1 летапісаў 12 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Яны таксама прыбылі да Давіда ў Сікэлаг, калі ён яшчэ хаваўся ад Саўла, сына Кіса; яны былі наймацнейшымі і выдатнымі ваярамі,
 
І гэтыя прышлі да Давіда да Цыклаґу, як ён яшчэ хаваўся ад Саўлы Кішанка, і былі з харобрых, што памагалі ў бітве.

мелі лукі, маглі правай і левай рукой кідаць камяні і пускаць стрэлы. З братоў Саўла і Бэньяміна:
 
Узброеныя лукам, праваю і леваю рукою пушчалі каменьне і стралялі стрэламі з луку, — з братоў Саўлавых, ад Веняміна:

кіраўнік Ахіязэр і Ёас — сыны Самаа, Габаатыты, і Язіэль, і Палет, сыны Азмавэта, і Барах, і Егу, Анатаціты.
 
Галоўны Агіезэр, за ім Ёаш Шэмаёнкі з Ґівеі; Езель а Пелет Азмавефенкі; Бераха а Егу з Анафову;

Таксама Есмая Габааніт, наймужнейшы сярод трыццаці і над трыццаццю, Ярэмія, і Яхазіэль, і Ёханан, і Ёзабад, Гадэраціты.
 
Ішмая Ґівеонянін, харобры з трыццацёх і над трыццацьма; Ярэма а Ягазель а Ёганан а Ёзавад із Ґедэры;

Элюзай, і Ерымот, і Баалі, і Самарыя, і Сафація — Гаруфіты.
 
Елузай а Ерымоф а Веаля а Шэмара а Шэфата Гаруфянін;

Элькана, і Ясія, і Азарыэль, і Ёэзэр, і Есбаам — Карыты,
 
Елкана а Ішшаг а Азарэль а Ёезэр а Яшовеам, — Корычы;

таксама Ёэла і Забадзія — сыны Ерахама з Гэдора.
 
І Ёела, і Зэвада Ерогамёнкі, з Ґедору.

Але і з Гада перабеглі да Давіда, калі ён хаваўся ў пустыні, мужы найдужэйшыя і найлепшыя ваяры, якія карысталіся шчытом і дзідай; выглядалі, як ільвы, і скараходы, як дзікія козы ў гарах;
 
І з Ґадзічаў перайшлі да Давіда да гораду на пустыню, людзі гоі, адважныя дужасілы-ваеўнікі, узброеныя шчытам а лукам; віды іх — віды лявіныя, і яны борздыя бы сэрны на горах:

кіраўніком быў Эзэр, другім — Абдзія, трэцім — Эліяб,
 
Езэр галоўны, Овада другі, Еляў трэйці,

Масмана — чацвёртым, Ярэмія — пятым,
 
Мішманна чацьверты, Ярэма пяты,

Этэй — шостым, Эліэль — сёмым,
 
Афай шосты, Елель сёмы,

Ёханан — восьмым, Эльзэбад — дзевятым,
 
Ёганан восьмы, Елзавад дзявяты,

Ярэмія — дзесятым, Махбанай — адзінаццатым.
 
Ярэма дзясяты, Махбанай адзінанцаты.

Гэтыя з сыноў Гада — кіраўнікі войска, найменшы сотню перамагаў, і найбольшы — тысячу.
 
Гэтыя із сыноў Ґадовых былі галавамі ў войску: адзін із найменшых быў над сотняю і найбольшы — над тысячаю.

Яны тыя, што перайшлі Ярдан у першым месяцы, калі ён звычайна заліваў свае берагі, і яны тыя, што змусілі ўцякаць усіх жыхароў нізін на ўсход і захад.
 
Гэта тыя, што перайшлі Ёрдан першага месяца, як ён выступае зь берагоў сваіх, і разагналі ўсіх, што жылі ў далінах на ўсход і захад.

Прыйшлі ж да крэпасці Давіда некаторыя з сыноў Бэньяміна і Юды.
 
І прышлі із сыноў Веняміновых а Юдзіных да ўмацаваньня да Давіда.

І Давід выйшаў да іх і сказаў: «Калі з мірам прыходзіце да мяне, каб дапамагчы мне, сэрца маё далучаецца да вас; а калі з подступам, каб выдаць перад маімі праціўнікамі, то, хоць рукі мае чыстыя ад беззаконня, хай бачыць Бог бацькоў нашых і судзіць».
 
Давід вышаў наўпярэймы ім і сказаў ім: «Калі зь мірам прышлі вы да мяне, памагчы імне, то хай будзе ў мяне з вамі адно сэрца; а калі дзеля таго, каб ізрадна аддаць мяне варагом маім, дарма што няма гану на руках маіх, то хай бача Бог айцоў нашых і рассудзе».

Тады дух авалодаў Амасаем, кіраўніком над трыццаццю, і ён сказаў: «Мы твае, Давідзе, і мы з табой, сыне Ясэя! Мір, мір табе, і мір памочнікам тваім; хай дапамагае табе Бог твой». Такім чынам, прыняў іх Давід і паставіў кіраўнікамі над дружынай.
 
І абняў Дух Амасая, галаву трыццацёх, і сказаў ён: «Супакой табе, Давідзе, і з табою, Есёнку! супакой табе і супакой памачніком тваім! бо памагае табе Бог твой». І прыняў іх Давід, і пастанавіў іх на чале вяткаў.

Потым з пакалення Манасы перабеглі да Давіда, калі ён ішоў з філістынцамі ваяваць з Саўлам; і не змагаўся [заадно] з імі, бо кіраўнікі філістынскія, па нарадзе, адаслалі яго, кажучы: «Небяспекаю на нашу галаву вернецца да гаспадара свайго Саўла».
 
І з плямені Манасавага перайшлі да Давіда, як ён ішоў ізь Пілішчанмі на вайну супроці Саўлы, але не памагаў ім, бо вайводцы Пілісцкія, парадзіўшыся, адаслалі яго, кажучы: «На нашу галаву ён пярэйдзе да спадара свайго Саўлы».

Калі ён вярнуўся ў Сікэлаг, перабеглі да яго з пакалення Манасы: Эдна, і Ёзабад, і Ядзігэль, і Міхаэль, і Ёзабад, і Элію, і Сэлетай, і кіраўнікі над тысячамі ў Манасы;
 
Як ён пайшоў да Цыклаґу, тады перайшлі да яго з Манасічаў: Аднаг а Ёзавад а Едзяель а Міхайла а Ёзавад а Елігу а Цылефай, — тысячнікі ў Манасічаў.

яны дапамаглі Давіду супраць разбойнікаў; бо яны ўсе былі наймужнейшымі ваярамі ды сталі кіраўнікамі войска.
 
І яны памагалі Давіду супроці вяткаў, бо ўсі гэта былі гоі і былі вайводцамі ў войску.

Але і кожны дзень прыбывалі да Давіда на дапамогу яму, аж пакуль войска яго не стала вялікім, як Божае войска.
 
Гэтак кажнага дня прыходзілі да Давіда на помач, ажно табар ягоны стаў вялікім, як табар Божы.

Гэта таксама лік кіраўнікоў войска, што далучыліся да Давіда, калі ён быў у Геброне, каб перанеслі ўладу Саўла на яго па слове Госпада:
 
І гэта лік галоваў, узброеных да войска, каторыя прышлі да Давіда да Гэўрону, каб перадаць яму каралеўства Саўлава, подле слова СПАДАРОВАГА:

сыны Юды, якія карысталіся шчытам і дзідай, — шэсць тысяч восемсот здольных ваяваць.
 
Сыноў Юдзіных, шчыт а дзіду носячых, шэсьць тысячаў а асьмісот, узброеных да вайны.

З сыноў Сімяона, наймужнейшых ваяроў, здольных ваяваць, — сем тысяч сто.
 
Із сыноў Сымонавых дужасілаў у войску было сем тысячаў а сту;

З сыноў Леві — чатыры тысячы шэсцьсот;
 
Із сыноў Левавых чатыры тысячы а шасьцьсот;

таксама Ёяда, кіраўнік з нашчадкаў Аарона, і з ім — тры тысячы семсот;
 
І Егояда, валадар Ааронавічаў, і зь ім тры тысячы а сямсот;

таксама Садок, юнак наймужнейшы, разам са сваім родам, — дваццаць два кіраўнікі.
 
І Садок, мужны дзяцюк, і дом айцоў ягоных дваццаць а двух вайводцаў.

З сыноў жа Бэньяміна, братоў Саўла, — тры тысячы, бо мноства іх аж да гэтага часу заставалася на службе ў Саўла.
 
Із сыноў Веняміновых, братоў Саўлавых, тры тысячы, — але дагэтуль бальшыня іх моцна сьцераглі дом Саўлаў;

Затым з сыноў Эфраіма — дваццаць тысяч восемсот найдужэйшых па сіле ваяроў, праслаўленых у сваіх родах.
 
Із сыноў Яхрэмавых дваццаць тысячаў а асьмісот людзёў мужных, людзёў славутых у родах сваіх;

З паловы пакалення Манасы — васемнаццаць тысяч; усе яны па імёнах сваіх былі вызначаны, каб ісці і паставіць Давіда царом.
 
З паў плямені Манасавага асьмінанцаць тысячаў, каторыя выгуканы былі наймя, каб пайсьці ўстанавіць Давіда за караля;

Таксама з сыноў Ісахара, людзей адукаваных, якія ведаюць адпаведны час, што належыць рабіць Ізраэлю, дзвесце кіраўнікоў разам са сваімі братамі ў іх распараджэнні.
 
Із сыноў Іссасхаровых, каторыя цямілі часы, каб ведаць, што мае рабіць Ізраель, — іх было дзьвесьце галоўных, і ўсі браты іхныя йшлі за словам іхным;

Затым з Забулона, якія выходзілі на бой і стаялі ў страі, спрактыкаваныя ва ўсякай баявой зброі, — пяцьдзесят тысяч прыбыло, каб сабрацца, са шчырым сэрцам.
 
Із Завулонавага выходзячых да войска, гатовых на вайну з усялякімі ваеннымі снадзямі, пяцьдзясят тысячаў, каторыя маглі дзяржаць лад, няхісьлявага сэрца;

І з пакалення Нэфталі — тысяча кіраўнікоў; і з імі трыццаць сем тысяч узброеных шчытом і дзідай.
 
Зь Неффалімовага тысяча вайводцаў; зь імі трыццаць сямёх тысячаў із шчытамі а дзідамі;

Таксама з пакалення Дана падрыхтаваных да бою — дваццаць восем тысяч шэсцьсот.
 
З Дановага гатовых да вайны дваццаць асьмёх тысячаў а шасьцьсот;

І з пакалення Асэра, гатовых да бою і тых, хто выступае ў страі, — сорак тысяч.
 
Ад Ашэра вояў да войска выходзячых, гатовых на вайну, сараку тысячаў;

З другога ж боку Ярдана: з сыноў Рубэна і Гада, і паловы пакалення Манасы, вывучаных карыстацца ўсякай баявой зброяй, — сто дваццаць тысяч.
 
Зза Ёрдану ад плямені Рувінавага а Ґадовага а паў плямені Манасавага — сто дваццацёх тысячаў, з усялякімі ваеннымі снадзямі да бітвы.

Усе гэтыя ваяры, падрыхтаваныя да бою, са шчырым сэрцам прыбылі ў Геброн, каб Давіда паставіць царом над усім Ізраэлем; але і ўсе іншыя з Ізраэля аднадушна хацелі, каб Давід быў царом.
 
Усі гэтыя ваюны, што маглі дзяржаць лад, прышлі із шчырым сэрцам да Гэўрону, устанавіць Давіда за караля над усім Ізраелям. І ўсі засталыя Ізраяляне былі аднаго сэрца, каб устанавіць Давіда за караля.

І прабывалі там з Давідам тры дні, елі і пілі, бо браты іх прыгатавалі ім ежу.
 
І былі ў Давіда там тры дні, елі а пілі, бо браты іхныя прыгатавалі ім;

А таксама тыя, хто каля іх быў, аж да Ісахара і Забулона, і Нэфталі — прывозілі ім хлеб на аслах, і на вярблюдах, і на мулах, і на валах: мучную ежу, фігі, разынкі, віно, аліўкавы алей, жывёлу і авечак, дзеля ўсякага дастатку, бо была радасць у Ізраэлі.
 
І таксама блізкія да іх, аж да Іссасхаровага, а Завулонавага а Наффалімовага, прывозілі хлеб на аслох а на вярблюдох а на мулах а на буйным статку, ежу, муку, саладжэнікі, фіґі а пучкі разынкаў а віно а аліву а валы а авечкі — множасьць, бо радасьць была ў Ізраелю.