Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Хронікаў 22 1-я Хронікаў 22 разьдзел

1 І сказаў Давід: «Вось дом Госпада Бога, і вось ахвярнік цэласпалення для Ізраэля».
2 І загадаў Давід сабраць усіх чужаземцаў з зямлі Ізраэля і паставіў іх каменябойцамі, выломліваць і часаць камяні для пабудавання дома Божага.
3 Давід прыгатаваў таксама вельмі многа жалеза на цвікі на дзверы ў брамах, і на стыкі са скрэпамі — вялікі запас медзі.
4 Таксама дрэва кедравага безлік навезлі сідонцы і тырцы Давіду.
5 І сказаў Давід: «Сын мой Саламон яшчэ хлопец малады і кволы; дом жа, які мае быць пабудаваны Госпаду, павінен быць такі, каб ва ўсіх краях быў вядомы і праслаўлены. Дык я прыгатую яму ўсё неабходнае». І з гэтае прычыны перад сваёй смерцю Давід прыгатаваў многа ўсяго.
6 І паклікаў сына свайго Саламона, і загадаў яму пабудаваць дом Госпаду, Богу Ізраэля;
7 і Давід сказаў Саламону: «Сыне мой, я хацеў сам пабудаваць дом імю Госпада, Бога майго,
8 але прамовіў да мяне Госпад, кажучы: “Многа крыві праліў ты ды вялікія войны вёў. Не можаш пабудаваць дом імю Майму, праліўшы столькі крыві перад абліччам Маім.
9 Сын, які народзіцца ў цябе, будзе вельмі спакойным чалавекам; дам бо яму супакой ад усіх яго ворагаў навокал, і таму Саламонам будзе названы, і дам Ізраэлю ва ўсе дні яго мір і супакой.
10 Ён пабудуе дом імю Майму, ды ён будзе Мне сынам, і Я буду яму бацькам; і ўмацую прастол валадарства яго над Ізраэлем навек”.
11 Дык цяпер, сыне мой, хай Госпад будзе з табой, і будзь ты шчаслівы, і пабудуй дом Госпаду, Богу твайму, як Ён прадказаў пра цябе.
12 Хай дасць табе Госпад столькі разважнасці і розуму, каб мог ты валадарыць над Ізраэлем ды пільнаваць закон Госпада, Бога твайго;
13 бо тады зможаш ты дасягнуць поспеху, калі будзеш пільнаваць прыказанні і законы, якія даў Госпад Майсею для Ізраэля. Будзь мужным і дзейнічай адважна! Не бойся ды не перажывай.
14 Вось, я намаганнямі сваімі прыгатаваў усё патрэбнае для дома Госпада: сто тысяч талентаў золата і мільён талентаў срэбра, а медзі і жалеза — без вагі, бо колькасць іх пераўзыходзіць вялікае мноства. Прыгатаваў дрэва і камяні; а ты зможаш да гэтага яшчэ дадаць.
15 Маеш таксама многа работнікаў: каменябойцаў, і муляраў, і цесляроў ды ўсякіх рамеснікаў, майстроў ва ўсякай рабоце,
16 самых вопытных па рабоце з золатам, і са срэбрам, і з меддзю, і з жалезам, якіх безліч. Дык устань і дзейнічай, і Госпад будзе з табой!»
17 Давід загадаў таксама ўсім князям Ізраэля, каб дапамаглі Саламону, сыну яго:
18 «Ці ж не бачыце, што Госпад, Бог ваш, з вамі, і дасць вам супакой навокал, ды аддасць жыхароў зямлі ў рукі вашы, ды будзе падпарадкоўвацца зямля Госпаду і народу Яго.
19 Дык аддайце сэрцы вашы і душы вашы служыць Госпаду, Богу вашаму; станьце ды пабудуйце святыню Госпаду Богу, каб перанесці каўчэг прымірэння Госпада і посуд, прысвечаны Богу, у дом, які будзе пабудаваны імю Госпада».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Хронікаў, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017