1 летапісаў 11 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І зьберліся ўсі Ізраяляне да Давіда да Гэўрону, кажучы: «Вось, мы косьць твая й цела твае.
 
Дык сабраліся ўсе ізраэльцы да Давіда ў Геброне і сказалі: «Мы ёсць косць твая і цела тваё.

Таксама ўчора, таксама заўчора, таксама, як яшчэ Саўла быў каралём, ты выводзіў і ўводзіў Ізраеля, і СПАДАР, Бог твой, сказаў табе: "Ты будзеш пасьвіць люд Мой, Ізраеля, і ты будзеш князям над людам Маім Ізраельскім"».
 
Ты таксама ўчора і пазаўчора, калі яшчэ Саўл цараваў, быў тым, хто выводзіў Ізраэль і прыводзіў; бо табе сказаў Госпад, Бог твой: “Ты будзеш пасвіць мой народ ізраэльскі ды ты будзеш кіраўніком над ім”».

І прышлі ўсі старцы Ізраелявы да караля да Гэўрону, і зрабіў зь імі Давід змову ў Гэўроне перад відам СПАДАРОВЫМ; і яны памазалі Давіда за караля над Ізраелям, подле слова СПАДАРОВАГА Самуйлам.
 
Такім чынам, прыбылі да цара ў Геброн усе старэйшыны Ізраэля, і Давід заключыў з імі запавет у Геброне перад Госпадам; і намасцілі яго на цара над Ізраэлем паводле слова Госпадавага, якое сказаў праз Самуэля.

І пайшоў Давід а ўвесь Ізраель да Ерузаліму, значыцца да Евусу. А там Евусэі, жыхары тае зямлі.
 
Таксама пайшоў Давід з усім Ізраэлем на Ерузалім, званы Евус, бо жыхары тое зямлі былі евусеі.

І сказалі жыхары Евусу Давіду: «Ня ўвыйдзеш сюды». Але Давід узяў горад Сыён, значыцца, места Давідава.
 
І тыя, што жылі ў Евусе, сказалі Давіду: «Не ўвойдзеш сюды». Аднак Давід здабыў крэпасць Сіён, гэта значыць Горад Давідаў,

І сказаў Давід: «Хто бы найпершы паразіў Евусэяў, тый будзе галавою а вайводцам». І ўзышоў найперш Ёаў Цэруёнак, і стаў галавою.
 
і сказаў: «Хто першы з усіх паразіць евусеяў, той будзе кіраўніком і князем». Дык выступіў першым Ёаб, сын Сэруі, і стаў кіраўніком.

Давід жыў у тым горадзе, затым і звалі яго местам Давідавым.
 
А Давід абжыўся ў крэпасці, і ад таго была названа Горадам Давіда.

І ён забудаваў места навокал, нават ад Міло навокал, а Ёаў паправіў астачу места.
 
І пабудаваў ён горад навокал ад Мэло аж да ваколіц; Ёаб жа аднавіў астатак горада.

Дык Давід дужэў болей а болей, і СПАДАР войскаў ізь ім.
 
І Давід станавіўся штораз мацнейшым, і Госпад Магуццяў быў з ім.

І во галавы з дужых у Давіда, што мацнілі зь ім каралеўства ягонае, з усім Ізраелям, каб устанавіць яго за караля, подле слова СПАДАРОВАГА над Ізраелям.
 
Гэта кіраўнікі адважных ваяроў Давіда, якія дапамаглі яму, каб ён стаў царом над усім Ізраэлем па слове Госпада, якое Ён сказаў Ізраэлю;

І во лік харобрых, што былі ў Давіда: Яшовеам Гахмонёнак, галоўны з трыццацёх. Ён падняў дзіду сваю на трыста чалавекаў і пабіў іх у вадным часе.
 
і такі лік храбрых Давіда: Есбаал, сын Гахамона, сын Гахаманітаў кіраўнік ваяроў з трыццаці; ён падняў дзіду сваю на трыста чалавек, якіх паразіў адным махам.

А за ім Елеазар, сын Дода Агогіцкага, з трох харобрых.
 
І па ім Элеязэр, сын Дадо Агагіта, які быў між трох асілкаў;

Ён быў із Давідам у Пас-Даміме, куды Пілішчане зьбіраліся на вайну. Тамака часьць поля была поўная ячменю, і люд уцёк ад Пілішчан.
 
быў ён з Давідам у Афэсдаміме, калі там філістынцы падрыхтаваліся да бою. А быў у той мясцовасці палетак, поўны ячменю, і людзі паўцякалі перад філістынцамі.

Але яны сталі сярод дзелі, усьцераглі яе й паразілі Пілішчан. І дараваў СПАДАР выбаўленьне вялікае.
 
Ён застаўся на сярэдзіне палетка і абараніў яго; і калі пабіў філістынцаў, Госпад даў свайму народу вялікае збаўленне.

І зышлі трох із гэтых трыццацёх вайводцаў на скалу да Давіда, у пячору Одулам, як табар Пілісцкі быў разьлёгшыся ў даліне Рэфаімаў.
 
А трое з трыццаці сышлі да скалы, у якой быў Давід, да пячоры Адалам, у той час, калі філістынцы расклаліся лагерам у лагчыне Рэфаім.

Давід тады быў у горадзе а застава Пілісцкая была тады ў Бэтлееме.
 
Тады Давід быў у крэпасці, і філістынцы стаялі ў Бэтлехэме;

І надта ўсьмяг Давід, і ён сказаў: «Хто дасьць імне піць вады із студні Бэтлеемскае, каторая ля брамы?»
 
а Давід адчуваў смагу і сказаў: «О, хто б даў мне вады напіцца са студні, што ў Бэтлехэме каля брамы!»

Тады гэтыя трох прабілісл скрозь табар Пілісцкі і засілілі вады із студні Бэтлеемскае, каторая ля брамы, і панесьлі, і прынесьлі Давіду. Але Давід не захацеў піць яе, і выліў яе на аброк СПАДАРУ,
 
Такім чынам, яны ўтрох прабраліся праз лагер філістынцаў і зачэрпнулі вады са студні ў Бэтлехэме, што каля брамы, і прынеслі Давіду напіцца. Давід не захацеў яе піць, але выліў яе ў ахвяру Госпаду,

І сказаў: «Крый мяне, СПАДАРУ, каб я зрабіў гэта! Ці буду я піць кроў мужоў гэтых, што ставілі ў небясьпечнасьць душы свае? Бо зь небясьпечнасьцю собскага жыцьця яны прынесьлі». І не захацеў яе піць. Во што зрабілі трох гэтых харобрых.
 
кажучы: «Сцеражы мяне, Божа мой, каб я гэтак паступіў і піў кроў мужоў гэтых, бо праз небяспеку для жыцця свайго прынеслі мне ваду». І дзеля гэтае прычыны адмовіўся піць. Гэта выканалі трое наймацнейшых.

І Авішай, брат Ёаваў, быў галоўны над трыма; ён падняў дзіду сваю на трыста чалавекаў, каторых паразіў, і быў у славе ў тых трох.
 
Таксама брат Ёаба Абісай; ён быў кіраўніком трыццаці і ён падняў дзіду сваю супраць трохсот, якіх пазабіваў, і ён з гэтых трох праславіўся,

З трох ён быў выдатнейшы за двух, бо быў іх вайводцам; не раўня адылі першым тром.
 
паміж трыццаці ён у два разы праславіўся і быў іх кіраўніком; але з тымі трыма не параўняўся.

Веная, сын Егояды, мужа гоя, вялікіх дзеяньняў, з Каўцэелю. Ён забіў двух дужых, бы леў, Моаўлян; ён жа зышоў і забіў лява ў яме сьнежнага дня.
 
Баная, сын Ёяды, чалавек найдужэйшы, які многа подзвігаў зрабіў, родам з Кабсээля; ён забіў двух сыноў Арыэля з Мааба, ён таксама спусціўся і забіў ільва ў сярэдзіне вадаёма ў час завірухі.

Ён жа забіў Егіпцяніна, чалавека ростам пяцёх локцяў. У руццэ Егіпцяніна была дзіда, як навой у ткачоў; а ён зышоў да яго зь кіям, і вырваў дзіду з рукі Егіпцяніна, і забіў яго ягонаю ж дзідаю.
 
І ён забіў егіпцяніна, які быў ростам пяць локцяў і трымаў у руцэ дзіду, як навой кроснавы; падышоў ён да яго з палкай і схапіў дзіду, якую ён трымаў рукой, і забіў яго яго ўласнай дзідай.

Во што зрабіў Веная Егоядзёнак! І ён быў у славе ў тых трох харобрых.
 
Гэта зрабіў Баная, сын Ёяды, праслаўлены між трох асілкаў,

Ён быў выдатнейшы за трыццацёх, але не раўня тром. І Давід пастанавіў яго над старожаю сваёй.
 
між трыццаці — першы; хоць з трыма не параўняўся, аднак паставіў яго Давід над сваімі ахоўнікамі.

Таксама дужыя з войска: Асагэль, брат Ёаваў; Елганан Додзянок з Бэтлеему;
 
Далей самыя мужныя ў войску: Асаэль, брат Ёаба, і Эльханан, сын Дадо, з Бэтлехэма.

Шамоф Гародзянін; Гэлец Пелонянін;
 
Сама Харадзіт, Эліка Харадзіт, Гэлес Палаціт,

Іра Ікешонак Фекоянін; Евезэр Анафофянін;
 
Хіра, сын Акеса, Тэкуіта, Абіязэр Анатаціт,

Сывехай Гушацянін; Ілай Агожанін;
 
Сабахай Гусаціт, Ілай Агагіт,

Магарай Нетофянін; Гэлед Ваанёнак Нетофянін;
 
Магарай нэтафатыт, Хэлед, сын Бааны нэтафатыта,

Іфай Рыбаёнак із Ґівы Веняміновае; Веная Пірафонянін;
 
Ітай, сын Рэбая з Габы сыноў Бэньяміна, Баная Паратаніт,

Гурай з Нагале-Ґааша; Авель із Арвавы;
 
Гэдай з ручаёў Гааса, Абіэль Арбаціт,

Азмавеф Багурамянін; Елягба Шаалбонянін;
 
Азмавет Бахурыміт, Эліяба Саалбаніт,

Сынове Гашэма Ґізоняніна; Ёнафан Шажанок Гараранін;
 
Асэм Гэзаніт, Ёнатан, сын Самы, Арарыт,

Агіям Сахаронак Гараранін; Еліфал Уранок;
 
Агіям, сын Сахара, Арарыта, Эліпал, сын Ура,

Гэфер із Мехеры; Агія Пелонянін;
 
Хэфэр Мэхараціт, Ахія Паланіт,

Гэцро Кармілянін; Наарай Езбаёнак;
 
Гэсра Кармэліт, Наарай, сын Азбая,

Ёель, брат Нафаноў; Міўгар Гаґранок;
 
Ёэль брат Натана, Мібагар, сын Агарая,

Цэлек Амонянін; Нагарай Берофянін, збрайноша Ёава Цэруёнка;
 
Сэлек Аманеец, Нагарай Бэраціт, збраяносец Ёаба, сына Сэруі.

Іра Іфранін; Ґарэў Іфранін;
 
Хіра Ятрэй, Гарэб Ятрэй,

Ура Гэціч; Завад Аглаёнак;
 
Урыя Хетэй, Забад, сын Агалая,

Адына Шызанок Рувініч, галава Рувінічаў, і ў яго трыццацёх;
 
Адзіна, сын Сізы Рубэніта, кіраўнік Рубэнітаў, і з ім трыццаць.

Ганан Маашонак; Ясапат Міфнянін;
 
Ханан, сын Маахі, і Язафат Матаніт,

Узя Аштэрафянін; Шама а Еель — сыны Гофама Ароэраніна;
 
Озія Астараціт, Сама і Егіэль, сыны Гатама Араэрыта.

Едзяель Шымранок а Ёга, брат ягоны, Фіцанін;
 
Ядзігэль, сын Сэмры, і Ёга, брат яго, Тасаіты.

Еель із Магавіму а Ерывай а Ёшава Елнаамёнкі а Іфма Моаўлянін;
 
Эліэль Магуміт і Ерыбай, і Ёсая, сыны Эльнэма, і Етма, Маабіт.

Елель а Овед а Яасель ізь Мецоваі.
 
Эліэль, і Абэд, і Ясіэль з Собы.