1 летапісаў 28 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сабраў Давід у Ерусаліме ўсіх правадыроў Ізраільскіх, начальнікаў плямёнаў і начальнікаў аддзелаў, якія служылі цару, і тысячнікаў, і сотнікаў, і наглядчыкаў за маёмасьцю і статкамі цара і сыноў ягоных зь еўнухамі, ваеначальнікаў і ўсіх адважных мужоў.
 
Такім чынам, сабраў Давід у Ерузаліме ўсіх князёў Ізраэля, кіраўнікоў пакаленняў і кіраўнікоў дружын, якія былі на службе ў цара, таксама тысячнікаў і сотнікаў, загадчыкаў маёмасці і статкаў цара, і сыноў сваіх, а таксама еўнухаў, і асілкаў ды ўсіх наймужнейшых людзей і тых, хто быў у войску Ерузаліма.

І стаў Давід цар на ногі свае і сказаў: паслухайце мяне, браты мае і народ мой! было ў мяне на сэрцы пабудаваць дом спакою для каўчэга запавета Гасподняга і ў падножжа нагам Бога нашага, і патрэбнае для будаўніцтва я падрыхтаваў.
 
І калі цар падняўся і стаў, ён казаў: «Слухайце мяне, браты мае і народзе мой! Задумаў я пабудаваць дом, у якім супачыў бы каўчэг прымірэння Госпада і падножжа для стопаў Бога нашага; і да пабудавання я ўсё прыгатаваў;

Але Бог сказаў мне: ня будуй дома імю Майму, бо ты чалавек ваяўнічы і праліваў кроў.
 
а Бог сказаў мне: “Не пабудуеш ты дома імю Майму таму, што з’яўляешся ваенным чалавекам і кроў праліваў”.

Аднак жа выбраў Гасподзь Бог Ізраілеў мяне з усяго дома майго, каб быць мне царом над Ізраілем вечна, бо Юду выбраў Ён князем, а ў доме Юды дом бацькі майго, а з сыноў бацькі майго мяне ўдабраволіў паставіць царом над усім Ізраілем,
 
Але Госпад, Бог Ізраэля, выбраў мяне з усяго дому бацькі майго, каб быў царом Ізраэля назаўсёды; бо Юду выбраў Ён князем, затым у доме Юды — дом бацькі майго і з сыноў бацькі майго захацеў Ён мяне паставіць царом усяго Ізраэля.

з усіх жа сыноў маіх, — бо многа сыноў даў мне Гасподзь, — Ён выбраў Саламона, сына майго, сядзець на троне царства Гасподняга над Ізраілем,
 
Але і паміж сыноў маіх, — бо Госпад даў мне многа сыноў, — выбраў Саламона, сына майго, каб сядзеў ён на пасадзе валадарства Госпадавага над Ізраэлем.

і сказаў мне: Саламон, сын твой, пабудуе дом Мой і двары Мае, бо Я выбраў яго Сабе ў сыны, і Я буду яму бацькам,
 
І сказаў Ён мне: “Саламон, сын твой, пабудуе Мой дом і Мае панадворкі, бо выбраў яго Сабе за сына, і Я буду яму бацькам.

і сьцьверджу царства яго навечна, калі ён будзе цьвёрды ў выкананьні запаведзяў Маіх і пастановаў Маіх, як да сёньня.
 
Ды ўмацую яго валадарства навек, калі будзе трымацца Маіх прыказанняў і законаў, як і сёння”.

І цяпер перад вачыма ўсяго Ізраіля, сходу Гасподняга і ў вушы Бога нашага кажу: захоўвайце і трымайцеся ўсіх запаведзяў Госпада Бога вашага, каб валодаць вам гэтаю добраю зямлёю, і пакінуць яе пасьля сябе ў спадчыну дзецям сваім навек.
 
Дык цяпер перад абліччам усяго Ізраэля, супольнасці Госпада, калі чуе Бог наш, пільнуйце ды трымайцеся ўсіх прыказанняў Госпада, Бога вашага, каб займець добрую зямлю і перадаць яе навек у спадчыну вашым сынам, якія пасля вас жыць будуць.

І ты, Саламоне, сыне мой, ведай Бога бацькі твайго і служы Яму ад усяго сэрца і ад усёй душы, бо Гасподзь выпрабоўвае ўсе сэрцы і ведае ўсе рухі думак. Калі будзеш ісьціць Яго, дык знойдзеш Яго, а калі пакінеш Яго, Ён пакіне цябе назаўсёды.
 
А ты, сыне мой Саламон, ведай Бога бацькі твайго і служы Яму шчырым сэрцам ды ахвотнаю душой; бо Госпад пранікае ва ўсе сэрцы ды пазнае ўсе намеры розуму: калі будзеш шукаць Яго — знойдзеш, а калі адвернешся ад Яго — адпіхне цябе навек.

Глядзі ж, калі Гасподзь выбраў цябе пабудаваць дом для сьвятыні, будзь цьвёрды і рабі.
 
Дык цяпер ведай, што Госпад выбраў цябе, каб пабудаваў ты дом і свяцілішча; будзь дужы і зрабі».

І аддаў Давід Саламону, сыну свайму, чарцёж бабінца і дамоў яго, і кладовак яго, і межаў яго, і ўнутраных пакояў яго, і дома для каўчэга,
 
А даў Давід Саламону, сыну свайму, план порціка, і святыні, і кладовак, і сталовых, і ўнутраных спальняў, і дома для перамалення,

і чарцёж усяго, што было ў яго на душы двароў дома Гасподняга і ўсіх пакояў вакол, скарбніц дома Божага і скарбніц рэчаў прысьвечаных,
 
і таксама ўсяго, што праз Духа было з ім: панадворкаў дома Госпада ды ўсялякіх пакояў навокал, скарбаў дома Божага і скарбаў асвечаных рэчаў,

і сьвятарскіх і лявіцкіх аддзяленьняў, і ўсякай службовай дзейнасьці ў доме Гасподнім, і ўсяго службовага посуду дома Гасподняга,
 
і зменаў святарскіх і левіцкіх, ды ўсякай працы ў службе дома Госпадава, і ўсякіх пасудзін для службы ў святыні Госпадавай,

залатых рэчаў, з пазнакаю вагі, для ўсякай службовай пасудзіны, усіх рэчаў срэбраных, з пазнакаю вагі, для ўсякай пасудзіны службовай.
 
золата на ўсе пасудзіны па вазе кожнае пасудзіны для службы; срэбра на ўсякія срэбраныя пасудзіны паводле вагі кожнай пасудзіны на розныя справы,

І даў золата на сьвяцільні і залатыя лампады, з пазнакаю вагі кожнай сьвяцільні і лампады яго, таксама сьвяцільняў срэбраных, з пазнакаю вагі кожнай сьвяцільні і лампады яго, гледзячы па службовым прызначэньні кожнай сьвяцільні;
 
але і даў золата на залатыя падсвечнікі і на іх лямпы паводле вагі кожнага падсвечніка ды яго лямпаў; таксама і срэбра на срэбраныя падсвечнікі і яго лямпы адпаведна іх памерам.

і золата для сталоў пакладных хлябоў, для кожнага залатога стала, і срэбра для сталоў срэбраных,
 
Даў таксама золата на сталы пакладных хлябоў паводле розных памераў, а таксама і срэбра на іншыя срэбраныя сталы;

і відэльцаў, і чараў і крапільніц з чыстага золата, і залатых місак, з пазнакаю вагі кожнай місы, і срэбраных міс, з пазнакаю вагі кожнай місы,
 
таксама на відэльцы, і чары, і збанкі з найчысцейшага золата, і на чары залатыя паводле іх памераў даў золата на кожную чару; таксама і на срэбраныя чары даў розную колькасць срэбра,

і для ахвярніка дымленьня зь літага золата з пазнакаю вагі, і зладжваньня калясніцы з залатымі херувімамі, якія прасьціраюць крылы і пакрываюць каўчэг запавета Гасподняга.
 
а на ахвярнік, на якім успальваецца кадзіла, даў найчысцейшага золата, і золата на будаванне павозкі з залатымі херубінамі, якія расцягваюць крылы і прыкрываюць каўчэг прымірэння Госпада.

Усё гэта ў пісаньні ад Госпада, казаў Давід, як Ён навёў мяне на розум на ўсе пабудовы.
 
«Усё, — кажа Давід, — прыйшло да мяне напісаным рукой Госпада, каб я разумеў усе працы на прыкладзе».

І сказаў Давід сыну свайму Саламону: будзь цьвёрды і мужны, і прыступай да справы, ня бойся і не жахайся, бо Гасподзь Бог, Бог мой, з табою; Ён не адступіць ад цябе і не пакіне цябе, пакуль ня ўчыніш усёй дзеі, якая патрабуецца для дома Гасподняга.
 
Таксама казаў Давід свайму сыну Саламону: «Дзейнічай мужна, і набярыся сілы, і спаўняй, не бойся і не трывожся; бо Госпад, Бог мой, будзе з табой, і не пакіне цябе, і не адвернецца, пакуль не выканаеш усё, што патрэбна для пабудовы дома Госпадава.

І вось аддзелы сьвятароў і лявітаў, дзеля ўсялякай службы пры доме Божым. І ў цябе ёсьць дзеля ўсякай дзеі руплівыя людзі, майстры на ўсякую працу, і начальнікі і ўвесь народ гатовы да ўсіх тваіх загадаў.
 
Вось змены святароў і левітаў: гатовыя для ўсякай службы дома Госпадава; і хай дапамагае табе ва ўсякай працы кожны, хто навучаны і падрыхтаваны да ўсякай справы, таксама князі і ўвесь народ у тваіх справах».