1 летапісаў 23 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Як Давід быў стары а насычаны днямі, ён устанавіў Салямона, сына свайго, за караля над Ізраелям.
Дык Давід, стары і насычаны гадамі, паставіў Саламона, сына свайго, царом над Ізраэлем,
І зьбер усіх князёў Ізраеля а сьвятароў а Левітаў.
і сабраў усіх князёў Ізраэля, і святароў, і левітаў.
І палічаны былі Левіты ад трыццацёх год і вышэй; і быў лік іх, подле галоваў мужчын, трыццаць восьмі тысячаў.
І былі палічаны левіты ад трыццаці гадоў і вышэй, і было налічана іх трыццаць восем тысяч мужчын.
«Зь іх загадаваць рамеснаю работаю ў доме СПАДАРОВЫМ дваццаць чатыры тысячы, ураднікаў жа а судзьдзяў шэсьць тысячаў;
З іх прызначаны на службу ў доме Госпада — дваццаць чатыры тысячы; а суддзямі былі пастаўлены шэсць тысяч;
І чатыры тысячы брамнікаў, і чатыры тысячы выхваляючых СПАДАРА на снадзях, каторыя я зрабіў да выхваляньня»
затым прыдзверных — чатыры тысячы ды столькі ж музыкаў, якія пастаўлены праслаўляць Госпада на музычных інструментах, якія справіў на праслаўленне.
І падзяліў іх Давід на дзелі межы сыноў Левавых — Ґіршома, Когафа а Мерары.
Ды падзяліў іх Давід на змены па сынах Леві, гэта значыць Гэрсона, Кагата і Мэрары.
Зь Ґіршомічаў — Ладан а Шымей.
З сыноў Гэрсона: Ладан і Сямэй.
Сыны Ладановы: галоўны Егіель а Зэфам а Ёель, трох.
Сыны Ладана: князь Ягіэль, і Зэтам, і Ёэль — трое.
Сыны Шымеевы: Шэломоф а Газель а Гаран, трох. Гэтыя галавы айцоў Ладановых.
Сыны Сямэя: Саламіт, і Газіэль, і Аран — трое; яны былі кіраўнікамі родаў Ладана.
Сыны Шымеевы: Ягаф, Зыза а Еуш а Бэра. Гэта сыны Шымеевы, чатырох.
Затым сыны Сямэя: Ягат, і Зіза, і Ягус, і Бэрыя; гэта сыны Сямэя — чацвёра.
Ягаф быў галоўны, а Зыза другі; але Еуш а Бэра мелі ня шмат сыноў, затым яны былі ў ваднэй лічбе пры доме айца.
А Ягат быў першы, Зіза — другі; а Ягус і Бэрыя не мелі шмат дзяцей і таму былі палічаны як адзін род і адна сям’я.
Сыны Когафовы: Амрам, Іцгар, Гэўрон а Узель, чатырох.
Сыны Кагата: Амрам, і Ісаар, Геброн і Азіэль — чацвёра.
Сыны Амрамовы: Аарон а Масей. Аарон быў аддзелены на пасьвячэньне да Сьвятога Сьвятых, ён а сынове ягоныя, на векі, каб кадзіць перад відам СПАДАРА, каб служыць Яму і дабраславіць імям Ягоным аж на векі.
Сыны Амрама: Аарон і Майсей. І Аарон быў выдзелены, каб складаць ахвяры найсвяцейшыя, ён і сыны яго навек: і каб ён успальваў перад абліччам Госпада, і паслугаваў Яму ды дабраслаўляў імя Яго навек.
І Масей, чалавек Божы, і сыны ягоныя прылічаны да пакаленьня Левавага.
Таксама сыны Майсея, чалавека Божага, былі залічаны ў пакаленне Леві.
Сыны Масеявы: Ґершом а Елезэр.
Сыны Майсея: Гэрсам і Эліязэр.
Сыны Ґершомавы: першы быў Шэвуель.
Сыны Гэрсама: першы — Субаэль.
І былі сыны Елезэравы: Рэгава галоўны. І ня было ў Елезэра іншых сыноў, а ў Рэгавы было вельмі шмат сыноў.
Сынамі ж Эліязэра былі: Рагобія — першы, ды не было ў Эліязэра іншых сыноў; а сыны Рагобіі надта распладзіліся.
Сыны Іцгаровы: Шэломіф, галоўны.
Сыны Ісаара: Саламот — першы.
Сыны Гэўронавы: Ера галоўны а Амара другі, Ягазель трэйці а Екамеам чацьверты.
Сыны Геброна: Ерыяў — першы, Амарыя — другі, Яхазіэль — трэці, Екмаам — чацвёрты.
Сыны Узелявы: Міха галоўны, Іша другі.
Сыны Азіэля: Міха — першы, Ясія — другі.
Сыны Мераравы: Маглі а Мушы. Сыны Маглявы: Елеазар а Кіш.
Сыны Мэрары: Махалі і Мусі. Сыны Маголі: Элеязэр і Кіс;
І памер Елеазар, і ня было ў яго сыноў, адно дачкі; і ўзялі іх да сябе Кішанкі, браты іхныя.
а Элеязэр памёр ды не меў сыноў, але дачок, і ўзялі іх за жонак сыны Кіса, браты іх.
Сыны Мушавы: Маглі а Едэр а Ірэмоф, трох.
Сыны Мусі: Махалі, і Эдэр, і Ярмут — трое.
Гэта сынове Левавы, подле дому айцоў сваіх, галавы радзімаў, як яны былі палічаны іменным лічэньням подле галоў іх, каторыя рабілі работу служэньня ў доме СПАДАРОВЫМ, ад дваццацёх год і вышэй.
Гэта сыны Леві па іх родах, кіраўнікі сем’яў па змене і па ліку паасобных галоў, якія спаўнялі службу ў доме Госпада ад дваццаці гадоў і вышэй.
Бо Давід сказаў: «СПАДАР, Бог Ізраеляў, даў супакой люду Свайму, і ён будзе жыць у Ерузаліме на векі,
Давід бо сказаў: «Госпад, Бог Ізраэля, даў супакой народу Свайму ды будзе жыць у Ерузаліме вечна;
І таксама Левітам ня трэба насіць вітальні й усялякіх снадзяў яе да службы ў ёй».
і левіты не будуць мець абавязку далей насіць палатку, ды ўсе пасудзіны яе да службы».
Затым, подле апошніх слоў Давідавых, палічаны Левіты ад дваццацёх год і вышэй,
Дык па апошнім загадзе Давіда левіты будуць залічаны ад дваццаці гадоў і вышэй,
Бо ўрад іхны быў ля сыноў Ааронавых, да паслугі дому СПАДАРОВАМУ, на панадворках а ў залях, і дзеля чысьціні ўсяго сьвятога, і работы служэньня пры доме Божым,
і яны будуць пад рукой сыноў Аарона на паслузе дома Госпадава — на панадворках і ў пакоях, і пры ачышчэнні ўсяго, што пасвечана, ды спаўняць паслугу ў святыні Бога,
І да хлябоў Выкладу, і да ценькае мукі хлебнага аброку, і прэсных перапечак, і печанага на скварадзе, і смажанага, і ўсялякае меры а памеру,
яны рупіліся пра хлябы пакладныя, і пра муку на ахвяру з ежы, і пра праснакі, і пра патэльню, і пра смажанне, і пра ўсё, што было ўзважана і адмерана.
І каб станавіліся кажнае раніцы дзякаваць а выхваляць СПАДАРА, таксама і ўвечары,
І мелі стаяць штораніцы, каб дзякаваць Госпаду і славіць Яго, і таксама вечарам;
І пры ўсіх усепаленьнях, абраканых СПАДАРУ ў сыботы, на маладзіку і ў сьвяты, лікам, подле парадку прызначанага ім, — кажначасна перад відам СПАДАРА,
і каб складаць усе цэласпаленні Госпаду, і каб у шабат, і на маладзік, і ў астатнія святы па ўстаноўленым ліку і рытуалах кожнай справы — заўсёды перад абліччам Госпада.
І каб адбывалі старожу пры будане збораў на прызначаныя поры, і старожу сьвятыні, і старожу сыноў Ааронавых, братоў сваіх, на службе дому СПАДАРОВАГА.
І хай яны пільнуюць правілы палаткі сустрэчы, і рытуал свяцілішча, і пабожнасць сыноў Аарона, іх братоў, у службе ў доме Госпадавым.