1 летапісаў 5 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Таксама сыны Рубэна, першароднага Ізраэля: бо ён быў яго першародным, але таму, што спаганіў ложак свайго бацькі, першародства яго было дадзена сынам Язэпа, сына Ізраэля, каб не лічыўся ён першародным,
 
А сыны Рувінавы, першака Ізраелявага, — бо ён пяршак: але, як ён збудзеніў пасьцелю айца свайго, пяршацтва яго аддадзена сыном Язэпавым, сына Ізряелявага, але каб ня лічыліся першароднымі;

бо і Юда быў наймужнейшым між сваіх братоў ды з нашчадкаў яго нарадзіліся кіраўнікі, а першародства перанесена было на Язэпа.
 
Бо Юда быў найдужшы з братоў сваіх, і князь ізь яго, але пяршацтва Язэпу.

Такім чынам, сыны Рубэна, першароднага Ізраэля: Гэнох і Паллю, Хэцрон і Хармі.
 
Сыны Рувінавы, першака Ізраелявага: Ганох а Паллу, Гэцрон а Хармі.

Сыны Ёэля: сын яго Сямэя, сын яго Гог ды сын яго Сямэй,
 
Сынове Ёелявы: Шэмая, сын ягоны; Ґоґ, сын ягоны; Шымей, сын ягоны;

сын яго Міха, сын яго Раая, сын яго Баал,
 
Міха, сын ягоны; Рэая, сын ягоны; Ваал, сын ягоны;

сын яго Бээра, якога павёў у няволю Тыглатпаласар, цар асірыйцаў, і ён быў князем пакалення Рубэна.
 
Беера, сын ягоны, каторага завёў у палон Філґаф-Пілнесэр, кароль Асырскі. Ён князь Рувінічаў.

А братамі яго па яго родах, калі падлічвалі іх у радаводах іх, — былі: галава Егіэль, далей — Захарыя;
 
І браты ягоныя па радзімах іхных, як лічылі радавод іхных пакаленьняў, былі: галоўны Егэль, адлі Захара.

потым Бэла, сын Азаза, сына Самы, сына Ёэля, які пражываў у Араэры аж да Нэба і Баал-Мэона.
 
А Бела, сын Азава, сына Шэмы Ёелёнка. Ён жыў ув Ароеру аж да Нева а Ваалмеону;

Таксама на ўсход пражываў ён аж да ўваходу ў пустыню, якая далей ідзе ад ракі Эўфрат, бо павялічыўся шмат лік іх статкаў у зямлі Галаад.
 
А на ўсход ён жыў аж да ўходу ў пустыню, ад ракі Еўфрату, бо стады іхныя былі чысьленыя ў зямлі Ґілеадзкай.

А ў дні Саўла ваявалі яны супраць агарэяў і забілі іх; і абжыліся тады на іх месцы і ў іх палатках па ўсім усходнім баку Галаада.
 
За дзён Саўлы яны ваявалі з Гаґаранамі, каторыя палі ў рукі іхныя; а яны пачалі жыць у буданох іхных, па ўсім усходзе Ґілеаду.

А сыны Гада з іх мясцовасці абжыліся ў зямлі Басан аж па Сальху:
 
Сынове Ґадовы жылі насупроці іх ў зямлі Вашанскай аж да Салехі:

Ёэль першы, і другі Сафам, далей Янай і Сафат у Басане;
 
Ёель галоўны а Шафам наступны а Янай а Шафат — у Вашане.

браты іх паводле іх родаў: Міхаэль, і Масала, і Сэба, і Ёры, і Якан, і Зіэ, і Гебэр — сямёра.
 
І браты іхныя з дому айцоў іхных: Міхайла а Мешулам а Шэва а Ёрай а Якан а Зя а Евер, сямёх.

А гэтыя былі сынамі Абігайля, сына Гура, сына Яроэ, сына Галаада, сына Міхаэля, сына Ясэсі, сына Ядо, сына Буза.
 
Гэта сынове Авігаіла, сына Гура, сына Яроага, сына Ґілеада, сына Міхайлы, сына Ешышая, сына Ягдо Вузянка.

Ахі, сын Абдзіэля, сына Гуні, кіраўнік іх родаў.
 
Агі, сын Аўдзеля Ґунянка, галоўны дому айцоў іхных.

І жылі яны ў Галаадзе, і ў Басане, і ў ваколіцах яго, і ва ўсіх ваколіцах Сарона, аж да межаў.
 
І яны жылі ў Ґілеадзе, у Вашане а ў местачках яго а па ўсіх перадмесьцях Шарона аж да выхадаў іхных.

Усе яны былі падлічаны ў дні Ёатама, цара Юды, ды ў дні Ерабаама, цара Ізраэля.
 
Усі яны пералічаны за дзён Ёфама, караля Юдэйскага, і за дзён Еровоама, караля Ізраельскага.

У сыноў Рубэна і Гада і паловы пакалення Манасы было людзей баявых, якія насілі шчыт і меч, і стралялі з лука, і былі навучаныя для бою, сорак чатыры тысячы семсот шэсцьдзесят, якія выходзяць на бітву;
 
Сыноў Рувінавых а Ґадовых а палавіцы плямені Манасавага, сыноў харобрых, мужоў, шчыт а меч носячых, лукам страляючых, навытыраных да вайны, сорак чатыры тысячы сямсот шасьцьдзясят, што йшлі да войска.

ваявалі яны супраць агарэяў, і етурэяў, і нафісэяў ды надабэяў.
 
І ваявалі яны з Гаґаранамі, зь Етуром а Нафішом а Нодавам.

І мелі яны помач, і папаліся ў іх рукі агарэі ды ўсе, што былі з імі, бо прызвалі Бога ў баі і Ён выслухаў іх, бо верылі яны ў Яго.
 
І дана была памога ім на іх, і Гаґаране былі даны ў рукі іхныя і ўсе, што ў іх, бо яны ў часе бітвы гукалі да Бога, і Ён даў ім упрасіць Сябе, бо спадзяваліся на Яго.

І забралі яны ўсё, што тыя мелі, вярблюдаў пяцьдзесят тысяч, і авечак — дзвесце пяцьдзесят тысяч, дзве тысячы аслоў дый сто тысяч людзей;
 
І ўзялі яны ў палон статкі іхныя: вярблюдоў пяцьдзясят тысячаў, авец дзьвесьце пяцьдзясят тысячаў, аслоў дзьве тысячы і сто тысячаў душаў людзёў;

дарэчы, многа параненых пала, бо гэта была вайна Госпада. І на іх месцы яны абжыліся і жылі аж да перасялення.
 
Бо шмат палі забітымі, бо ад Бога была вайна гэтая. І жылі яны на месцу іхным да перасяленьня.

Таксама сыны паловы пакалення Манасы абжыліся ў гэтай зямлі, ад Басана аж да Баал-Гэрмона, і Сэніра, і гары Гэрмон; бо шматлікія яны былі.
 
І сынове паў плямені Манасавага жылі ў гэтай зямлі, ад Вашану аж да Ваал-Гэрмону а Сэніру і аж да гары Гэрмону; і яны мнажыліся.

І гэта былі кіраўнікі іх родаў: Эфэр, і Есі, і Эліэль, і Азрыэль, і Ярэмія, і Адовія, і Ядыэль: мужчыны баявыя, наймужнейшыя і слаўныя, кіраўнікі ў родах сваіх.
 
І гэта галавы дому айцоў іхных: Ефер а Ішы а Елель а Азрэль а Ярэма а Годава а Ягдзель, мужы магутныя, харобрыя, славутыя, галавы дому айцоў сваіх.

А адвярнуліся яны ад Бога бацькоў сваіх, і распуснічалі з багамі народаў зямлі, якіх Бог выгнаў перад імі.
 
Але як яны ізрадзілі Бога айцоў сваіх і бязулілі за багамі людаў зямлі, каторых Бог выгубіў перад імі,

І тады Бог Ізраэля ўзбудзіў дух Пула, цара асірыйцаў, і дух Тыглатпаласара, цара Асура; і павёў у няволю Рубэнітаў, Гадытаў і палову пакалення Манасы і завёў іх у Гале, і ў Габор, і ў Ара на раку Газан, дзе прабываюць аж па сённяшні дзень.
 
Тады Бог Ізраеляў узбудзіў дух Пула, караля Асырскага, і дух Філгаф-Пільнесэра, караля Асырскага, і ён высяліў іх, Рувінічаў а Ґадзічаў а палавіцу плямені Манасавага, і прывёў іх да Галагу а Гавору а Гару, і на раку Ґазон, дагэтуль.