1 летапісаў 17 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Калі Давід жыў у доме сваім, дык сказаў Давід Натану прароку: вось, я жыву ў доме кедровым, а каўчэг запавета Гасподняга пад намётам.
І сталася, як Давід жыў у доме сваім, што сказаў Давід Нафану прароку: «Вось, я жыву ў доме кедравым, але скрыня змовы СПАДАРОВАЕ пад апонамі».
І сказаў Натан Давіду: усё, што ў цябе на сэрцы, рабі, бо з табою Бог.
І сказаў Нафан Давіду: «Усе, што ў цябе на сэрцу, рабі, бо з табою Бог».
Але тае ж ночы было слова Божае Натану:
Але тае ж ночы было слова Божае да Нафана:
ідзі і скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь: ня ты пабудуеш Мне дом для жытла,
«Пайдзі й скажы слузе Майму Давіду: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Ня ты пастановіш Імне дом жыць у ім;
бо Я ня жыў у доме з таго дня, як вывеў сыноў Ізраіля, і да сёньня, а хадзіў са скініі ў скінію з жытла ў жытло.
Бо Я ня жыў у доме адгэнуль, як узьвёў сыноў Ізраелявых, і дагэтуль, а пераходзіў з будану да будану і зь вітальні да вітальні.
Дзе ні хадзіў Я з усім Ізраілем, ці сказаў Я хоць слова каму з судзьдзяў Ізраільскіх, якім Я загадаў пасьвіць народ Мой: чаму вы не пабудуеце Мне дома кедровага?
Усюдых, куды-лень хадзіў Я з усім Ізраелям, ці сказаў Я слова аднаму із судзьдзяў Ізраельскіх, каторым Я расказаў пасьціць люд Мой, кажучы: "Чаму вы не пастанавілі Імне дому кедравага?"’"
І цяпер так скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь Саваоф: Я ўзяў цябе ад статку авечак, каб ты быў правадыр народу Майго Ізраіля;
І цяпер гэтак скажы слузе Майму Давіду: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ’Я ўзяў цябе з аўчарніку, за авечкамі ходзячага, каб ты быў валадаром над людам Маім Ізраелям;
і быў з табою ўсюды, куды ты ні хадзіў, і вынішчыў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў імя тваё як імя вялікіх на зямлі;
І быў з табою ўсюдых, куды ты хадзіў, і выгубіў усіх варагоў тваіх перад відам тваім, і зрабіў імя твае, як імя вялікіх на зямлі;
і Я ўладзіў месца народу Майму Ізраілю, і ўкараніў яго, і будзе ён спакойна жыць на месцы сваім, і ня будзе больш трывожаны, і бязбожнікі ня будуць больш уціскаць яго, як раней.
І прызначыў месца люду, Свайму Ізраелю, і пасадзіў іх, і яны будуць жыць на сваім месцу, і ня будуць палохаць іх болей, і сыны нягоднасьці ня будуць высіляць вас болей, як уперад;
у тыя дні, калі Я паставіў судзьдзяў над народам Маім Ізраілем, і Я ўпакорыў усіх ворагаў тваіх і абвяшчаю табе, што Гасподзь зладзіць табе дом.
Адгэнуль як Я прызначыў судзьдзяў над людам Сваім Ізраелям, і Я ўкарыў усіх непрыяцеляў тваіх, і наказую табе, што дом збудуе табе СПАДАР.
Калі завершацца дні твае і ты адыдзеш да бацькоў тваіх, тады Я пастаўлю семя тваё пасьля цябе, якое будзе з сыноў тваіх, і ўмацую царства ягонае.
І станецца, як напоўняцца дні твае, каб ты йшоў да бацькоў сваіх, тады Я ўзбуджу насеньне твае просьле цябе, каторае будзе із сыноў тваіх, і ўмацую каралеўства ягонае.
ён пабудуе Мне дом, і ўцьверджу трон ягоны навекі.
Ён пастанове імне дом, і Я ўмацую пасад ягоны на векі:
Я буду яму бацькам, і ён будзе Мне сынам, — і міласьці Маёй не адбяру ў яго, як Я адабраў у таго, які быў да цябе.
Я буду яму айцом, а ён будзе Імне сынам, і міласэрдзя Свайго не адвярну ад яго, як Я адвярнуў ад таго, што быў перад табою;
Я пастаўлю яго ў доме Маім і ў царстве Маім навекі, і трон яго будзе цьвёрды вечна.
І пастанаўлю яго ў доме Сваім і ў каралеўстве Сваім на векі, і пасад ягоны будзе трывалкі вечна’"».
Усе гэтыя словы і ўяву дакладна пераказаў Натан Давіду.
Подле ўсіх гэтых слоў і подле ўсяе гэтае відзені, — казаў Нафан Давіду.
І прыйшоў цар Давід і стаў прад абліччам Гасподнім, і сказаў: хто я, Госпадзе Божа, і што такое дом мой, што Ты так узвысіў мяне?
І прышоў кароль Давід, і сеў перад відам СПАДАРОВЫМ, і сказаў: «Хто я, СПАДАРУ Божа, і хто дом мой, што Ты прывёў мяне аж сюды?
Але і гэтага яшчэ здалося мала ў вачах Тваіх, Божа; Ты абвяшчаеш пра дом раба Твайго наперад, і глядзіш на мяне, як на чалавека вялікага, Госпадзе Божа!
Але й гэтага яшчэ мала здалося ў ваччу Тваім, Божа; бо Ты гукаў праз дом слугі Свайго на даўгія часы, і глянуў на мяне, як на зразу чалавека ўзьвялічанага, СПАДАРУ Божа!
Што яшчэ можа дадаць перад Табою Давід дзеля ўзьвялічэньня раба Твайго? Ты ведаеш раба Твайго?
Што яшчэ можа дадаць Табе Давід дзеля ўчшчэньня слугі Твайго? А Ты знаеш слугу Свайго.
Госпадзе! для раба Твайго, Ты робіш усё гэта вялікае, каб паказаць ўсялякую веліч.
СПАДАРУ! дзеля слугі Свайго і подле сэрца Свайго Ты ўчыніў усю гэтую вялікасьць, каб учыніць ведамнымі ўсі гэтыя вялікія справы.
Госпадзе! Няма падобнага на Цябе, і няма Бога, апрача Цябе, паводле ўсяго, што чулі мы на свае вушы.
СПАДАРУ! нямаш падобнага да Цябе, і нямаш Бога, апрача Цябе, подле ўсёга, што чулі мы вушамі сваімі.
І хто падобны на народ Твой Ізраіль, адзіны народ на зямлі, да Якога прыходзіў Бог, каб адкупіць яго Сабе ў народ, зрабіць Сабе імя вялікай і страшнай дзеяй, — прагнаньнем народаў ад аблічча народу Твайго, які Ты выбавіў зь Егіпта.
І хто, як люд Твой Ізраель, адзіны народ на зямлі, да каторага прыходзіў Бог выкупіць Сабе люд, зрабіць Сабе імя вялікімі а страшнымі рэчмі, выгнаньням народаў перад людам Сваім, каторы Ты выкупіў зь Ягіпту?
Ты зрабіў народ Твой Ізраіля Сваім уласным народам навек, і Ты, Госпадзе, стаў Богам ягоным.
Бо Ты ўчыніў люд Свой, Ізраеля, Сабе людам на векі, і Ты, СПАДАРУ, стаў Богам іхным.
Дык вось цяпер, о Госпадзе, слова, якое Ты сказаў пра раба Твайго і пра дом ягоны, умацуй навек, і зрабі, як Ты сказаў.
Дык цяпер, о СПАДАРУ, слова, каторае Ты казаў праз слугу Свайго а праз дом ягоны, хай будзе вернае на векі, і ўчыні, як Ты сказаў.
І хай застанецца і ўзьвялічыцца імя Тваё вавекі, каб гаварылі: Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў, ёсьць Бог над Ізраілем, і дом раба Твайго Давіда хай будзе цьвёрды прад абліччам Тваім.
Няхай жа будзе вернае а вялікае імя Твае навекі, каб казалі: "СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў, ё Бог над Ізраелям"; і дом Давідаў, слугі Твайго, хай будзе непахісны перад відам Тваім.
Бо Ты, Божа мой, адкрыў рабу Твайму, што Ты ўладзіш яму дом, таму раб Твой і асьмеліўся маліцца перад Табою.
Бо Ты, Божа мой, адкрыў вуха слузе Свайму, што Ты пастановіш дом; затым важыўся слуга Твой маліцца перад Табою.
І цяпер, Госпадзе, Ты Бог, і Ты сказаў пра раба Твайго такое дабро.
І цяпер, СПАДАРУ, Ты Бог, і Ты сказаў праз слугу Свайго такое дабро.
Пачні ж дабраслаўляць дом раба Твайго, каб ён быў вечна прад абліччам Тваім. Бо калі Ты, Госпадзе, дабраславіш, дык будзе ён дабраславёны навекі.
Дык зыч дабраславіць дом слугі свайго, каб ён быў вечна перад відам Тваім; бо Ты, СПАДАРУ, дабраславіў, і ён дабраславёны на векі».