1 летапісаў 10 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Філістымляне ваявалі зь Ізраілем, і пабеглі Ізраільцяне ад Філістымлянаў, і падалі пабітыя на гары Гелвуе.
 
Пілішчане ваявалі з Ізраелям, і ўцякалі Ізраяляне ад Пілішчан, і падалі паражаныя на гары Ґілвоа.

І пагналіся Філістымляне за Саўлам і сынамі ягонымі, і забілі Філістымляне Ёнатана і Авінадава і Мэлхісуя, сыноў Саўлавых.
 
І блізка напіралі Пілішчане на Саўлу а сыноў ягоных, і забілі Пілішчане Ёнафана а Авінадава а Малхішуу, сыноў Саўлавых.

Бітва супроць Саўла ўзмацнілася, і стралкі памкнуліся на яго, так што ён паранены быў стралкамі.
 
Бітва із Саўлам ішла стродкая, і лучылі на яго стралцы лукам, і ён быў паранены лучнікамі.

І сказаў Саўл збраяносцу свайму: агалі меч твой і закалі мяне ім, каб ня прыйшлі гэтыя неабрэзаныя, і не паглуміліся зь мяне. Але збраяносец не рашыўся, бо вельмі спалохаўся. Тады Саўл узяў меч і ўпаў на яго.
 
І сказаў Саўла збрайношу свайму: «Агалі меч свой і закалі мяне ім, каб ня прышлі гэныя неабрэзаныя і ня зьдзекаваліся зь мяне». Але збрайноша ня важыўся, бо вельма спалохаўся. Тады Саўла ўзяў меч і паў на яго.

Збраяносец ягоны, убачыўшы, што Саўл памёр, і сам упаў на меч і памёр.
 
Збрайноша ягоны, абачыўшы, што Саўла памер, і сам паў на меч, і памер.

І памёр Саўл, і тры сыны ягоныя, і ўвесь дом ягоны разам зь ім памёр.
 
І памер Саўла, і тры сыны ягоныя, і ўвесь дом ягоны разам ізь ім памерлі.

Калі ўбачылі Ізраільцяне, якія былі ў даліне, што ўсе бягуць і што Саўл і сыны ягоныя памерлі, дык пакінулі гарады свае і разьбегліся; а Філістымляне прыйшлі і пасяліліся ў іх.
 
І абачыў кажны Ізраелянін, каторы быў у даліне, што ўсі ўцякаюць, і што памерлі Саўла а сыны ягоныя, дык пакінулі месты свае й разьбегліся; а Пілішчане прышлі й асяліліся ў іх.

На другі дзень прыйшлі Філістымляне абіраць забітых, і знайшлі Саўла і сыноў ягоных забітых на гары Гэлвуйскай,
 
І было назаўтрае: і прышлі Пілішчане абдзіраць забітых, і знайшлі Саўлу а сыноў ягоных, палых на гары Ґілвоаскай.

і распранулі яго, і зьнялі зь яго галаву ягоную і зброю ягоную, і паслалі па зямлі Філістымскай, каб абвясьціць пра гэта перад ідаламі іхнімі і перад народам.
 
І абдзерлі яго, і зьнялі зь яго галаву ягоную а зброю ягоную, і паслалі па зямлі Пілісцкай навокал, каб прынесьці ведамку балваном сваім а люду.

І паклалі зброю ягоную ў капішча багоў сваіх, і галаву ягоную ўваткнулі ў доме Дагона.
 
І паклалі зброю ягоную ў доме багоў сваіх, і чэрап ягоны ўткнулі ў доме Даґона.

І пачуў увесь Явіс Галаадскі ўсё, што зрабілі Філістымляне з Саўлам.
 
І пачуў увесь Явіш Ґілеадзкі ўсе, што зрабілі Пілішчане Саўлу,

І падняліся ўсе людзі дужыя, узялі цела Саўлава і целы сыноў ягоных, і прынесьлі іх у Явіс, і пахавалі косьці іхнія пад дубам у Явісе, і пасьціліся сем дзён.
 
І ўсталі ўсі малайцы, і панесьлі цела Саўлава а целы сыноў ягоных, і прынесьлі іх да Явішу, і пахавалі косьці іхныя пад дубам у Явішу, і поставалі сем дзён.

Так памёр Саўл за сваё беззаконьне, якое ён учыніў перад Госпадам, за тое, што ня трымаўся слова Гасподняга і зьвярнуўся да чарадзейкі з пытаньнем,
 
І памер Саўла за выступ свой, каторым ён выступіў супроці СПАДАРА, супроці слова СПАДАРОВАГА, каторага ён не дзяржаў, і таксама за тое, што пытаўся ў чараўніцы, каб даведацца,

а ня спытаўся ў Госпада. За тое Ён і аддаў яго сьмерці, і перадаў царства Давіду, сыну Есэеваму.
 
А не даведаваўся ў СПАДАРА; за гэта Ён зрабіў сьмерць яму і перадаў каралеўства Давіду Есянку.