Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Хронікаў 13 1-я Хронікаў 13 разьдзел

1 Давід раіўся з тысячнікамі і сотнікамі і з усімі кіраўнікамі,
2 і прамовіў да ўсяго сходу Ізраэля: «Калі гэта падабаецца вам і калі гэта слова з волі Госпада, Бога нашага, што гавару, дык разашлём вестку да братоў нашых другіх ва ўсіх мясцовасцях Ізраэля і да святароў і левітаў, якія пражываюць у ваколіцах гарадоў, каб сабраліся яны да нас
3 і каб вярнуць каўчэг Бога нашага да нас: бо мы не звярталіся да яго ў час Саўла».
4 Дык адказаў увесь натоўп: хай так будзе; бо падабалася гэта прапанова ўсяму народу.
5 Так сабраў Давід увесь Ізраэль ад Сігора егіпецкага аж да ўваходу ў Эмат, каб прывезці каўчэг Божы з Карыят-Ярыма.
6 І Давід, і ўвесь Ізраэль накіраваліся ў Баал, у Карыят-Ярым, што ў Юдэі, каб прывезці адтуль каўчэг Госпада, Бога, Які сядзіць на херубінах, дзе называецца імя Яго.
7 І ўсклалі каўчэг Божы на новы воз з дома Абінадаба. А Оза і Ахія кіравалі возам.
8 Затым Давід ды ўвесь Ізраэль танцавалі перад Богам усёй моцай са спевамі і пад цытры, і пад псалтэрыёны, і пад тымпаны, і пад цымбалы, і пад трубы.
9 Калі ж прыбылі на ток Хідона, Оза выцягнуў руку сваю, каб прытрымаць каўчэг, бо валы ішлі ўперад, гарэзнічаючы.
10 Дык разгневаўся Госпад на Озу і забіў яго за тое, што ён дакрануўся да каўчэга; і памёр ён там перад Богам.
11 І засмуціўся Давід, што Госпад паразіў Озу, і назваў тое месца Пэрэс Озаa, аж па сённяшні дзень.
12 Дык пабаяўся тады Давід Бога і казаў: «Як я магу да сябе прыняць каўчэг Божы?»
13 І з гэтае прычыны не прыняў яго да сябе, гэта значыць, у горад Давідаў, але завярнуў яго ў дом Абэдэдома Гетыта.
14 Дык застаўся каўчэг Божы ў доме Абэдэдома на тры месяцы; і дабраславіў Госпад дом яго ды ўсё, што ён меў.

Каментары ці зноскі:

11 a: «Прарыў супраць Озы».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Хронікаў, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017