1 летапісаў 12 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І гэтыя таксама прыйшлі да Давіда ў Сэкелаг, калі ён яшчэ хаваўся ад Саўла, сына Кісавага, і былі з адважнікаў, якія дапамагалі ў бітве.
І гэтыя прышлі да Давіда да Цыклаґу, як ён яшчэ хаваўся ад Саўлы Кішанка, і былі з харобрых, што памагалі ў бітве.
Узброеныя лукам, і тыя, што кідалі праваю і леваю рукою камяні і стралялі стрэламі з лука, — з братоў Саўла, ад Веньяміна:
Узброеныя лукам, праваю і леваю рукою пушчалі каменьне і стралялі стрэламі з луку, — з братоў Саўлавых, ад Веняміна:
галоўны Ахіезэр, за ім Ёас, сыны Шэмаі, з Гівы; Езіел і Фэлэт, сыны Азмавэта: Бэраха і Егу з Анатота;
Галоўны Агіезэр, за ім Ёаш Шэмаёнкі з Ґівеі; Езель а Пелет Азмавефенкі; Бераха а Егу з Анафову;
Ішманія Гавааніцянін, адважнікі з трыццаці і начальнік над трыццацьцю; Ерамія, Яхазііл, Ёханан і Ёзавад з Гедэры;
Ішмая Ґівеонянін, харобры з трыццацёх і над трыццацьма; Ярэма а Ягазель а Ёганан а Ёзавад із Ґедэры;
Элузай, Ерымот, Вэалія, Шэмарыя, Сафатыя Харытыянін;
Елузай а Ерымоф а Веаля а Шэмара а Шэфата Гаруфянін;
Элкана, Ішыяху, Азарыл, Ёэзэр і Ёшавам, Карэяне;
Елкана а Ішшаг а Азарэль а Ёезэр а Яшовеам, — Корычы;
і Ёэла і Зэвадыя сыны Ерахама, з Гэдора.
І Ёела, і Зэвада Ерогамёнкі, з Ґедору.
І з Гадыцян перайшлі да Давіда ва ўмацаваньне, у пустыню людзі мужныя, ваяўнічыя, узброеныя шчытом і дзідай; твары ільвіныя — твары іхнія, і яны шпаркія, як сарны ў горах.
І з Ґадзічаў перайшлі да Давіда да гораду на пустыню, людзі гоі, адважныя дужасілы-ваеўнікі, узброеныя шчытам а лукам; віды іх — віды лявіныя, і яны борздыя бы сэрны на горах:
Галоўны Эзэр, другі Авадыя, трэці Эліяў,
Езэр галоўны, Овада другі, Еляў трэйці,
чацьвёрты Мішмана, пяты Ерамія,
Мішманна чацьверты, Ярэма пяты,
шосты Атай, сёмы Эліел,
Афай шосты, Елель сёмы,
восьмы Ёханан, дзявяты Элзавад,
Ёганан восьмы, Елзавад дзявяты,
дзясяты Ерамія, адзінаццаты Махбанай.
Ярэма дзясяты, Махбанай адзінанцаты.
Яны з сыноў Гадавых узначальцы ў войску: меншы над сотняю, і большы над тысячаю.
Гэтыя із сыноў Ґадовых былі галавамі ў войску: адзін із найменшых быў над сотняю і найбольшы — над тысячаю.
Вось яны перайшлі Ярдан у першы месяц, калі ён выступае зь берагоў сваіх, і разагналі ўсіх, што жылі ў далінах на ўсход і захад.
Гэта тыя, што перайшлі Ёрдан першага месяца, як ён выступае зь берагоў сваіх, і разагналі ўсіх, што жылі ў далінах на ўсход і захад.
Прыйшлі таксама і з сыноў Веньямінавых і Юдавых ва ўмацаваньне да Давіда.
І прышлі із сыноў Веняміновых а Юдзіных да ўмацаваньня да Давіда.
Давід выйшаў насустрач ім, і сказаў ім: калі зь мірам прыйшлі вы да мяне, каб дапамагаць мне, дык хай будзе ў мяне з вамі адно сэрца; а калі дзеля таго, каб падступна перадаць мяне ворагам маім, тым часам як няма заганы на руках маіх, дык хай бачыць Бог бацькоў нашых і рассудзіць.
Давід вышаў наўпярэймы ім і сказаў ім: «Калі зь мірам прышлі вы да мяне, памагчы імне, то хай будзе ў мяне з вамі адно сэрца; а калі дзеля таго, каб ізрадна аддаць мяне варагом маім, дарма што няма гану на руках маіх, то хай бача Бог айцоў нашых і рассудзе».
І абняў дух Амасая, узначальцу трыццацёх, і сказаў ён: мір табе, Давідзе, і з табою, сыне Есэеў; мір табе і мір памочнікам тваім; бо памагае табе Бог твой. Тады прыняў іх Давід і паставіў на чале войска.
І абняў Дух Амасая, галаву трыццацёх, і сказаў ён: «Супакой табе, Давідзе, і з табою, Есёнку! супакой табе і супакой памачніком тваім! бо памагае табе Бог твой». І прыняў іх Давід, і пастанавіў іх на чале вяткаў.
І з племя Манасіінага перайшлі да Давіда, калі ён ішоў зь Філістымлянамі на вайну супроць Саўла, але не дапамагаў ім, бо ўзначальцы Філістымскія, параіўшыся, адаслалі яго, кажучы: на нашую галаву ён пяройдзе да гаспадара свайго Саўла.
І з плямені Манасавага перайшлі да Давіда, як ён ішоў ізь Пілішчанмі на вайну супроці Саўлы, але не памагаў ім, бо вайводцы Пілісцкія, парадзіўшыся, адаслалі яго, кажучы: «На нашу галаву ён пярэйдзе да спадара свайго Саўлы».
Калі ён вяртаўся ў Сэкелаг, тады перайшлі да яго з Манасіян: Аднах, Ёзавад, Едыяэл, Міхаіл, Ёзавад, Элігу і Цыльтай, тысячнікі ў Манасіян.
Як ён пайшоў да Цыклаґу, тады перайшлі да яго з Манасічаў: Аднаг а Ёзавад а Едзяель а Міхайла а Ёзавад а Елігу а Цылефай, — тысячнікі ў Манасічаў.
І яны дапамагалі Давіду супроць полчышчаў, бо ўсе гэта былі людзі адважныя і былі правадыры ў войску.
І яны памагалі Давіду супроці вяткаў, бо ўсі гэта былі гоі і былі вайводцамі ў войску.
Так з кожным днём прыходзілі да Давіда на дапамогу да таго, што ягонае рушэньне зрабілася вялікае, як рушэньне Божае.
Гэтак кажнага дня прыходзілі да Давіда на помач, ажно табар ягоны стаў вялікім, як табар Божы.
Вось лічба галоўных у войску, якія прыйшлі да Давіда ў Хэўрон, каб перадаць яму царства Саўлавае, па слове Гасподнім:
І гэта лік галоваў, узброеных да войска, каторыя прышлі да Давіда да Гэўрону, каб перадаць яму каралеўства Саўлава, подле слова СПАДАРОВАГА:
сыноў Юдавых, якія носяць шчыт і дзіду, было шэсьць тысяч васямсот гатовых да вайны;
Сыноў Юдзіных, шчыт а дзіду носячых, шэсьць тысячаў а асьмісот, узброеных да вайны.
з сыноў Сімяонавых, людзей адважных, у войску было сем тысяч і сто;
Із сыноў Сымонавых дужасілаў у войску было сем тысячаў а сту;
з сыноў Лявііных чатыры тысячы шасьцьсот;
Із сыноў Левавых чатыры тысячы а шасьцьсот;
і Ёдай, князь ад племя Аарона, і зь ім тры тысячы сямсот;
І Егояда, валадар Ааронавічаў, і зь ім тры тысячы а сямсот;
і Садок, мужны юнак, і род ягоны, дваццаць два начальнікі;
І Садок, мужны дзяцюк, і дом айцоў ягоных дваццаць а двух вайводцаў.
з сыноў Веньямінавых, братоў Саўлавых, тры тысячы, — але яшчэ многія зь іх трымаліся дома Саўлавага;
Із сыноў Веняміновых, братоў Саўлавых, тры тысячы, — але дагэтуль бальшыня іх моцна сьцераглі дом Саўлаў;
з сыноў Яфрэмавых дваццаць тысяч васямсот людзей мужных, людзей знакамітых у родах сваіх;
Із сыноў Яхрэмавых дваццаць тысячаў а асьмісот людзёў мужных, людзёў славутых у родах сваіх;
з паўкалена Манасіінага васямнаццаць тысяч, якія выкліканы былі паіменна, каб пайсьці ўцараваць Давіда;
З паў плямені Манасавага асьмінанцаць тысячаў, каторыя выгуканы былі наймя, каб пайсьці ўстанавіць Давіда за караля;
з сыноў Ісахаравых людзі разумныя, якія ведалі, што калі належала рабіць Ізраілю, — іх было дзьвесьце галоўных, і ўсе браты іхнія трымаліся слова іхняга;
Із сыноў Іссасхаровых, каторыя цямілі часы, каб ведаць, што мае рабіць Ізраель, — іх было дзьвесьце галоўных, і ўсі браты іхныя йшлі за словам іхным;
з племя Завулонавага гатовых да бітвы, узброеных усякаю ваеннаю зброяй, пяцьдзясят тысяч, у страі, аднадушных;
Із Завулонавага выходзячых да войска, гатовых на вайну з усялякімі ваеннымі снадзямі, пяцьдзясят тысячаў, каторыя маглі дзяржаць лад, няхісьлявага сэрца;
з племя Нэфталімавага тысяча правадыроў і зь імі трыццаць сем тысяч з шчытамі і дзідамі;
Зь Неффалімовага тысяча вайводцаў; зь імі трыццаць сямёх тысячаў із шчытамі а дзідамі;
з племя Данавага гатовых да вайны дваццаць восем тысяч шасьцьсот;
З Дановага гатовых да вайны дваццаць асьмёх тысячаў а шасьцьсот;
ад Асіра воінаў, гатовых да бітвы, сорак тысяч;
Ад Ашэра вояў да войска выходзячых, гатовых на вайну, сараку тысячаў;
з-за Ярдана, ад племя Рувімавага, Гадавага, і паўплемя Манасіінага, сто дваццаць тысяч, з усялякай воінскай зброяй.
Зза Ёрдану ад плямені Рувінавага а Ґадовага а паў плямені Манасавага — сто дваццацёх тысячаў, з усялякімі ваеннымі снадзямі да бітвы.
Усе гэтыя воіны, у страі, ад шчырага сэрца прыйшлі ў Хэўрон уцараваць Давіда над усім Ізраілем. Ды і ўсе іншыя Ізраільцяне былі аднадушныя, каб паставіць царом Давіда.
Усі гэтыя ваюны, што маглі дзяржаць лад, прышлі із шчырым сэрцам да Гэўрону, устанавіць Давіда за караля над усім Ізраелям. І ўсі засталыя Ізраяляне былі аднаго сэрца, каб устанавіць Давіда за караля.
І прабылі там у Давіда тры дні, елі і пілі, бо браты іхнія прыгатавалі ім;
І былі ў Давіда там тры дні, елі а пілі, бо браты іхныя прыгатавалі ім;
ды і блізкія да іх, нават да племя Ісахаравага, Завулонавага і Нэфталімавага, прывозілі ўсё страўнае на аслах, і вярблюдах, і мулах, і валах: муку, смоквы і разынкі, і віно, і алей, і буйнога і дробнага быдла мноства, бо радасьць была Ізраілю.
І таксама блізкія да іх, аж да Іссасхаровага, а Завулонавага а Наффалімовага, прывозілі хлеб на аслох а на вярблюдох а на мулах а на буйным статку, ежу, муку, саладжэнікі, фіґі а пучкі разынкаў а віно а аліву а валы а авечкі — множасьць, бо радасьць была ў Ізраелю.