1 летапісаў 17 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сталася, як Давід жыў у доме сваім, што сказаў Давід Нафану прароку: «Вось, я жыву ў доме кедравым, але скрыня змовы СПАДАРОВАЕ пад апонамі».
 
Калі ж Давід абжыўся ў сваім доме, сказаў прароку Натану: «Вось, я жыву ў кедравым палацы, а каўчэг запавету Госпада пад шкурамі».

І сказаў Нафан Давіду: «Усе, што ў цябе на сэрцу, рабі, бо з табою Бог».
 
На гэта сказаў Натан Давіду: «Зрабі ўсё, што ў тваім сэрцы; бо Бог з табою».

Але тае ж ночы было слова Божае да Нафана:
 
Дык у тую ноч прамовіў Госпад да Натана, кажучы:

«Пайдзі й скажы слузе Майму Давіду: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Ня ты пастановіш Імне дом жыць у ім;
 
«Ідзі і кажы Давіду, слузе майму: вось што кажа Госпад: “Не збудуеш ты мне дом на пражыванне;

Бо Я ня жыў у доме адгэнуль, як узьвёў сыноў Ізраелявых, і дагэтуль, а пераходзіў з будану да будану і зь вітальні да вітальні.
 
бо ад таго часу, калі вывеў Ізраэль, аж да гэтага дня не застаюся ў доме, але пераходжу з палаткі ў палатку і з жытла ў жытло.

Усюдых, куды-лень хадзіў Я з усім Ізраелям, ці сказаў Я слова аднаму із судзьдзяў Ізраельскіх, каторым Я расказаў пасьціць люд Мой, кажучы: "Чаму вы не пастанавілі Імне дому кедравага?"’"
 
Дзе толькі ні вандраваў сярод усяго Ізраэля, ці сказаў хоць бы аднаму з суддзяў Ізраэля, каму загадваў пасвіць народ мой, і ці сказаў Я: “Чаму не пабудуеце Мне дом кедравы?”

І цяпер гэтак скажы слузе Майму Давіду: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ’Я ўзяў цябе з аўчарніку, за авечкамі ходзячага, каб ты быў валадаром над людам Маім Ізраелям;
 
Дык цяпер так скажаш слузе Майму Давіду: “Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Забраў я цябе, калі ты на пашах хадзіў за статкам, каб быў ты правадыром народа майго Ізраэля;

І быў з табою ўсюдых, куды ты хадзіў, і выгубіў усіх варагоў тваіх перад відам тваім, і зрабіў імя твае, як імя вялікіх на зямлі;
 
ды быў Я з табой, дзе толькі ты ні хадзіў, і вынішчыў Я ўсіх непрыяцеляў тваіх дзеля цябе, праславіў імя тваё, як аднаго з вялікіх людзей, якія славяцца на зямлі.

І прызначыў месца люду, Свайму Ізраелю, і пасадзіў іх, і яны будуць жыць на сваім месцу, і ня будуць палохаць іх болей, і сыны нягоднасьці ня будуць высіляць вас болей, як уперад;
 
І Я прыгатаваў месца дзеля народа майго Ізраэля, і размясціў яго, каб жыў на ім, ды больш не будзе перамяшчацца, ды ліхія людзі не будуць чапаць яго, як раней было,

Адгэнуль як Я прызначыў судзьдзяў над людам Сваім Ізраелям, і Я ўкарыў усіх непрыяцеляў тваіх, і наказую табе, што дом збудуе табе СПАДАР.
 
і ад часоў, калі паставіў суддзяў для народа майго Ізраэля, і ўпакорыў усіх праціўнікаў тваіх. Дык паведамляю табе, што Госпад збудуе табе дом.

І станецца, як напоўняцца дні твае, каб ты йшоў да бацькоў сваіх, тады Я ўзбуджу насеньне твае просьле цябе, каторае будзе із сыноў тваіх, і ўмацую каралеўства ягонае.
 
І калі пражывеш дні свае і пойдзеш да сваіх бацькоў, узбуджу па табе нашчадка твайго, што выйдзе з сыноў тваіх, ды ўмацую яго царства.

Ён пастанове імне дом, і Я ўмацую пасад ягоны на векі:
 
Ён пабудуе Мне дом, і Я ўмацую яго пасад на векі вечныя.

Я буду яму айцом, а ён будзе Імне сынам, і міласэрдзя Свайго не адвярну ад яго, як Я адвярнуў ад таго, што быў перад табою;
 
Я буду яму Айцом, а ён будзе Мне сынам; ды міласэрнасць Сваю не спыню да яго, як спыніў да таго, хто перад табой быў.

І пастанаўлю яго ў доме Сваім і ў каралеўстве Сваім на векі, і пасад ягоны будзе трывалкі вечна’"».
 
І насаджу яго ў доме Маім і ў Валадарстве Маім па спакон вякоў, і пасад яго будзе наймацнейшым вечна”».

Подле ўсіх гэтых слоў і подле ўсяе гэтае відзені, — казаў Нафан Давіду.
 
Па ўсіх словах гэтых і па ўсім гэтым з’яўленні так сказаў Натан Давіду.

І прышоў кароль Давід, і сеў перад відам СПАДАРОВЫМ, і сказаў: «Хто я, СПАДАРУ Божа, і хто дом мой, што Ты прывёў мяне аж сюды?
 
І калі прыбыў цар Давід і сеў перад Госпадам, казаў: «Хто я, Госпадзе, Божа, ды які мой дом, што прывёў Ты мяне сюды?

Але й гэтага яшчэ мала здалося ў ваччу Тваім, Божа; бо Ты гукаў праз дом слугі Свайго на даўгія часы, і глянуў на мяне, як на зразу чалавека ўзьвялічанага, СПАДАРУ Божа!
 
Але гэтага паказалася мала перад абліччам Тваім, Божа, і дзеля таго прадказаў Ты на дом паслугача свайго таксама на будучае, і глянуў Ты на мяне, як на чалавека ўзвышанага над родам чалавечым, Госпадзе Божа.

Што яшчэ можа дадаць Табе Давід дзеля ўчшчэньня слугі Твайго? А Ты знаеш слугу Свайго.
 
Што болей можа дабавіць Давід, калі Ты паслугача Твайго так праславіў і так Ты яго пазнаў?

СПАДАРУ! дзеля слугі Свайго і подле сэрца Свайго Ты ўчыніў усю гэтую вялікасьць, каб учыніць ведамнымі ўсі гэтыя вялікія справы.
 
О Госпадзе, дзеля паслугача Твайго па сэрцы Тваім Ты выявіў усю гэтую велікадушнасць; ды хацеў Ты, каб даведаліся пра гэтую веліч.

СПАДАРУ! нямаш падобнага да Цябе, і нямаш Бога, апрача Цябе, подле ўсёга, што чулі мы вушамі сваімі.
 
О Госпадзе, няма падобнага да Цябе ды няма іншага бога, апрача Цябе, паводле ўсяго таго, што чулі вушы нашы.

І хто, як люд Твой Ізраель, адзіны народ на зямлі, да каторага прыходзіў Бог выкупіць Сабе люд, зрабіць Сабе імя вялікімі а страшнымі рэчмі, выгнаньням народаў перад людам Сваім, каторы Ты выкупіў зь Ягіпту?
 
Хто іншы, як народ Твой ізраэльскі, адзіны народ на свеце, да якога прыходзіў Бог, каб выратаваць народ Сабе, каб учыніць Сабе імя вялікае і страшнае, выкідаючы народы перад абліччам народа Свайго, які вызваліў Ты з Егіпта.

Бо Ты ўчыніў люд Свой, Ізраеля, Сабе людам на векі, і Ты, СПАДАРУ, стаў Богам іхным.
 
І ўстанавіў Ты народ Твой Ізраэль народам Сваім навек; і Ты, Госпадзе, стаў яго Богам.

Дык цяпер, о СПАДАРУ, слова, каторае Ты казаў праз слугу Свайго а праз дом ягоны, хай будзе вернае на векі, і ўчыні, як Ты сказаў.
 
Дык цяпер, о Госпадзе, хай трывае век слова, што Ты сказаў аб слузе Тваім і аб доме яго; ды ўчыні, як Ты сказаў.

Няхай жа будзе вернае а вялікае імя Твае навекі, каб казалі: "СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў, ё Бог над Ізраелям"; і дом Давідаў, слугі Твайго, хай будзе непахісны перад відам Тваім.
 
Дык хай трывае і славіцца імя Тваё аж навек ды каб гаварылася: “Госпад Магуццяў ёсць Богам Ізраэля, ёсць Богам для Ізраэля; і дом Давіда, паслугача Твайго, будзе трываць перад Табою”.

Бо Ты, Божа мой, адкрыў вуха слузе Свайму, што Ты пастановіш дом; затым важыўся слуга Твой маліцца перад Табою.
 
Бо Ты, Бог мой, аб’явіў паслугачу Твайму, што збудуеш яму дом; і дзеля таго паслугач Твой знайшоў надзею, каб маліцца перад Табою.

І цяпер, СПАДАРУ, Ты Бог, і Ты сказаў праз слугу Свайго такое дабро.
 
Дык цяпер, Госпадзе, Ты — Бог; і сказаў Ты слузе Твайму пра такое дабрадзейства,

Дык зыч дабраславіць дом слугі свайго, каб ён быў вечна перад відам Тваім; бо Ты, СПАДАРУ, дабраславіў, і ён дабраславёны на векі».
 
і пачаў дабраслаўляць дом паслугача Твайго, каб трываў перад Табою вечна: бо што Ты дабраславіш, Госпадзе, будзе дабраславёна вечна».