Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Летапісу 10 1 Летапісу 10 разьдзел

1 Пілішчане ваявалі з Ізраелям, і ўцякалі Ізраяляне ад Пілішчан, і падалі паражаныя на гары Ґілвоа.
2 І блізка напіралі Пілішчане на Саўлу а сыноў ягоных, і забілі Пілішчане Ёнафана а Авінадава а Малхішуу, сыноў Саўлавых.
3 Бітва із Саўлам ішла стродкая, і лучылі на яго стралцы лукам, і ён быў паранены лучнікамі.
4 І сказаў Саўла збрайношу свайму: «Агалі меч свой і закалі мяне ім, каб ня прышлі гэныя неабрэзаныя і ня зьдзекаваліся зь мяне». Але збрайноша ня важыўся, бо вельма спалохаўся. Тады Саўла ўзяў меч і паў на яго.
5 Збрайноша ягоны, абачыўшы, што Саўла памер, і сам паў на меч, і памер.
6 І памер Саўла, і тры сыны ягоныя, і ўвесь дом ягоны разам ізь ім памерлі.
7 І абачыў кажны Ізраелянін, каторы быў у даліне, што ўсі ўцякаюць, і што памерлі Саўла а сыны ягоныя, дык пакінулі месты свае й разьбегліся; а Пілішчане прышлі й асяліліся ў іх.
8 І было назаўтрае: і прышлі Пілішчане абдзіраць забітых, і знайшлі Саўлу а сыноў ягоных, палых на гары Ґілвоаскай.
9 І абдзерлі яго, і зьнялі зь яго галаву ягоную а зброю ягоную, і паслалі па зямлі Пілісцкай навокал, каб прынесьці ведамку балваном сваім а люду.
10 І паклалі зброю ягоную ў доме багоў сваіх, і чэрап ягоны ўткнулі ў доме Даґона.
11 І пачуў увесь Явіш Ґілеадзкі ўсе, што зрабілі Пілішчане Саўлу,
12 І ўсталі ўсі малайцы, і панесьлі цела Саўлава а целы сыноў ягоных, і прынесьлі іх да Явішу, і пахавалі косьці іхныя пад дубам у Явішу, і поставалі сем дзён.
13 І памер Саўла за выступ свой, каторым ён выступіў супроці СПАДАРА, супроці слова СПАДАРОВАГА, каторага ён не дзяржаў, і таксама за тое, што пытаўся ў чараўніцы, каб даведацца,
14 А не даведаваўся ў СПАДАРА; за гэта Ён зрабіў сьмерць яму і перадаў каралеўства Давіду Есянку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Летапісу, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.