1 летапісаў 13 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І радзіўся Давід із тысячнікамі, сотнікамі, з кажным правадыром;
 
Давід раіўся з тысячнікамі і сотнікамі і з усімі кіраўнікамі,

І сказаў Давід усёй грамадзе Ізраялян: «Калі гэта вы падабаеце і ад СПАДАРА, Бога нашага, паразашлем усюдых да засталых братоў нашых па ўсёй зямлі Ізраельскай, ды зь імі да сьвятароў а Левітаў у местах, местачках, каб яны зьберліся да нас;
 
і прамовіў да ўсяго сходу Ізраэля: «Калі гэта падабаецца вам і калі гэта слова з волі Госпада, Бога нашага, што гавару, дык разашлём вестку да братоў нашых другіх ва ўсіх мясцовасцях Ізраэля і да святароў і левітаў, якія пражываюць у ваколіцах гарадоў, каб сабраліся яны да нас

І перанясем да сябе скрыню Бога нашага, бо за дзён Саўлы мы ня пыталіся ў Яго.
 
і каб вярнуць каўчэг Бога нашага да нас: бо мы не звярталіся да яго ў час Саўла».

І сказала ўся грамада, каб зрабіць гэтак, бо пасьцівая была справа гэтая ў вачох усяго люду.
 
Дык адказаў увесь натоўп: хай так будзе; бо падабалася гэта прапанова ўсяму народу.

Дык зьбер Давід усіх Ізраялян, ад Шыгору Ягіпецкага аж да ўходу ў Гамаф, каб перанесьці скрыню Божую з Кіраф-Еарыму.
 
Так сабраў Давід увесь Ізраэль ад Сігора егіпецкага аж да ўваходу ў Эмат, каб прывезці каўчэг Божы з Карыят-Ярыма.

І ўзышоў Давід а ўвесь Ізраель да Баалу ў Кіраф-Еарыме, каторы ў Юдэі, каб узьнесьці стуль скрыню Бога, СПАДАРА, на херувах седзячага, на каторых названа імя Ягонае.
 
І Давід, і ўвесь Ізраэль накіраваліся ў Баал, у Карыят-Ярым, што ў Юдэі, каб прывезці адтуль каўчэг Госпада, Бога, Які сядзіць на херубінах, дзе называецца імя Яго.

І пявезьлі скрыню Божую на новых цялежках з дому Авінадававага, і Уза й Аго вялі цялежкі.
 
І ўсклалі каўчэг Божы на новы воз з дома Абінадаба. А Оза і Ахія кіравалі возам.

Давід жа а ўсі Ізраяляне гралі перад Богам з усяе сілы, зь пяцьцём, на гусьлях а псалтырох а на бубнох, на цымбалах і ў трубы.
 
Затым Давід ды ўвесь Ізраэль танцавалі перад Богам усёй моцай са спевамі і пад цытры, і пад псалтэрыёны, і пад тымпаны, і пад цымбалы, і пад трубы.

І прышлі да току Хідонавага, і Уза выцягнуў руку сваю, каб прыдзяржаць скрыню, бо валы нахінулі яе.
 
Калі ж прыбылі на ток Хідона, Оза выцягнуў руку сваю, каб прытрымаць каўчэг, бо валы ішлі ўперад, гарэзнічаючы.

Але СПАДАР загневаўся на Узу, і паразіў яго за тое, што ён выцягнуў руку сваю да скыні, і ён памер там перад відам Божым.
 
Дык разгневаўся Госпад на Озу і забіў яго за тое, што ён дакрануўся да каўчэга; і памёр ён там перад Богам.

І засмуціўся Давід, што СПАДАР паразіў паразаю Узу. І назваў тое месца паразаю Узы, дагэтуль.
 
І засмуціўся Давід, што Госпад паразіў Озу, і назваў тое месца Пэрэс Озаa, аж па сённяшні дзень.

І спалохаўся Давід Бога таго дня, кажучы: «Як я прывяду да сябе скрыню Божую?»
 
Дык пабаяўся тады Давід Бога і казаў: «Як я магу да сябе прыняць каўчэг Божы?»

І не завярнуў Давід скрыні да сябе, да места Давідавага, але павярнуў яе да дому Овед-Едома, Ґефаніна.
 
І з гэтае прычыны не прыняў яго да сябе, гэта значыць, у горад Давідаў, але завярнуў яго ў дом Абэдэдома Гетыта.

І перабывала скрыня Божая ўв Овед-Едома, у доме ягоным, тры месяцы, і дабраславіў СПАДАР дом Овед-Едомаў а ўсе, што ў яго.
 
Дык застаўся каўчэг Божы ў доме Абэдэдома на тры месяцы; і дабраславіў Госпад дом яго ды ўсё, што ён меў.