1 летапісаў 20 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Здарылася ж праз год, у той час, калі цары звычайна выходзяць на вайну, што і Ёаб павёў сілу вайсковую і спустошыў зямлю аманіцян; і далей пайшоў, і асадзіў Рабу. Давід у той час заставаўся ў Ерузаліме, калі Ёаб узяў Рабу і зруйнаваў яе.
 
І сталася праз год, у часе выхаду валадароў [на вайну], вывеў Ёаў войска вялікае, і спустошыў зямлю сыноў Амона, і прыйшоў, і аблёг Раббу. А Давід застаўся ў Ерусаліме. І здабыў Ёаў Раббу, і зруйнаваў яе.

А Давід узяў дыядэму Мількома з галавы яго, і знайшоў у ёй талент золата па вазе і найкаштоўнейшы камень, і ўсклалі яе на галаву Давіда; таксама вывез ён з горада вельмі вялікую здабычу.
 
І ўзяў Давід карону валадара іхняга з галавы ягонай; і знайшоў, што яна важыла талент золата, і быў на ёй камень каштоўны; і была яна на галаве ў Давіда. І здабычы вельмі шмат ён вынес з гораду.

Народ жа, які знаходзіўся ў ім, вывеў і прыгаварыў да работы ў каменяломнях, і з жалезнымі кіркамі, ды з сякерамі. Так распарадзіўся Давід адносна ўсіх гарадоў сыноў Амона і з усім народам сваім вярнуўся ў Ерузалім.
 
А народ, які быў у ім, вывеў і палажыў іх пад пілы, і цапы жалезныя, і сякеры. Гэтак зрабіў Давід з усімі гарадамі сыноў Амона. І вярнуўся Давід і ўвесь народ у Ерусалім.

Потым пачалася вайна з філістынцамі ў Газэры, у якой Сабахай Гусаціт забіў Сапу з роду Рэфы ды ўпакорыў іх.
 
І сталася пасьля гэтага, пачалася вайна з Філістынцамі ў Гэзэры. Тады Сібэхай Хушанін забіў Сіпая, аднаго з нашчадкаў Рэфаімаў, і яны былі пабітыя.

Таксама пачалася другая вайна з філістынцамі, у якой Эльханан, сын Яіра, забіў Лахмі, брата Галіята Гетыта, цаўё дзіды якога было, як навой ткацкі.
 
І яшчэ была вайна з Філістынцамі. І Эльханан, сын Яіра, забіў Ляхмі, брата Галіята, Хітыта, у якога тронак дзіды быў як навой ткацкі.

Але ўзнікла яшчэ іншая вайна ў Геце, у якой удзельнічаў чалавек вельмі вялікага росту, які меў па шэсць пальцаў, гэта значыць, разам дваццаць чатыры; які таксама быў з Рэфы;
 
І была яшчэ вайна ў Гаце, і быў адзін чалавек высокага росту, у якога было па шэсьць пальцаў, усяго дваццаць чатыры, і ён таксама паходзіў з Рэфаімаў.

ён ганіў Ізраэль, і забіў яго Ёнатан, сын Самы, брата Давіда.
 
І ён блюзьніў на Ізраіля; і забіў яго Ёнатан, сын Шымы, брата Давіда.

Вось гэта сыны Рэфы з Гета, што згінулі ад рукі Давіда і паслугачоў яго.
 
Гэта былі народжаныя з Рэфаімаў у Гаце, і яны загінулі ад рукі Давіда і ад рукі слугаў ягоных.