Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Летапісу 23 1 Летапісу 23 разьдзел

1 Як Давід быў стары а насычаны днямі, ён устанавіў Салямона, сына свайго, за караля над Ізраелям.
2 І зьбер усіх князёў Ізраеля а сьвятароў а Левітаў.
3 І палічаны былі Левіты ад трыццацёх год і вышэй; і быў лік іх, подле галоваў мужчын, трыццаць восьмі тысячаў.
4 «Зь іх загадаваць рамеснаю работаю ў доме СПАДАРОВЫМ дваццаць чатыры тысячы, ураднікаў жа а судзьдзяў шэсьць тысячаў;
5 І чатыры тысячы брамнікаў, і чатыры тысячы выхваляючых СПАДАРА на снадзях, каторыя я зрабіў да выхваляньня»
6 І падзяліў іх Давід на дзелі межы сыноў Левавых — Ґіршома, Когафа а Мерары.
7 Зь Ґіршомічаў — Ладан а Шымей.
8 Сыны Ладановы: галоўны Егіель а Зэфам а Ёель, трох.
9 Сыны Шымеевы: Шэломоф а Газель а Гаран, трох. Гэтыя галавы айцоў Ладановых.
10 Сыны Шымеевы: Ягаф, Зыза а Еуш а Бэра. Гэта сыны Шымеевы, чатырох.
11 Ягаф быў галоўны, а Зыза другі; але Еуш а Бэра мелі ня шмат сыноў, затым яны былі ў ваднэй лічбе пры доме айца.
12 Сыны Когафовы: Амрам, Іцгар, Гэўрон а Узель, чатырох.
13 Сыны Амрамовы: Аарон а Масей. Аарон быў аддзелены на пасьвячэньне да Сьвятога Сьвятых, ён а сынове ягоныя, на векі, каб кадзіць перад відам СПАДАРА, каб служыць Яму і дабраславіць імям Ягоным аж на векі.
14 І Масей, чалавек Божы, і сыны ягоныя прылічаны да пакаленьня Левавага.
15 Сыны Масеявы: Ґершом а Елезэр.
16 Сыны Ґершомавы: першы быў Шэвуель.
17 І былі сыны Елезэравы: Рэгава галоўны. І ня было ў Елезэра іншых сыноў, а ў Рэгавы было вельмі шмат сыноў.
18 Сыны Іцгаровы: Шэломіф, галоўны.
19 Сыны Гэўронавы: Ера галоўны а Амара другі, Ягазель трэйці а Екамеам чацьверты.
20 Сыны Узелявы: Міха галоўны, Іша другі.
21 Сыны Мераравы: Маглі а Мушы. Сыны Маглявы: Елеазар а Кіш.
22 І памер Елеазар, і ня было ў яго сыноў, адно дачкі; і ўзялі іх да сябе Кішанкі, браты іхныя.
23 Сыны Мушавы: Маглі а Едэр а Ірэмоф, трох.
24 Гэта сынове Левавы, подле дому айцоў сваіх, галавы радзімаў, як яны былі палічаны іменным лічэньням подле галоў іх, каторыя рабілі работу служэньня ў доме СПАДАРОВЫМ, ад дваццацёх год і вышэй.
25 Бо Давід сказаў: «СПАДАР, Бог Ізраеляў, даў супакой люду Свайму, і ён будзе жыць у Ерузаліме на векі,
26 І таксама Левітам ня трэба насіць вітальні й усялякіх снадзяў яе да службы ў ёй».
27 Затым, подле апошніх слоў Давідавых, палічаны Левіты ад дваццацёх год і вышэй,
28 Бо ўрад іхны быў ля сыноў Ааронавых, да паслугі дому СПАДАРОВАМУ, на панадворках а ў залях, і дзеля чысьціні ўсяго сьвятога, і работы служэньня пры доме Божым,
29 І да хлябоў Выкладу, і да ценькае мукі хлебнага аброку, і прэсных перапечак, і печанага на скварадзе, і смажанага, і ўсялякае меры а памеру,
30 І каб станавіліся кажнае раніцы дзякаваць а выхваляць СПАДАРА, таксама і ўвечары,
31 І пры ўсіх усепаленьнях, абраканых СПАДАРУ ў сыботы, на маладзіку і ў сьвяты, лікам, подле парадку прызначанага ім, — кажначасна перад відам СПАДАРА,
32 І каб адбывалі старожу пры будане збораў на прызначаныя поры, і старожу сьвятыні, і старожу сыноў Ааронавых, братоў сваіх, на службе дому СПАДАРОВАГА.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Летапісу, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.