1 летапісаў 5 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Сыны Рувіма, першынца Ізраілевага, — ён першынец; але калі запляміў ён пасьцель бацькі свайго, першынства яго аддадзена сынам Язэпа, сына Ізраілевага, з тым аднак, каб ня пісацца ім першароднымі;
 
Таксама сыны Рубэна, першароднага Ізраэля: бо ён быў яго першародным, але таму, што спаганіў ложак свайго бацькі, першародства яго было дадзена сынам Язэпа, сына Ізраэля, каб не лічыўся ён першародным,

бо Юда быў мацнейшы за братоў сваіх, і правадыр ад яго, але першынства перанесена на Язэпа.
 
бо і Юда быў наймужнейшым між сваіх братоў ды з нашчадкаў яго нарадзіліся кіраўнікі, а першародства перанесена было на Язэпа.

Сыны Рувіма, першынца Ізраілевага: Ханох, Фалу, Хэцрон і Хармі.
 
Такім чынам, сыны Рубэна, першароднага Ізраэля: Гэнох і Паллю, Хэцрон і Хармі.

Сыны Ёіля: Шэмая, сын ягоны: ягоны сын Гог, ягоны сын Шымэй,
 
Сыны Ёэля: сын яго Сямэя, сын яго Гог ды сын яго Сямэй,

ягоны сын Міха, ягоны сын Рэая, ягоны сын Ваал,
 
сын яго Міха, сын яго Раая, сын яго Баал,

ягоны сын Бэера, якога зьвёў у палон Тэглафэласар, цар Асірыйскі. Ён быў князем Рувімлянаў.
 
сын яго Бээра, якога павёў у няволю Тыглатпаласар, цар асірыйцаў, і ён быў князем пакалення Рубэна.

І браты ягоныя, па плямёнах іхніх, па радаводным сьпіску іхнім, былі: галоўны Ёіль, потым Захар,
 
А братамі яго па яго родах, калі падлічвалі іх у радаводах іх, — былі: галава Егіэль, далей — Захарыя;

і Бэла, сын Азаза, сына Шэмы, сына Ёіля. Ён жыў у Араэры да Нэво і Ваал-Мэона;
 
потым Бэла, сын Азаза, сына Самы, сына Ёэля, які пражываў у Араэры аж да Нэба і Баал-Мэона.

а на ўсход ён жыў да ўваходу ў пустыню, якая ідзе ад ракі Еўфрат, бо статкі іхнія былі шматлікія ў зямлі Галаадскай.
 
Таксама на ўсход пражываў ён аж да ўваходу ў пустыню, якая далей ідзе ад ракі Эўфрат, бо павялічыўся шмат лік іх статкаў у зямлі Галаад.

У дні Саўла яны вялі вайну з Агаранамі, якія загінулі ад рук іхніх, а яны пачалі жыць у намётах іхніх па ўсёй усходняй старане Галаада.
 
А ў дні Саўла ваявалі яны супраць агарэяў і забілі іх; і абжыліся тады на іх месцы і ў іх палатках па ўсім усходнім баку Галаада.

Сыны Гада жылі насупраць іх у зямлі Васанскай да Салхі:
 
А сыны Гада з іх мясцовасці абжыліся ў зямлі Басан аж па Сальху:

у Васане Ёіль быў галоўны, Шафан другі, потым Яанай і Шафат.
 
Ёэль першы, і другі Сафам, далей Янай і Сафат у Басане;

Братоў іхніх зь сямействамі іхнімі было сем: Міхаіл, Мэшулам, Шэва, Ёрай, Яакан, Зія і Эвэр.
 
браты іх паводле іх родаў: Міхаэль, і Масала, і Сэба, і Ёры, і Якан, і Зіэ, і Гебэр — сямёра.

Вось сыны Авіхаіла, сына Хурыя, сына Ярааха, сына Галаада, сына Міхаіла, сына Ешышая, сына Яхдо, сына Буза.
 
А гэтыя былі сынамі Абігайля, сына Гура, сына Яроэ, сына Галаада, сына Міхаэля, сына Ясэсі, сына Ядо, сына Буза.

Ахі, сын Аўдыіла, сына Гуніевага, быў галавою свайго роду.
 
Ахі, сын Абдзіэля, сына Гуні, кіраўнік іх родаў.

Яны жылі ў Галаадзе, у Васане і ў залежных ад яго гарадах і ва ўсіх навакольлях Сарона, да зыходу іхняга.
 
І жылі яны ў Галаадзе, і ў Басане, і ў ваколіцах яго, і ва ўсіх ваколіцах Сарона, аж да межаў.

Усе яны палічаны ў дні Ёатама, цара Юдэйскага, і ў дні Ераваама, цара Ізраільскага.
 
Усе яны былі падлічаны ў дні Ёатама, цара Юды, ды ў дні Ерабаама, цара Ізраэля.

У нашчадкаў Рувіма і Гада і паўплемя Манасіінага было людзей ваяўнічых, мужоў, якія носяць шчыт і меч, страляюць з лука і прывучаных да бітвы, сорак чатыры тысячы сямсот шэсьцьдзясят, якія выходзяць на вайну.
 
У сыноў Рубэна і Гада і паловы пакалення Манасы было людзей баявых, якія насілі шчыт і меч, і стралялі з лука, і былі навучаныя для бою, сорак чатыры тысячы семсот шэсцьдзесят, якія выходзяць на бітву;

І ваявалі яны з Агаранамі, Етурам, Нафішам і Надавам.
 
ваявалі яны супраць агарэяў, і етурэяў, і нафісэяў ды надабэяў.

І дадзена была ім дапамога супроць іх, і аддадзены былі ў рукі іхнія Агаране, і ўсё, што ў іх было, бо яны падчас бітваў заклікалі да Бога, і Ён пачуў іх, за тое, што яны спадзяваліся на Яго.
 
І мелі яны помач, і папаліся ў іх рукі агарэі ды ўсе, што былі з імі, бо прызвалі Бога ў баі і Ён выслухаў іх, бо верылі яны ў Яго.

І ўзялі яны статкі іхнія: вярблюдаў пяцьдзясят тысяч, з дробнага быдла дзьвесьце пяцьдзясят тысяч, аслоў дзьве тысячы, і сто тысяч душ людзей,
 
І забралі яны ўсё, што тыя мелі, вярблюдаў пяцьдзесят тысяч, і авечак — дзвесце пяцьдзесят тысяч, дзве тысячы аслоў дый сто тысяч людзей;

бо многа было забіта, бо ад Бога была бітва гэтая. І жылі яны на месцы іхнім да перасяленьня.
 
дарэчы, многа параненых пала, бо гэта была вайна Госпада. І на іх месцы яны абжыліся і жылі аж да перасялення.

Нашчадкі паўкалена Манасіінага жылі ў той зямлі, ад Васана да Ваал-Эрмона і Сэніра і да гары Эрмона; і іх было многа.
 
Таксама сыны паловы пакалення Манасы абжыліся ў гэтай зямлі, ад Басана аж да Баал-Гэрмона, і Сэніра, і гары Гэрмон; бо шматлікія яны былі.

І вось узначальцы пакаленьняў іхніх: Эфэр, Ішэі, Элііл, Азрыіл, Ерамія, Гадавія і Ягдыіл, мужы моцныя, мужы знакамітыя, галовы родаў сваіх.
 
І гэта былі кіраўнікі іх родаў: Эфэр, і Есі, і Эліэль, і Азрыэль, і Ярэмія, і Адовія, і Ядыэль: мужчыны баявыя, наймужнейшыя і слаўныя, кіраўнікі ў родах сваіх.

Але калі яны саграшылі супроць Бога бацькоў сваіх і пачалі блудна хадзіць сьледам за багамі народаў той зямлі, якіх выгнаў Бог ад аблічча іхняга,
 
А адвярнуліся яны ад Бога бацькоў сваіх, і распуснічалі з багамі народаў зямлі, якіх Бог выгнаў перад імі.

дык Бог Ізраілеў узбурыў дух Фула, цара Асірыйскага, і дух Тэглафэласара цара Асірыйскага, і ён выселіў Рувімлянаў і Гадыцянаў і палавіну калена Манасіінага, і адвёў іх у Халал і Хавор, і Ару, і на раку Газан, — дзе яны да гэтага дня.
 
І тады Бог Ізраэля ўзбудзіў дух Пула, цара асірыйцаў, і дух Тыглатпаласара, цара Асура; і павёў у няволю Рубэнітаў, Гадытаў і палову пакалення Манасы і завёў іх у Гале, і ў Габор, і ў Ара на раку Газан, дзе прабываюць аж па сённяшні дзень.