1 летапісаў 11 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І сабраўся ўвесь Ізраіль да Давіда ў Хеўрон, кажучы: «Вось, мы — косткі твае і цела тваё.
Дык сабраліся ўсе ізраэльцы да Давіда ў Геброне і сказалі: «Мы ёсць косць твая і цела тваё.
І ўчора, і пазаўчора, і за жыцьця Саўла валадара ты выводзіў і ўводзіў Ізраіль, і ГОСПАД, Бог твой, сказаў табе: “Ты будзеш пасьвіць народ Мой, Ізраіль, і ты будзеш правадыром над народам Маім Ізраілем”».
Ты таксама ўчора і пазаўчора, калі яшчэ Саўл цараваў, быў тым, хто выводзіў Ізраэль і прыводзіў; бо табе сказаў Госпад, Бог твой: “Ты будзеш пасвіць мой народ ізраэльскі ды ты будзеш кіраўніком над ім”».
І прыйшлі ўсе старшыні Ізраіля да валадара ў Хеўрон, і заключыў Давід запавет у Хеўроне перад абліччам ГОСПАДА; і яны памазалі Давіда на валадара над Ізраілем паводле слова ГОСПАДА праз Самуэля.
Такім чынам, прыбылі да цара ў Геброн усе старэйшыны Ізраэля, і Давід заключыў з імі запавет у Геброне перад Госпадам; і намасцілі яго на цара над Ізраэлем паводле слова Госпадавага, якое сказаў праз Самуэля.
І пайшоў Давід і ўвесь Ізраіль да Ерусаліму, гэта [значыць] Евусу. І там [былі] Евусэі, жыхары зямлі той.
Таксама пайшоў Давід з усім Ізраэлем на Ерузалім, званы Евус, бо жыхары тое зямлі былі евусеі.
І сказалі жыхары Евусу Давіду: «Ты ня ўвойдзеш сюды». Але Давід здабыў крэпасьць Сыён, гэта горад Давіда.
І тыя, што жылі ў Евусе, сказалі Давіду: «Не ўвойдзеш сюды». Аднак Давід здабыў крэпасць Сіён, гэта значыць Горад Давідаў,
І сказаў Давід: «Той, хто першы паб’е Евусэяў, будзе галоўным і князем». І ўзыйшоў першым Ёаў, сын Цэруі, і стаў галоўным.
і сказаў: «Хто першы з усіх паразіць евусеяў, той будзе кіраўніком і князем». Дык выступіў першым Ёаб, сын Сэруі, і стаў кіраўніком.
І жыў Давід у крэпасьці, дзеля гэтага назвалі яе горадам Давіда.
А Давід абжыўся ў крэпасці, і ад таго была названа Горадам Давіда.
І ён забудаваў горад навокал, ад Міло і навокал, а Ёаў аднавіў рэшту гораду.
І пабудаваў ён горад навокал ад Мэло аж да ваколіц; Ёаб жа аднавіў астатак горада.
І хадзіў Давід у моцы, і дужэў, і ГОСПАД Магуцьцяў [быў] з ім.
І Давід станавіўся штораз мацнейшым, і Госпад Магуццяў быў з ім.
І вось галоўныя, якія [былі] з волатаў Давіда, і якія ўмацоўвалі з ім валадарства ягонае, з усім Ізраілем, каб паставіць яго на валадара, паводле слова ГОСПАДА адносна Ізраіля.
Гэта кіраўнікі адважных ваяроў Давіда, якія дапамаглі яму, каб ён стаў царом над усім Ізраэлем па слове Госпада, якое Ён сказаў Ізраэлю;
І вось лік волатаў, якія [былі] з Давідам: Яшавэам, сын Хахмоні, галоўны з трыццаці. Ён падняў дзіду сваю на тры сотні [ворагаў] і пабіў іх адным разам.
і такі лік храбрых Давіда: Есбаал, сын Гахамона, сын Гахаманітаў кіраўнік ваяроў з трыццаці; ён падняў дзіду сваю на трыста чалавек, якіх паразіў адным махам.
Пасьля яго Элеазар, сын Дадо Ахахіча. Ён — [адзін] з трох магутных.
І па ім Элеязэр, сын Дадо Агагіта, які быў між трох асілкаў;
Ён быў з Давідам у Пас-Даміме, і Філістынцы сабраліся там на вайну. І была частка поля засеяна ячменем, і народ уцёк перад абліччам Філістынцаў.
быў ён з Давідам у Афэсдаміме, калі там філістынцы падрыхтаваліся да бою. А быў у той мясцовасці палетак, поўны ячменю, і людзі паўцякалі перад філістынцамі.
І яны сталі пасярод поля, і абаранілі яго, і пабілі Філістынцаў. І збавіў ГОСПАД збаўленьнем вялікім.
Ён застаўся на сярэдзіне палетка і абараніў яго; і калі пабіў філістынцаў, Госпад даў свайму народу вялікае збаўленне.
І зыйшлі трое з гэтых трыццаці галоўных на скалу да Давіда, у пячору Адулям, а табар Філістынцаў быў у даліне Рэфаім.
А трое з трыццаці сышлі да скалы, у якой быў Давід, да пячоры Адалам, у той час, калі філістынцы расклаліся лагерам у лагчыне Рэфаім.
Давід тады быў у крэпасьці, а аддзел Філістынцаў быў у Бэтлееме.
Тады Давід быў у крэпасці, і філістынцы стаялі ў Бэтлехэме;
І засмагнуў Давід, і сказаў: «Хто дасьць мне піць вады са студні ў Бэтлееме, якая каля брамы?»
а Давід адчуваў смагу і сказаў: «О, хто б даў мне вады напіцца са студні, што ў Бэтлехэме каля брамы!»
І тады гэтыя тры прабіліся скрозь табар Філістынцаў, і зачэрпнулі са студні ў Бэтлееме, якая каля брамы, і прынесьлі, і далі Давіду. І не захацеў Давід піць яе, і выліў яе для ГОСПАДА.
Такім чынам, яны ўтрох прабраліся праз лагер філістынцаў і зачэрпнулі вады са студні ў Бэтлехэме, што каля брамы, і прынеслі Давіду напіцца. Давід не захацеў яе піць, але выліў яе ў ахвяру Госпаду,
І сказаў: «Няхай будзе далёка ад мяне, Божа мой, каб я зрабіў гэта! Ці буду я піць кроў мужоў гэтых, якія мелі ў небясьпецы душы свае? Бо з небясьпекай для душаў сваіх яны прынесьлі [ваду]». І не захацеў яе піць. Вось што зрабілі гэтыя тры волаты.
кажучы: «Сцеражы мяне, Божа мой, каб я гэтак паступіў і піў кроў мужоў гэтых, бо праз небяспеку для жыцця свайго прынеслі мне ваду». І дзеля гэтае прычыны адмовіўся піць. Гэта выканалі трое наймацнейшых.
І Абішай, брат Ёава, быў галоўны над трыма. Ён падняў дзіду сваю на тры сотні [ворагаў] і пабіў [іх], і меў імя ў тых трох.
Таксама брат Ёаба Абісай; ён быў кіраўніком трыццаці і ён падняў дзіду сваю супраць трохсот, якіх пазабіваў, і ён з гэтых трох праславіўся,
З трыццаці ён быў выдатнейшы, і быў іх правадыром; але першым тром не дараўняўся.
паміж трыццаці ён у два разы праславіўся і быў іх кіраўніком; але з тымі трыма не параўняўся.
Бэная, сын Егаяды, сын мужа адважнага, [слаўнага] шматлікімі справамі, з Каўцээлю. Ён перамог двух ільвоў Мааву; і ён зыйшоў, і забіў ільва ў яме ў дзень завеі.
Баная, сын Ёяды, чалавек найдужэйшы, які многа подзвігаў зрабіў, родам з Кабсээля; ён забіў двух сыноў Арыэля з Мааба, ён таксама спусціўся і забіў ільва ў сярэдзіне вадаёма ў час завірухі.
І ён забіў Эгіпцяніна, чалавека, [які быў] ростам у пяць локцяў. У руцэ Эгіпцяніна была дзіда, як навой ткацкі; і ён выйшаў на яго з кіем, і вырваў дзіду з рукі Эгіпцяніна, і забіў яго дзідай ягонай.
І ён забіў егіпцяніна, які быў ростам пяць локцяў і трымаў у руцэ дзіду, як навой кроснавы; падышоў ён да яго з палкай і схапіў дзіду, якую ён трымаў рукой, і забіў яго яго ўласнай дзідай.
Вось што зрабіў Бэная, сын Егаяды! І ён меў імя ў тых трох волатаў.
Гэта зрабіў Баная, сын Ёяды, праслаўлены між трох асілкаў,
Ён быў слаўны сярод трыццаці, але тром не дараўняўся. І Давід паставіў яго над вартаю сваёй.
між трыццаці — першы; хоць з трыма не параўняўся, аднак паставіў яго Давід над сваімі ахоўнікамі.
І магутныя з мужных: Асаэль, брат Ёава, Эльханан, сын Дадо з Бэтлеему;
Далей самыя мужныя ў войску: Асаэль, брат Ёаба, і Эльханан, сын Дадо, з Бэтлехэма.
Шамот з Гароры; Хэлец з Пэлоны;
Сама Харадзіт, Эліка Харадзіт, Гэлес Палаціт,
Іра, сын Ікеша, з Тэкоа; Абіэзэр з Анатоту;
Хіра, сын Акеса, Тэкуіта, Абіязэр Анатаціт,
Сібэнай з Хушаты, Ілай з Ахохі,
Сабахай Гусаціт, Ілай Агагіт,
Маграй з Нэтофы; Хэлед, сын Бааны, з Нэтофы;
Магарай нэтафатыт, Хэлед, сын Бааны нэтафатыта,
Ітай, сын Рыбая, з Гівы сыноў Бэн’яміна; Бэная з Піратону;
Ітай, сын Рэбая з Габы сыноў Бэньяміна, Баная Паратаніт,
Хурай з Нахале-Гааша; Абіэль з Арабаты;
Гэдай з ручаёў Гааса, Абіэль Арбаціт,
Азмавэт з Бахурыму, Эліахба з Шаалвону;
Азмавет Бахурыміт, Эліяба Саалбаніт,
сыны Гашэма з Гізону; Ёнатан, сын Шагэ, з Гарары;
Асэм Гэзаніт, Ёнатан, сын Самы, Арарыт,
Ахіям, сын Сахара, з Гарары; Эліфал, сын Ура;
Агіям, сын Сахара, Арарыта, Эліпал, сын Ура,
Хэфэр з Мэхэры; Ахія з Пэлоны;
Хэфэр Мэхараціт, Ахія Паланіт,
Хэцро з Кармэлю; Наарай, сын Эзбая;
Гэсра Кармэліт, Наарай, сын Азбая,
Ёэль, брат Натана; Міўхар, сын Гагры;
Ёэль брат Натана, Мібагар, сын Агарая,
Цэлек з Амону; Нахарай з Бэроту, збраяносец Ёава, сына Цэруі;
Сэлек Аманеец, Нагарай Бэраціт, збраяносец Ёаба, сына Сэруі.
Іра з Етэру; Гарэў з Етэру;
Хіра Ятрэй, Гарэб Ятрэй,
Урыя Хет; Завад, сын Ахлая;
Урыя Хетэй, Забад, сын Агалая,
Адына, сын Шызы, Рубэніч, галава сыноў Рубэна, і з ім трыццаць;
Адзіна, сын Сізы Рубэніта, кіраўнік Рубэнітаў, і з ім трыццаць.
Ханан, сын Маахі; Язафат з Мітні;
Ханан, сын Маахі, і Язафат Матаніт,
Узі з Аштароту; Шама і Еіэль, сыны Хафама з Араэру;
Озія Астараціт, Сама і Егіэль, сыны Гатама Араэрыта.
Едыяэль, сын Шымры, і Ёха, брат ягоны, з Тыцы;
Ядзігэль, сын Сэмры, і Ёга, брат яго, Тасаіты.
Эліэль з Махавіму, Ерывай і Ёшавай, сыны Эльнаама; Ітма з Мааву;
Эліэль Магуміт і Ерыбай, і Ёсая, сыны Эльнэма, і Етма, Маабіт.
Эліеэль, Абэд, Яасіэль з Мэцаваі.
Эліэль, і Абэд, і Ясіэль з Собы.