1 летапісаў 14 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Таксама цар Тыра Гірам паслаў веснікаў да Давіда з кедравым дрэвам, і мулярамі, і сталярамі, каб пабудавалі яму дом.
 
І паслаў Гірам, кароль Тырскі, да Давіда паслоў, і кедравыя дзервы, і муляроў, і цесьляў, каб пастанавіць яму дом.

І Давід пераканаўся, што Госпад зацвердзіў яго царом Ізраэля і што высока паднялося яго царства дзеля народа яго Ізраэля.
 
І даведаўся Давід, што СПАДАР зацьвердзіў яго за караля над Ізраелям, што высака ўзьнята каралеўства ягонае, дзеля люду ягонага Ізраеля;

Таксама ў Ерузаліме Давід узяў сабе яшчэ жонак ды меў яшчэ сыноў і дачок;
 
І ўзяў Давід яшчэ жонкі ў Ерузаліме, і нарадзіў Давід яшчэ сыноў а дачкі.

і гэта імёны дзяцей, што меў у Ерузаліме: Самуа, і Сабаб, і Натан, і Саламон,
 
І во ймёны тых, што радзіліся ў яго ў Ерузаліме: Шамуа а Шоваў, Нафан а Салямон

Ебагар, і Элішуа, і Эліпалет,
 
А Іўгар а Елішуа а Елпелет

Нога, а таксама Напэг, і Яфія,
 
А Ноґаг а Нефеґ а Яфа

Элісама, і Бээліяда, і Эліпалет.
 
А Елішама а Вееляда а Еліфелет.

А філістынцы, чуючы, што Давід быў пасвячоны на цара над усім Ізраэлем, пайшлі ўсе, каб схапіць яго; калі даведаўся пра гэта Давід, ён пайшоў насустрач ім.
 
І пачулі Пілішчане, што Давід памазаны за караля над усім Ізраелям, і ўзышлі ўсі Пілішчане шукаць Давіда. І Давід пачуў, і вышаў супроці іх.

Затым філістынцы прыбылі і рассыпаліся па лагчыне Рэфаім.
 
І Пілішчане прышлі, і расьцягнуліся ў даліне Рэфаімаў.

І параіўся Давід з Богам, пытаючыся: «Калі пайду супраць філістынцаў, ці аддасі іх у мае рукі?» І сказаў яму Госпад: «Ідзі, і аддам Я іх у твае рукі».
 
І папытаўся Давід у Бога: «Ці ўзыйсьці імне супроці Пілішчан, і ці аддасі іх у рукі мае?» І сказаў яму СПАДАР: «Узыйдзі, і Я аддам іх у рукі твае».

І калі накіраваліся яны ў Баал-Парацым, і пабіў іх там Давід, дый казаў: «Разбіў Бог ворагаў маіх рукою маёй, як разбіваюцца воды». І таму тое месца названа было Баал-Парацымa.
 
І пайшлі яны да Ваал-Перацыму, і паразіў іх там Давід; і сказаў Давід: «Паразіў Бог варагоў маіх рукою маёю, як прорва вады». Затым і далі імя месца таго: Ваал-Перацым.

І пакінулі там філістынцы багоў сваіх, якіх Давід загадаў спаліць.
 
І пакінулі там Пілішчане багі свае, і расказаў Давід, і спалены яны цяплом.

У наступны раз філістынцы таксама нахлынулі і рассыпаліся па лагчыне;
 
І зьберліся йзноў Пілішчане, і расьцягнуліся па даліне.

і зноў Давід раіўся з Богам ды Бог сказаў яму: «Не наступай на іх; абкружы іх з боку дрэў тутавых; і тады нападзеш на іх.
 
І яшчэ папытаў Давід у Бога, і сказаў яму Бог: «Не хадзі за імі, адхініся ад іх і йдзі да іх з боку тутавых дзерваў;

І калі пачуеш стукат крокаў у верхавінах дрэў тутавых, тады выступай у бой: бо рушыць Бог перад табой, каб разбіць войска філістынцаў».
 
І як пачуеш шастаньне бы сігоў на вярхох тутавых дзерваў, тады выйдзі да бітвы; бо вышаў Бог перад табою, каб паразіць табар Пілісцкі».

Давід паступіў так, як Бог яму загадаў, і паразіў войска філістынцаў ад Габаона аж да Газэра.
 
І зрабіў Давід, як расказаў яму Бог; і паразілі табар Пілісцкі, ад Ґівеона аж да Ґезэру.

І слава Давіда разышлася па ўсіх краінах, і Госпад нагнаў страх на ўсе народы.
 
І слава Давідава разышлася па ўсіх землях, і СПАДАР даў страх яго на ўсі народы.