1 летапісаў 5 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Таксама сыны Рубэна, першароднага Ізраэля: бо ён быў яго першародным, але таму, што спаганіў ложак свайго бацькі, першародства яго было дадзена сынам Язэпа, сына Ізраэля, каб не лічыўся ён першародным,
Сыны Рубэна, першароднага Ізраіля, бо ён — першародны, але як ён зганьбіў ложак бацькі свайго, першародзтва ягонае аддадзена сынам Язэпа, сына Ізраіля, хоць яны ня лічацца першароднымі.
бо і Юда быў наймужнейшым між сваіх братоў ды з нашчадкаў яго нарадзіліся кіраўнікі, а першародства перанесена было на Язэпа.
Бо Юда быў найбольшы з братоў сваіх, і ўладар з яго, але першародзтва [належыць] Язэпу.
Такім чынам, сыны Рубэна, першароднага Ізраэля: Гэнох і Паллю, Хэцрон і Хармі.
Сыны Рубэна, першароднага Ізраіля: Ханох, Пальлю, Хецрон і Хармі.
Сыны Ёэля: сын яго Сямэя, сын яго Гог ды сын яго Сямэй,
Сыны Ёэля: Шэмая, сын ягоны; сын ягоны — Гог, сын ягоны — Шымэй;
сын яго Міха, сын яго Раая, сын яго Баал,
сын ягоны — Міха; сын ягоны — Рэая; сын ягоны — Баал;
сын яго Бээра, якога павёў у няволю Тыглатпаласар, цар асірыйцаў, і ён быў князем пакалення Рубэна.
сын ягоны — Бээра, якога завёў у палон Тыглат-Пільнэсэр, валадар Асірыі. Ён — князь [сыноў] Рубэна.
А братамі яго па яго родах, калі падлічвалі іх у радаводах іх, — былі: галава Егіэль, далей — Захарыя;
I браты ягоныя паводле сем’яў іхніх, калі лічылі радаводы іхнія: галоўны Еэль, і Захарыя,
потым Бэла, сын Азаза, сына Самы, сына Ёэля, які пражываў у Араэры аж да Нэба і Баал-Мэона.
і Бэла, сын Азаза, сына Шэмы, сына Еэля. Ён жыў у Араэры аж да Нэво і Баал-Мэону.
Таксама на ўсход пражываў ён аж да ўваходу ў пустыню, якая далей ідзе ад ракі Эўфрат, бо павялічыўся шмат лік іх статкаў у зямлі Галаад.
А на ўсход ён жыў аж да ўваходу ў пустыню, ад ракі Эўфрат, бо чароды іхнія былі шматлікія ў зямлі Гілеад.
А ў дні Саўла ваявалі яны супраць агарэяў і забілі іх; і абжыліся тады на іх месцы і ў іх палатках па ўсім усходнім баку Галаада.
У дні Саўла яны ваявалі з Агаранамі, якія трапілі ў рукі іхнія; і яны жылі ў намётах іхніх па ўсім усходзе Гілеаду.
А сыны Гада з іх мясцовасці абжыліся ў зямлі Басан аж па Сальху:
Сыны Гада жылі насупраць іх у зямлі Башан аж да Сальхі.
Ёэль першы, і другі Сафам, далей Янай і Сафат у Басане;
Ёэль [быў] галоўны, а Шафам — другі, і Янай, і Шафат [жылі] ў Башане.
браты іх паводле іх родаў: Міхаэль, і Масала, і Сэба, і Ёры, і Якан, і Зіэ, і Гебэр — сямёра.
I браты іхнія з дому бацькоў іхніх: Міхаэль, Мэшулям, Шэва, Ёрай, Якан, Зія, Эвэр — сямёра.
А гэтыя былі сынамі Абігайля, сына Гура, сына Яроэ, сына Галаада, сына Міхаэля, сына Ясэсі, сына Ядо, сына Буза.
Гэта сыны Абхаіла, сына Хура, сына Ярааха, сына Гілеада, сына Міхаэля, сына Ешышая, сына Яхдо, сына Буза.
Ахі, сын Абдзіэля, сына Гуні, кіраўнік іх родаў.
Ахі, сын Абдыэля, сына Гуні — галоўны ў доме бацькоў іхніх.
І жылі яны ў Галаадзе, і ў Басане, і ў ваколіцах яго, і ва ўсіх ваколіцах Сарона, аж да межаў.
I яны жылі ў Гілеадзе, у Башане і ў мястэчках ягоных, і па ўсіх пашах Шарону аж да межаў іхніх.
Усе яны былі падлічаны ў дні Ёатама, цара Юды, ды ў дні Ерабаама, цара Ізраэля.
Усе яны перапісаныя ў дні Ётама, валадара Юды, і ў дні Ерабаама, валадара Ізраіля.
У сыноў Рубэна і Гада і паловы пакалення Манасы было людзей баявых, якія насілі шчыт і меч, і стралялі з лука, і былі навучаныя для бою, сорак чатыры тысячы семсот шэсцьдзесят, якія выходзяць на бітву;
Сыноў Рубэна і Гада, і паловы калена Манасы, сыноў мужных, мужоў, якія носяць шчыт і меч і страляюць з луку, і спрактыкаваных у бітвах, [было] сорак чатыры тысячы сямсот шэсьцьдзясят тых, што выходзілі як войска.
ваявалі яны супраць агарэяў, і етурэяў, і нафісэяў ды надабэяў.
I вялі вайну з Агаранамі Етур, Нафіш і Надаў.
І мелі яны помач, і папаліся ў іх рукі агарэі ды ўсе, што былі з імі, бо прызвалі Бога ў баі і Ён выслухаў іх, бо верылі яны ў Яго.
I атрымалі яны дапамогу супраць іх, былі аддадзеныя ў рукі іхнія Агаране і ўсё, што [было] ў іх, бо яны ў часе бітвы клікалі да Бога, і Ён даў ім упрасіць Сябе, бо яны спадзяваліся на Яго.
І забралі яны ўсё, што тыя мелі, вярблюдаў пяцьдзесят тысяч, і авечак — дзвесце пяцьдзесят тысяч, дзве тысячы аслоў дый сто тысяч людзей;
I ўзялі яны статкі іхнія, вярблюдаў пяцьдзясят тысячаў, авечак дзьвесьце пяцьдзясят тысячаў, аслоў дзьве тысячы і душаў людзкіх сто тысячаў.
дарэчы, многа параненых пала, бо гэта была вайна Госпада. І на іх месцы яны абжыліся і жылі аж да перасялення.
Бо шмат пападала забітых, бо ад Бога была вайна гэтая. I жылі яны на месцы іхнім да няволі.
Таксама сыны паловы пакалення Манасы абжыліся ў гэтай зямлі, ад Басана аж да Баал-Гэрмона, і Сэніра, і гары Гэрмон; бо шматлікія яны былі.
I сыны паловы калена Манасы жылі ў зямлі [гэтай], ад Башану аж да Баал-Гермону і Сэніру і аж да гары Гермон; і яны множыліся.
І гэта былі кіраўнікі іх родаў: Эфэр, і Есі, і Эліэль, і Азрыэль, і Ярэмія, і Адовія, і Ядыэль: мужчыны баявыя, наймужнейшыя і слаўныя, кіраўнікі ў родах сваіх.
I гэта галовы дамоў бацькоў іхніх: Этэр, Ішы, Эліэль, Азрыэль, Ірмэя, Гадавія і Яхдыэль, ваяры мужныя, мужы слаўныя, галовы дамоў бацькоў сваіх.
А адвярнуліся яны ад Бога бацькоў сваіх, і распуснічалі з багамі народаў зямлі, якіх Бог выгнаў перад імі.
І былі яны няверныя Богу бацькоў сваіх, і чужаложылі з багамі народаў зямлі гэтай, якіх Бог вынішчыў перад абліччам іхнім.
І тады Бог Ізраэля ўзбудзіў дух Пула, цара асірыйцаў, і дух Тыглатпаласара, цара Асура; і павёў у няволю Рубэнітаў, Гадытаў і палову пакалення Манасы і завёў іх у Гале, і ў Габор, і ў Ара на раку Газан, дзе прабываюць аж па сённяшні дзень.
І ўзбудзіў Бог Ізраіля дух Пула, валадара Асірыі, і дух Тыглат-Пільнэсэра, валадара Асірыі, і ён высяліў іх, [сыноў] Рубэна і Гада, і палову калена Манасы, і завёў іх у Халах і Хавор, і Гару, і да ракі Газон аж да сёньняшняга дня.