1 летапісаў 28 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І зьбер Давід да Ерузаліму ўсіх князёў Ізраельскіх, князёў плямёнаў а князёў аддзелаў, што служылі каралю радоўкаю, а князёў над тысячамі а князёў над сотнямі а князёў над усім меньням а статкам каралёвым а над сынамі ягонымі, зь легчанцамі а харобрымі а з усімі дужасіламі.
 
Такім чынам, сабраў Давід у Ерузаліме ўсіх князёў Ізраэля, кіраўнікоў пакаленняў і кіраўнікоў дружын, якія былі на службе ў цара, таксама тысячнікаў і сотнікаў, загадчыкаў маёмасці і статкаў цара, і сыноў сваіх, а таксама еўнухаў, і асілкаў ды ўсіх наймужнейшых людзей і тых, хто быў у войску Ерузаліма.

І стаў кароль Давід на ногі свае, і сказаў: «Паслухайце мяне, браты мае а людзе мой! было ў мяне на сэрцу пастанавіць дом супакою скрыні змовы СПАДАРОВАЕ і казульку Богу нашаму, і я прыгатаваўся да будоўлі.
 
І калі цар падняўся і стаў, ён казаў: «Слухайце мяне, браты мае і народзе мой! Задумаў я пабудаваць дом, у якім супачыў бы каўчэг прымірэння Госпада і падножжа для стопаў Бога нашага; і да пабудавання я ўсё прыгатаваў;

Але Бог сказаў імне: "Не станаві дому імені Майму, бо ты людзіна ваёўная й разьліваў кроў".
 
а Бог сказаў мне: “Не пабудуеш ты дома імю Майму таму, што з’яўляешся ваенным чалавекам і кроў праліваў”.

І абраў, адылі, СПАДАР, Бог Ізраеляў, мяне з усёга дому айца майго, быць каралём над Ізраелям вечна; бо Ён абраў Юду за дзяржаўцу, а з дому Юды дом айца майго, а із сыноў айца майго зычыў мяне ўстанавіць за караля над усім Ізраелям;
 
Але Госпад, Бог Ізраэля, выбраў мяне з усяго дому бацькі майго, каб быў царом Ізраэля назаўсёды; бо Юду выбраў Ён князем, затым у доме Юды — дом бацькі майго і з сыноў бацькі майго захацеў Ён мяне паставіць царом усяго Ізраэля.

І з усіх сыноў маіх, — бо шмат сыноў імне даў СПАДАР, — Ён абраў Салямона, сына майго, сядзець на пасадзе каралеўства СПАДАРОВАГА над Ізраелям,
 
Але і паміж сыноў маіх, — бо Госпад даў мне многа сыноў, — выбраў Саламона, сына майго, каб сядзеў ён на пасадзе валадарства Госпадавага над Ізраэлем.

І сказаў імне: "Салямон, сын твой, ён пастанове дом Мой а панадворкі Мае, бо Я абраў яго Сабе за сына, і Я буду яму айцом;
 
І сказаў Ён мне: “Саламон, сын твой, пабудуе Мой дом і Мае панадворкі, бо выбраў яго Сабе за сына, і Я буду яму бацькам.

І ўмацую каралеўства ягонае на векі, калі ён будзе кажначасна паўніць расказаньні Мае а суды Мае, як дагэтуль".
 
Ды ўмацую яго валадарства навек, калі будзе трымацца Маіх прыказанняў і законаў, як і сёння”.

Дык цяпер перад ачыма ўсяго Ізраеля, збору СПАДАРОВАГА, і ў вушы Бога нашага кажу: дзяржыце а вызукайце ўсі расказаньні СПАДАРА, Бога свайго, каб вы дзяржалі гэтую добрую зямлю і просьле сябе пакінулі на спадак сыном сваім на векі.
 
Дык цяпер перад абліччам усяго Ізраэля, супольнасці Госпада, калі чуе Бог наш, пільнуйце ды трымайцеся ўсіх прыказанняў Госпада, Бога вашага, каб займець добрую зямлю і перадаць яе навек у спадчыну вашым сынам, якія пасля вас жыць будуць.

І ты, Салямоне, сыну мой, знай Бога, айца свайго, і служы Яму з дасканальным сэрцам і ахвотнаю душою, бо СПАДАР соча ўсі сэрцы й разумее ўсі творы думак. Калі будзеш шукаць Яго, знойдзеш; але калі пакінеш Яго, Ён кіне цябе назаўсёды.
 
А ты, сыне мой Саламон, ведай Бога бацькі твайго і служы Яму шчырым сэрцам ды ахвотнаю душой; бо Госпад пранікае ва ўсе сэрцы ды пазнае ўсе намеры розуму: калі будзеш шукаць Яго — знойдзеш, а калі адвернешся ад Яго — адпіхне цябе навек.

Глядзі ж цяпер, як СПАДАР абраў цябе пастанавіць дом на сьвятыню, мацуйся й рабі».
 
Дык цяпер ведай, што Госпад выбраў цябе, каб пабудаваў ты дом і свяцілішча; будзь дужы і зрабі».

І даў Давід Салямону, сыну свайму, зразу сеняў а дамоў іх а скарбніцаў іх а верхніх пакояў іх а нутраных пакояў іх а дому ласкіўчыненьня
 
А даў Давід Саламону, сыну свайму, план порціка, і святыні, і кладовак, і сталовых, і ўнутраных спальняў, і дома для перамалення,

А зразу ўсяго, што было ў духу ў яго, панадворкаў дому СПАДАРОВАГА а ўсіх пакояў навокал, скарбніцаў дому Божага а скарбніцаў пасьвячанага,
 
і таксама ўсяго, што праз Духа было з ім: панадворкаў дома Госпада ды ўсялякіх пакояў навокал, скарбаў дома Божага і скарбаў асвечаных рэчаў,

Таксама сьвятарскіх а левіцкіх радоў, і на ўсю службовую работу дому СПАДАРОВАГА, і на ўсе службовае судзьдзе ў доме СПАДАРОВЫМ,
 
і зменаў святарскіх і левіцкіх, ды ўсякай працы ў службе дома Госпадава, і ўсякіх пасудзін для службы ў святыні Госпадавай,

І золата вагою на залатыя рэчы, на ўсі снадзі кажнага спосабу службы, на ўсі снадзі срэбныя вагою, на ўсі снадзі кажнага роду службы;
 
золата на ўсе пасудзіны па вазе кожнае пасудзіны для службы; срэбра на ўсякія срэбраныя пасудзіны паводле вагі кожнай пасудзіны на розныя справы,

Таксама вагою на залатыя сьветачы й на іх лянпы залатыя вагою, на кажны сьветач а на лянпы яго, і на сьветачы срэбра вагою, на сьветач а на лянпы яго, подле службы кажнага роду сьветача.
 
але і даў золата на залатыя падсвечнікі і на іх лямпы паводле вагі кожнага падсвечніка ды яго лямпаў; таксама і срэбра на срэбраныя падсвечнікі і яго лямпы адпаведна іх памерам.

І вагою золата на сталы хлябоў Выкладу на кажны стол, і таксама срэбра на сталы срэбныя,
 
Даў таксама золата на сталы пакладных хлябоў паводле розных памераў, а таксама і срэбра на іншыя срэбраныя сталы;

І на відзёлкі, і крапільніцы, і на місы золата чыстага, і на чары залатыя вагою на кажную чару, і на чары срэбныя вагою на кажную чару,
 
таксама на відэльцы, і чары, і збанкі з найчысцейшага золата, і на чары залатыя паводле іх памераў даў золата на кожную чару; таксама і на срэбраныя чары даў розную колькасць срэбра,

І на аброчнік кадзеньня шчырага золата вагою, і на зрабеньне цялежак херуваў, што распушчалі свае крылы і пакрывалі скрыню змовы СПАДАРА.
 
а на ахвярнік, на якім успальваецца кадзіла, даў найчысцейшага золата, і золата на будаванне павозкі з залатымі херубінамі, якія расцягваюць крылы і прыкрываюць каўчэг прымірэння Госпада.

«Усе, — ды ў пісаньню ад рукі СПАДАРОВАЕ, — Ён даў імне ўцяміць усе спаўненьне тае зразы».
 
«Усё, — кажа Давід, — прыйшло да мяне напісаным рукой Госпада, каб я разумеў усе працы на прыкладзе».

І сказаў Давід Салямону, сыну свайму: «Мацуйся й будзь адважны, ня бойся а не палохайся; бо СПАДАР Бог, Бог мой, з табою, не адступе ад цябе й не пакіне цябе, пакуль ня скончыцца ўся работа службы дому СПАДАРОВАГА.
 
Таксама казаў Давід свайму сыну Саламону: «Дзейнічай мужна, і набярыся сілы, і спаўняй, не бойся і не трывожся; бо Госпад, Бог мой, будзе з табой, і не пакіне цябе, і не адвернецца, пакуль не выканаеш усё, што патрэбна для пабудовы дома Госпадава.

І, во рады сьвятароў а Левітаў да ўсялякае службы дому Божага. І з табою ў усялякай службе кажны ахвотнік, здольны да ўсялякае службы; і князі, і ўвесь люд пад загадаю тваёю».
 
Вось змены святароў і левітаў: гатовыя для ўсякай службы дома Госпадава; і хай дапамагае табе ва ўсякай працы кожны, хто навучаны і падрыхтаваны да ўсякай справы, таксама князі і ўвесь народ у тваіх справах».