1 летапісаў 14 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І паслаў Хірам, валадар Тыру, да Давіда паслоў, і дрэвы кедровыя, і муляроў, і цесьляроў, каб будаваць яму дом.
Таксама цар Тыра Гірам паслаў веснікаў да Давіда з кедравым дрэвам, і мулярамі, і сталярамі, каб пабудавалі яму дом.
І даведаўся Давід, што ГОСПАД умацаваў яго як валадара над Ізраілем, бо высока ўзьвялічылася валадарства ягонае дзеля народу Ягонага Ізраіля.
І Давід пераканаўся, што Госпад зацвердзіў яго царом Ізраэля і што высока паднялося яго царства дзеля народа яго Ізраэля.
І ўзяў Давід яшчэ жонак у Ерусаліме, і нарадзіў Давід яшчэ сыноў і дочак.
Таксама ў Ерузаліме Давід узяў сабе яшчэ жонак ды меў яшчэ сыноў і дачок;
І вось імёны тых, якія нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Шамуа, Шаваў, Натан і Салямон,
і гэта імёны дзяцей, што меў у Ерузаліме: Самуа, і Сабаб, і Натан, і Саламон,
Іўхар, Элішуа, Эльпалет,
Ебагар, і Элішуа, і Эліпалет,
Нагах, Нэфэг, Яфія,
Нога, а таксама Напэг, і Яфія,
Элішама, Бээліяда і Эліфэлет.
Элісама, і Бээліяда, і Эліпалет.
І пачулі Філістынцы, што Давід памазаны як валадар над усім Ізраілем, і выйшлі ўсе Філістынцы шукаць Давіда. І пачуў Давід, і выйшаў перад аблічча іхняе.
А філістынцы, чуючы, што Давід быў пасвячоны на цара над усім Ізраэлем, пайшлі ўсе, каб схапіць яго; калі даведаўся пра гэта Давід, ён пайшоў насустрач ім.
І Філістынцы прыйшлі, і азлажылі [табар] у даліне Рэфаім.
Затым філістынцы прыбылі і рассыпаліся па лагчыне Рэфаім.
І спытаўся Давід у Бога, кажучы: «Ці вырушыць мне супраць Філістынцаў, і ці Ты аддасі іх у рукі мае?» І сказаў яму ГОСПАД: «Руш, і Я аддам іх у рукі твае».
І параіўся Давід з Богам, пытаючыся: «Калі пайду супраць філістынцаў, ці аддасі іх у мае рукі?» І сказаў яму Госпад: «Ідзі, і аддам Я іх у твае рукі».
І пайшлі яны ў Баал-Пэрацым, і пабіў іх там Давід, і сказаў Давід: «Пабіў Бог ворагаў маіх рукою маёю, як прарыў вады». Дзеля гэтага далі імя месцу гэтаму Баал-Пэрацым.
І калі накіраваліся яны ў Баал-Парацым, і пабіў іх там Давід, дый казаў: «Разбіў Бог ворагаў маіх рукою маёй, як разбіваюцца воды». І таму тое месца названа было Баал-Парацымa.
І пакінулі там Філістынцы багоў сваіх, і загадаў Давід, і спалілі [іх] у агні.
І пакінулі там філістынцы багоў сваіх, якіх Давід загадаў спаліць.
І сабраліся зноў Філістынцы, і разлажылі [табар] у даліне.
У наступны раз філістынцы таксама нахлынулі і рассыпаліся па лагчыне;
І зноў спытаў Давід у Бога, і сказаў яму Бог: «Не выходзь на іх, ухіліся ад іх і ідзі на іх з боку тутавых дрэваў.
і зноў Давід раіўся з Богам ды Бог сказаў яму: «Не наступай на іх; абкружы іх з боку дрэў тутавых; і тады нападзеш на іх.
Калі пачуеш гук крокаў на вершалінах дрэваў, тады выйдзі на бітву, бо выйшаў Бог перад абліччам тваім, каб пабіць табар Філістынскі».
І калі пачуеш стукат крокаў у верхавінах дрэў тутавых, тады выступай у бой: бо рушыць Бог перад табой, каб разбіць войска філістынцаў».
І зрабіў Давід, як загадаў яму Бог; і пабілі табар Філістынскі ад Гібэону аж да Гэзэры.
Давід паступіў так, як Бог яму загадаў, і паразіў войска філістынцаў ад Габаона аж да Газэра.
І было праслаўлена імя Давіда па ўсіх землях, і ГОСПАД спаслаў страх Свой на ўсе народы.
І слава Давіда разышлася па ўсіх краінах, і Госпад нагнаў страх на ўсе народы.