы: «Табе дам зямлю Канаанскую, павароз спадку вашага».
19 Як вашы людзі былі нячысьленыя, як штось малое, і чужаземцы ў ёй,
20 І пераходзілі яны ад народу да народу, і ад каралеўства да іншага люду;
21 Ён не дазволіў людзіне крыўдзіць іх і ганіў каралёў за іх:
22 «Не чапайце памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабіце ліха!»
23 Пейце СПАДАРУ, уся зямля, агалашайце дзень у дзень спасеньне Ягонае.
24 Павядайце меж паган чэсьць Ягоную, меж усіх людаў чудосы Ягоныя;
25 Бо вялікі СПАДАР а вельмі славуты, і страшнейшы Ён над усі багі,
26 Бо ўсі багі людаў — балваны, але СПАДАР нябёсы ўчыніў.
27 Слава а вялічча перад відам Ягоным, магутнасьць а радасьць на месцу Ягоным.
28 Прызнайце СПАДАРУ, радзімы людаў, прызнайце СПАДАРУ чэсьць а моц.
29 Прызнайце СПАДАРУ чэсьць імені Ягонага. Прынясіце дар, ды йдзіце перад від Ягоны, сьціце СПАДАРА ў харашыні сьвятасьці.
30 Дрыжы перад Ім, уся зямля: нават сьвет Ён умацаваў, непахісьнецца.
31 Хай радуюцца нябёсы, хай вяселіцца зямля, і хай скажуць меж народаў: «СПАДАР гаспадарствуе!»
32 Раві, мора а паўніня яго, хай цешыцца поле а ўсе, што на ім.
33 Тады запяюць дзервы лесавыя перад СПАДАРОМ, бо Ён прыходзе судзіць зямлю.
34 Выхваляйце СПАДАРА, бо добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае.
35 І кажыце: «Спасі нас, Божа спасеньня нашага! і зьбяры нас, і выбаў нас ад паган, каб мы маглі славіць сьвятое імя Твае і хваліцца ў хвале Тваёй!
36 Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, ад веку і аж на векі!» І ўвесь люд сказаў: «Амін!», і хваліў СПАДАРА.
37 Давід пакінуў там, перад скрыняю змовы СПАДАРОВАЕ, Асафа а братоў ягоных, каб яны служылі перад скрыняю кажначасна, подле патрэбы кажнага дня,
38 І Овед-Едома а братоў ягоных, шасьцьдзясят асьмёх; Овед-Едома Ідуфунёнка а Госу — за брамнікаў,
39 А Садока сьвятара а братоў ягоных сьвятароў — перад вітальняю СПАДАРОВАЮ, на ўзвышшу, што ў Ґівеоне,
40 Да абраканьня ўсепаленьняў СПАДАРУ на аброчніку ўсепаленьня кажначасна, нараніцы і ўвечары, подле ўсёга, што напісана ў Законе СПАДАРОВЫМ, каторы Ён расказаў Ізраелю;
41 І зь імі Гэмана а Ідуфуна і іншых абраных, каторыя прызначаны наймя, каб славіць СПАДАРА, бо на векі міласэрдзе Ягонае.
42 Пры іх Гэман а Ідуфун з трубамі а цымбаламі, каб граць, і із снадзямі да песьняў Божых; сыноў жа Ідуфуна — ля варот.
43 І адышоў кажны чалавек да дому свайго; зьвярнуўся й Давід, каб дабраславіць дом свой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Летапісу, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.