Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Хронікаў 28 1-я Хронікаў 28 разьдзел

1 Такім чынам, сабраў Давід у Ерузаліме ўсіх князёў Ізраэля, кіраўнікоў пакаленняў і кіраўнікоў дружын, якія былі на службе ў цара, таксама тысячнікаў і сотнікаў, загадчыкаў маёмасці і статкаў цара, і сыноў сваіх, а таксама еўнухаў, і асілкаў ды ўсіх наймужнейшых людзей і тых, хто быў у войску Ерузаліма.
2 І калі цар падняўся і стаў, ён казаў: «Слухайце мяне, браты мае і народзе мой! Задумаў я пабудаваць дом, у якім супачыў бы каўчэг прымірэння Госпада і падножжа для стопаў Бога нашага; і да пабудавання я ўсё прыгатаваў;
3 а Бог сказаў мне: “Не пабудуеш ты дома імю Майму таму, што з’яўляешся ваенным чалавекам і кроў праліваў”.
4 Але Госпад, Бог Ізраэля, выбраў мяне з усяго дому бацькі майго, каб быў царом Ізраэля назаўсёды; бо Юду выбраў Ён князем, затым у доме Юды — дом бацькі майго і з сыноў бацькі майго захацеў Ён мяне паставіць царом усяго Ізраэля.
5 Але і паміж сыноў маіх, — бо Госпад даў мне многа сыноў, — выбраў Саламона, сына майго, каб сядзеў ён на пасадзе валадарства Госпадавага над Ізраэлем.
6 І сказаў Ён мне: “Саламон, сын твой, пабудуе Мой дом і Мае панадворкі, бо выбраў яго Сабе за сына, і Я буду яму бацькам.
7 Ды ўмацую яго валадарства навек, калі будзе трымацца Маіх прыказанняў і законаў, як і сёння”.
8 Дык цяпер перад абліччам усяго Ізраэля, супольнасці Госпада, калі чуе Бог наш, пільнуйце ды трымайцеся ўсіх прыказанняў Госпада, Бога вашага, каб займець добрую зямлю і перадаць яе навек у спадчыну вашым сынам, якія пасля вас жыць будуць.
9 А ты, сыне мой Саламон, ведай Бога бацькі твайго і служы Яму шчырым сэрцам ды ахвотнаю душой; бо Госпад пранікае ва ўсе сэрцы ды пазнае ўсе намеры розуму: калі будзеш шукаць Яго — знойдзеш, а калі адвернешся ад Яго — адпіхне цябе навек.
10 Дык цяпер ведай, што Госпад выбраў цябе, каб пабудаваў ты дом і свяцілішча; будзь дужы і зрабі».
11 А даў Давід Саламону, сыну свайму, план порціка, і святыні, і кладовак, і сталовых, і ўнутраных спальняў, і дома для перамалення,
12 і таксама ўсяго, што праз Духа было з ім: панадворкаў дома Госпада ды ўсялякіх пакояў навокал, скарбаў дома Божага і скарбаў асвечаных рэчаў,
13 і зменаў святарскіх і левіцкіх, ды ўсякай працы ў службе дома Госпадава, і ўсякіх пасудзін для службы ў святыні Госпадавай,
14 золата на ўсе пасудзіны па вазе кожнае пасудзіны для службы; срэбра на ўсякія срэбраныя пасудзіны паводле вагі кожнай пасудзіны на розныя справы,
15 але і даў золата на залатыя падсвечнікі і на іх лямпы паводле вагі кожнага падсвечніка ды яго лямпаў; таксама і срэбра на срэбраныя падсвечнікі і яго лямпы адпаведна іх памерам.
16 Даў таксама золата на сталы пакладных хлябоў паводле розных памераў, а таксама і срэбра на іншыя срэбраныя сталы;
17 таксама на відэльцы, і чары, і збанкі з найчысцейшага золата, і на чары залатыя паводле іх памераў даў золата на кожную чару; таксама і на срэбраныя чары даў розную колькасць срэбра,
18 а на ахвярнік, на якім успальваецца кадзіла, даў найчысцейшага золата, і золата на будаванне павозкі з залатымі херубінамі, якія расцягваюць крылы і прыкрываюць каўчэг прымірэння Госпада.
19 «Усё, — кажа Давід, — прыйшло да мяне напісаным рукой Госпада, каб я разумеў усе працы на прыкладзе».
20 Таксама казаў Давід свайму сыну Саламону: «Дзейнічай мужна, і набярыся сілы, і спаўняй, не бойся і не трывожся; бо Госпад, Бог мой, будзе з табой, і не пакіне цябе, і не адвернецца, пакуль не выканаеш усё, што патрэбна для пабудовы дома Госпадава.
21 Вось змены святароў і левітаў: гатовыя для ўсякай службы дома Госпадава; і хай дапамагае табе ва ўсякай працы кожны, хто навучаны і падрыхтаваны да ўсякай справы, таксама князі і ўвесь народ у тваіх справах».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Хронікаў, 28 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017