1 летапісаў 10 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Філістынцы ж ваявалі супраць Ізраэля, і ваяры Ізраэля ўцякалі ад філістынцаў і падалі, параненыя, на гары Гэльбоэ;
І Філістынцы ваявалі з Ізраілем, і ўцяклі Ізраільцяне ад Філістынцаў, і падалі забітыя на гары Гільбоа.
і калі пагналіся філістынцы за Саўлам і сынамі яго, яны забілі Ёнатана, і Абінадаба, і Мэльхісуа, сыноў Саўла.
І атакавалі Філістынцы Саўла і сыноў ягоных, і забілі Філістынцы Ёнатана, Абінадава і Малькішуа, сыноў Саўла.
І разгарэўся бой супраць Саўла, і адшукалі яго лучнікі, і паранілі яго стрэламі;
І была цяжкая бітва з Саўлам, і знайшлі яго лучнікі, і ён быў паранены лучнікамі.
і прасіў Саўл свайго збраяносца: «Выцягні меч свой і забі мяне, бо часам падбягуць гэтыя неабрэзаныя і будуць здзекавацца з мяне». А збраяносец не хацеў гэта рабіць, напалоханы. Дык схапіў Саўл меч і кінуўся на яго;
І сказаў Саўл збраяносцу свайму: «Выцягні меч твой і забі мяне ім, каб не прыйшлі гэтыя неабрэзаныя і ня зьдзекваліся з мяне». Але збраяносец не адважыўся, бо вельмі спалохаўся. І ўзяў Саўл меч, і ўпаў на яго.
калі яго збраяносец убачыў, што Саўл памёр, сам ён таксама кінуўся на меч свой і памёр.
І ўбачыў збраяносец, што Саўл памёр, і сам упаў на меч, і памёр.
Дык згінуў Саўл і тры яго сыны; увесь дом яго прапаў адначасова.
І памёр Саўл, і тры сыны ягоныя разам з ім памерлі.
Калі ўбачылі ўсе ізраэльцы, якія жылі ў лагчыне, што яны ўцякаюць і што Саўл і яго сыны загінулі, дык яны пакінулі свае гарады і разбегліся хто куды; затым прыбылі філістынцы і пасяліліся ў іх гарадах.
І ўбачылі ўсе людзі Ізраіля, якія былі ў даліне, што [ўсе] ўцякаюць, і што забітыя Саўл і сыны ягоныя, і пакінулі яны гарады свае, і разьбегліся. І прыйшлі Філістынцы, і пасяліліся ў іх.
Такім чынам, назаўтра прыйшлі філістынцы, каб зняць адзенне з забітых, і знайшлі Саўла і сыноў яго, якія ляжалі на гары Гэльбоэ.
І сталася назаўтра, што прыйшлі Філістынцы рабаваць забітых, і знайшлі Саўла і сыноў ягоных, забітых на гары Гільбоа.
І калі яны знялі адзенне з яго, і адсеклі галаву, і забралі зброю яго, яны разаслалі па сваёй зямлі кругом абвясціць гэта ў храмах ідалаў і народам.
І абрабавалі яго, і ўзялі галаву ягоную і зброю ягоную, і насілі па зямлі Філістынскай навокал, каб паведаміць ідалам сваім і народу.
А зброю яго палажылі ў храме Астарот, а галаву яго прыбілі ў храме Дагона.
І палажылі зброю ягоную ў доме багоў сваіх, і чэрап ягоны зьмясьцілі ў доме Дагона.
Калі пачулі гэта жыхары Явіса ў Галаадзе, гэта значыць усё, што зрабілі філістынцы з Саўлам,
І пачуў увесь Ябэш у Гілеадзе ўсё, што зрабілі Філістынцы Саўлу,
паўсталі ўсе мужныя людзі і забралі целы Саўла і сыноў яго і прынеслі ў Явіс і пахавалі косці іх пад дубам, што ў Явісе, ды пасцілі сем дзён.
і ўсталі ўсе людзі мужныя, і забралі цела Саўла і целы сыноў ягоных, і прынесьлі іх у Ябэш, і пахавалі косткі іхнія пад дубам у Ябэшы, і посьцілі сем дзён.
Такім чынам, памёр Саўл дзеля несправядлівасці сваёй, таму што не споўніў загаду Госпада, што прыказаў яму, ды не пільнаваў яго, а нават раіўся з варажбіткай,
І памёр Саўл за правіну сваю, якою правініўся супраць ГОСПАДА, супраць слова ГОСПАДА, якога ён не пільнаваў, і таксама за тое, што пытаўся ў чараўніцы, каб шукаць рады,
а не раіўся з Госпадам. Таму Ён і забіў яго, і царства яго перадаў Давіду, сыну Ясэя.
а не шукаў рады ў ГОСПАДА. І Ён усьмерціў яго, і перадаў валадарства Давіду, сыну Есэя.