1 летапісаў 22 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сказаў Давід: «Вось дом Госпада Бога, і вось ахвярнік цэласпалення для Ізраэля».
 
І сказаў Давід: «Тут [будзе] Дом ГОСПАДА Бога, і тут [будзе] ахвярнік цэласпаленьня для Ізраіля».

І загадаў Давід сабраць усіх чужаземцаў з зямлі Ізраэля і паставіў іх каменябойцамі, выломліваць і часаць камяні для пабудавання дома Божага.
 
І сказаў Давід, каб сабралі прыхадняў, якія былі ў зямлі Ізраіля, і паставіў каменяроў рабіць чэсаныя камяні на будоўлю Дому Божага.

Давід прыгатаваў таксама вельмі многа жалеза на цвікі на дзверы ў брамах, і на стыкі са скрэпамі — вялікі запас медзі.
 
І мноства жалеза на цьвікі для брамных варотаў і на клямкі падрыхтаваў Давід, і мноства медзі, [што] не было вагі,

Таксама дрэва кедравага безлік навезлі сідонцы і тырцы Давіду.
 
і дрэва кедровага бяз ліку, бо Сідонцы і Тырыяне прывезьлі для Давіда шмат дрэва кедровага.

І сказаў Давід: «Сын мой Саламон яшчэ хлопец малады і кволы; дом жа, які мае быць пабудаваны Госпаду, павінен быць такі, каб ва ўсіх краях быў вядомы і праслаўлены. Дык я прыгатую яму ўсё неабходнае». І з гэтае прычыны перад сваёй смерцю Давід прыгатаваў многа ўсяго.
 
І сказаў Давід: «Салямон, сын мой, — малады і кволы, а Дом, які будзе пабудаваны для ГОСПАДА, мае быць вялікі і ўзьнесены, для славы і велічы на ўсёй зямлі. Я падрыхтую гэта для яго». І падрыхтаваў Давід мноства [ўсяго] перад сьмерцю сваёй.

І паклікаў сына свайго Саламона, і загадаў яму пабудаваць дом Госпаду, Богу Ізраэля;
 
І паклікаў Салямона, сына свайго, і загадаў яму пабудаваць Дом ГОСПАДУ, Богу Ізраіля.

і Давід сказаў Саламону: «Сыне мой, я хацеў сам пабудаваць дом імю Госпада, Бога майго,
 
І сказаў Давід Салямону: «Сыне мой, я меў у сэрцы маім пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА, Бога майго.

але прамовіў да мяне Госпад, кажучы: “Многа крыві праліў ты ды вялікія войны вёў. Не можаш пабудаваць дом імю Майму, праліўшы столькі крыві перад абліччам Маім.
 
І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы: “Ты разьліў шмат крыві і вёў войны вялікія. Ты не пабудуеш Дом для імя Майго, бо ты разьліў шмат крыві на зямлі перада абліччам Маім.

Сын, які народзіцца ў цябе, будзе вельмі спакойным чалавекам; дам бо яму супакой ад усіх яго ворагаў навокал, і таму Саламонам будзе названы, і дам Ізраэлю ва ўсе дні яго мір і супакой.
 
Вось, сын народзіцца ў цябе, ён будзе чалавек супакою, і Я дам яму супакой ад усіх ворагаў ягоных навокал, бо імя ягонае будзе Салямон. Мір і цішыню Я дам Ізраілю ў дні ягоныя.

Ён пабудуе дом імю Майму, ды ён будзе Мне сынам, і Я буду яму бацькам; і ўмацую прастол валадарства яго над Ізраэлем навек”.
 
Ён пабудуе Дом для імя Майго, і ён будзе Мне сынам, а Я яму — Бацькам, і Я ўмацую пасад валадарства ягонага над Ізраілем на вякі”.

Дык цяпер, сыне мой, хай Госпад будзе з табой, і будзь ты шчаслівы, і пабудуй дом Госпаду, Богу твайму, як Ён прадказаў пра цябе.
 
Цяпер, сыне мой, няхай будзе ГОСПАД з табою, і будзеш мець посьпех, і пабудуеш Дом ГОСПАДУ, Богу твайму, як Ён прамовіў пра цябе.

Хай дасць табе Госпад столькі разважнасці і розуму, каб мог ты валадарыць над Ізраэлем ды пільнаваць закон Госпада, Бога твайго;
 
Толькі няхай дасьць табе ГОСПАД розум і разуменьне, і няхай паставіць цябе над Ізраілем, а ты захоўвай Закон ГОСПАДА, Бога твайго.

бо тады зможаш ты дасягнуць поспеху, калі будзеш пільнаваць прыказанні і законы, якія даў Госпад Майсею для Ізраэля. Будзь мужным і дзейнічай адважна! Не бойся ды не перажывай.
 
Тады ты будзеш мець посьпех, калі будзеш захоўваць і выконваць пастановы і прысуды, якія загадаў ГОСПАД праз Майсея для Ізраіля. Будзь цьвёрды і мужны, ня бойся і не палохайся.

Вось, я намаганнямі сваімі прыгатаваў усё патрэбнае для дома Госпада: сто тысяч талентаў золата і мільён талентаў срэбра, а медзі і жалеза — без вагі, бо колькасць іх пераўзыходзіць вялікае мноства. Прыгатаваў дрэва і камяні; а ты зможаш да гэтага яшчэ дадаць.
 
І вось, я ў нястачы сваёй падрыхтаваў для Дому ГОСПАДА золата сто тысячаў талентаў і срэбра тысяча тысячаў талентаў, а медзі і жалезу няма вагі, бо іх мноства. І дрэва, і камяні я падрыхтаваў, а ты яшчэ дадай да гэтага.

Маеш таксама многа работнікаў: каменябойцаў, і муляраў, і цесляроў ды ўсякіх рамеснікаў, майстроў ва ўсякай рабоце,
 
У цябе мноства работнікаў для працы; каменяроў і разьбяроў, і цесьляроў, і ўсіх, здольных да ўсякай работы.

самых вопытных па рабоце з золатам, і са срэбрам, і з меддзю, і з жалезам, якіх безліч. Дык устань і дзейнічай, і Госпад будзе з табой!»
 
Золата, срэбра, медзі і жалезу няма лічбы. Устань і рабі; і ГОСПАД будзе з табою».

Давід загадаў таксама ўсім князям Ізраэля, каб дапамаглі Саламону, сыну яго:
 
І загадаў Давід усім князям Ізраіля, каб дапамагалі Салямону, сыну ягонаму:

«Ці ж не бачыце, што Госпад, Бог ваш, з вамі, і дасць вам супакой навокал, ды аддасць жыхароў зямлі ў рукі вашы, ды будзе падпарадкоўвацца зямля Госпаду і народу Яго.
 
«Ці ГОСПАД, Бог ваш, ня з вамі? І Ён даў супакой навокал, бо Ён аддаў у рукі мае жыхароў зямлі гэтай, і здабытая зямля гэтая перад абліччам ГОСПАДА і перад абліччам народу Ягонага.

Дык аддайце сэрцы вашы і душы вашы служыць Госпаду, Богу вашаму; станьце ды пабудуйце святыню Госпаду Богу, каб перанесці каўчэг прымірэння Госпада і посуд, прысвечаны Богу, у дом, які будзе пабудаваны імю Госпада».
 
Цяпер скіруйце сэрцы вашыя і душы вашыя, каб шукаць ГОСПАДА, Бога вашага. Устаньце і пабудуйце сьвятыню ГОСПАДУ Богу, каб прынесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА і сьвятое начыньне Божае ў Дом, які пабудаваны для імя ГОСПАДА».