1 летапісаў 10 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Пілішчане ваявалі з Ізраелям, і ўцякалі Ізраяляне ад Пілішчан, і падалі паражаныя на гары Ґілвоа.
І Філістынцы ваявалі з Ізраілем, і ўцяклі Ізраільцяне ад Філістынцаў, і падалі забітыя на гары Гільбоа.
І блізка напіралі Пілішчане на Саўлу а сыноў ягоных, і забілі Пілішчане Ёнафана а Авінадава а Малхішуу, сыноў Саўлавых.
І атакавалі Філістынцы Саўла і сыноў ягоных, і забілі Філістынцы Ёнатана, Абінадава і Малькішуа, сыноў Саўла.
Бітва із Саўлам ішла стродкая, і лучылі на яго стралцы лукам, і ён быў паранены лучнікамі.
І была цяжкая бітва з Саўлам, і знайшлі яго лучнікі, і ён быў паранены лучнікамі.
І сказаў Саўла збрайношу свайму: «Агалі меч свой і закалі мяне ім, каб ня прышлі гэныя неабрэзаныя і ня зьдзекаваліся зь мяне». Але збрайноша ня важыўся, бо вельма спалохаўся. Тады Саўла ўзяў меч і паў на яго.
І сказаў Саўл збраяносцу свайму: «Выцягні меч твой і забі мяне ім, каб не прыйшлі гэтыя неабрэзаныя і ня зьдзекваліся з мяне». Але збраяносец не адважыўся, бо вельмі спалохаўся. І ўзяў Саўл меч, і ўпаў на яго.
Збрайноша ягоны, абачыўшы, што Саўла памер, і сам паў на меч, і памер.
І ўбачыў збраяносец, што Саўл памёр, і сам упаў на меч, і памёр.
І памер Саўла, і тры сыны ягоныя, і ўвесь дом ягоны разам ізь ім памерлі.
І памёр Саўл, і тры сыны ягоныя разам з ім памерлі.
І абачыў кажны Ізраелянін, каторы быў у даліне, што ўсі ўцякаюць, і што памерлі Саўла а сыны ягоныя, дык пакінулі месты свае й разьбегліся; а Пілішчане прышлі й асяліліся ў іх.
І ўбачылі ўсе людзі Ізраіля, якія былі ў даліне, што [ўсе] ўцякаюць, і што забітыя Саўл і сыны ягоныя, і пакінулі яны гарады свае, і разьбегліся. І прыйшлі Філістынцы, і пасяліліся ў іх.
І было назаўтрае: і прышлі Пілішчане абдзіраць забітых, і знайшлі Саўлу а сыноў ягоных, палых на гары Ґілвоаскай.
І сталася назаўтра, што прыйшлі Філістынцы рабаваць забітых, і знайшлі Саўла і сыноў ягоных, забітых на гары Гільбоа.
І абдзерлі яго, і зьнялі зь яго галаву ягоную а зброю ягоную, і паслалі па зямлі Пілісцкай навокал, каб прынесьці ведамку балваном сваім а люду.
І абрабавалі яго, і ўзялі галаву ягоную і зброю ягоную, і насілі па зямлі Філістынскай навокал, каб паведаміць ідалам сваім і народу.
І паклалі зброю ягоную ў доме багоў сваіх, і чэрап ягоны ўткнулі ў доме Даґона.
І палажылі зброю ягоную ў доме багоў сваіх, і чэрап ягоны зьмясьцілі ў доме Дагона.
І пачуў увесь Явіш Ґілеадзкі ўсе, што зрабілі Пілішчане Саўлу,
І пачуў увесь Ябэш у Гілеадзе ўсё, што зрабілі Філістынцы Саўлу,
І ўсталі ўсі малайцы, і панесьлі цела Саўлава а целы сыноў ягоных, і прынесьлі іх да Явішу, і пахавалі косьці іхныя пад дубам у Явішу, і поставалі сем дзён.
і ўсталі ўсе людзі мужныя, і забралі цела Саўла і целы сыноў ягоных, і прынесьлі іх у Ябэш, і пахавалі косткі іхнія пад дубам у Ябэшы, і посьцілі сем дзён.
І памер Саўла за выступ свой, каторым ён выступіў супроці СПАДАРА, супроці слова СПАДАРОВАГА, каторага ён не дзяржаў, і таксама за тое, што пытаўся ў чараўніцы, каб даведацца,
І памёр Саўл за правіну сваю, якою правініўся супраць ГОСПАДА, супраць слова ГОСПАДА, якога ён не пільнаваў, і таксама за тое, што пытаўся ў чараўніцы, каб шукаць рады,
А не даведаваўся ў СПАДАРА; за гэта Ён зрабіў сьмерць яму і перадаў каралеўства Давіду Есянку.
а не шукаў рады ў ГОСПАДА. І Ён усьмерціў яго, і перадаў валадарства Давіду, сыну Есэя.