1 летапісаў 16 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І прынесьлі Каўчэг Божы, і паставілі яго ў сярэдзіне Намёту, які Давід падрыхтаваў для яго, і склалі ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя перад абліччам Божым.
Дык перанеслі каўчэг Божы і памясцілі яго ў сярэдзіне палаткі, якую расцягнуў для яго Давід, і ўсклалі цэласпаленні і ахвяры прымірэння перад Богам.
І скончыў Давід паліць цэласпаленьні і ахвяры мірныя, і дабраславіў народ у імя ГОСПАДА.
І калі Давід скончыў складанне цэласпаленняў ды ахвяры прымірэння, дабраславіў ён народ у імя Госпада.
І раздаў усім Ізраільцянам, як мужчынам, так і жанчынам, кожнаму па бохану хлеба, і па кавалку мяса, і па кілішку віна.
Затым надзяліў кожнага ізраэльца ад мужчыны да жанчыны боханам хлеба, і ляпёшкай фінікаў, і фігамі.
І паставіў на службу перад Каўчэгам ГОСПАДА на служэньне лявітаў, каб нагадвалі [пра Яго], славілі і хвалілі ГОСПАДА, Бога Ізраіля:
І ён устанавіў перад каўчэгам Госпадавым паслугачоў з левітаў, каб памяталі аб абавязках перад Ім, і славілі, і ўсхвалялі Госпада, Бога Ізраэля:
Асаф — галоўны, і намесьнік ягоны Захарыя, Еіэль, Шэмірамот, Ехіэль, Матытыя, Эліяў, Баная, Абэд-Эдом і Еіэль з псалтырам і гусьлямі, Асаф — на цымбалах гучных,
Асафа, кіраўніка, і намесніка яго Захарыю, далей Егіэля, і Сэмірамота, і Егіэля, і Матацію, і Эліяба, і Банаю, і Абэдэдома, і Егіэля для ігры на псалтэрыёнах і цытрах, а Асафа, каб граў на цымбалах,
Бэная і Яхазіэль, сьвятары — заўсёды [трубіць] у трубы перад Каўчэгам Запавету Божага.
Банаю ж і Яхазіэля — святароў, каб трубілі ў трубы заўсёды перад каўчэгам запавету Божага.
У той дзень Давід упершыню загадаў славіць ГОСПАДА Асафу і братам ягоным:
У той дзень устанавіў Давід у першы раз, каб хвалілі Госпада праз Асафа ды яго братоў:
«Слаўце ГОСПАДА, клічце імя Ягонае, паведамляйце між народамі дзеі Ягоныя!
«Слаўце Госпада, прызывайце Яго імя, распавядайце між народамі Яго справы;
Сьпявайце Яму, выслаўляйце Яго, размаўляйце пра ўсе цудоўныя дзеі Ягоныя.
спявайце Яму і спявайце псалмы і распавядайце пра ўсе Яго цуды.
Хваліцеся імем Ягоным сьвятым! Няхай весяліцца сэрца тых, што шукаюць ГОСПАДА.
Хваліце Яго святое імя, хай цешыцца сэрца тых, хто шукае Госпада.
Шукайце ГОСПАДА і сілу Ягоную, шукайце аблічча Ягонае заўсёды.
Шукайце Госпада і магутнасці Яго, аблічча Яго шукайце заўсёды.
Узгадвайце цудоўныя дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў, цуды Ягоныя і прысуды вуснаў Ягоных.
Памятайце пра цуды Яго, якія ўчыніў, аб знаках Яго і судах вуснаў Яго.
Насеньне Ізраіля, слугі Ягоныя, сыны Якуба, выбранцы Ягоныя!
Нашчадкі Ізраэля — Яго паслугачы, сыны Якуба — выбраннікі Яго.
Ён — ГОСПАД, Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.
Ён, Госпад, Бог наш, Яго прысуды на ўсёй зямлі.
Ён памятае на вякі Запавет Свой, слова, якое загадаў на тысячу пакаленьняў,
Памятайце пра Яго запавет вечна, пра Яго слова, якое загадаў на тысячу пакаленняў,
якое заключыў з Абрагамам, і прысягу Сваю Ісааку.
пра запавет, які заключыў з Абрагамам, і пра прысягу Яго Ізааку.
Ён паставіў Якубу як пастанову, Ізраілю — запавет вечны,
І ўстанавіў яго Якубу як закон, і Ізраэлю як Вечны Запавет,
кажучы: “Табе Я дам зямлю Ханаан, [пракладу] шнур спадчыны вашай”.
кажучы: “Дам табе зямлю Ханаана, як долю вашай спадчыны”,
Калі было ў вас людзей мала на лік, вельмі мала і [вы былі] чужынцы ў ёй,
калі былі вы яшчэ нямногімі, нямногія і чужыя ў ёй.
і пераходзілі ад народу да народу, і ад [аднаго] валадарства да іншага народу,
І пераходзілі вы з пакалення ў пакаленне, ды ад царства — да другога народа.
Ён не дазволіў нікому прыгнятаць іх, і караў дзеля іх валадароў:
І не дазволіў нікому крыўдзіць іх, але за іх караў цароў:
[кажучы]: “Не чапайце памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабіце благога!”
“Не кранайце маіх намашчэнцаў дый прарокам маім не рабіце зла”.
Сьпявайце ГОСПАДУ, уся зямля, дабравесьціце з дня на дзень збаўленьне Ягонае.
Спявайце Госпаду, уся зямля, дзень пры дні абвяшчайце Яго збаўленне,
Абвяшчайце між народамі славу Ягоную, між усімі людзьмі — цуды Ягоныя.
распавядайце між паганамі Яго славу, ва ўсіх народах Яго цуды.
Бо вялікі ГОСПАД і годны хвалы, годны страху больш за ўсіх багоў.
Бо Госпад Магутны і вельмі слаўны і страшны для ўсіх багоў;
Бо ўсе богі народаў — ідалы, а ГОСПАД нябёсы ўчыніў.
бо ўсе багі паганаў — нікчэмныя, Госпад жа нябёсы стварыў.
Слава і велічнасьць перад абліччам Ягоным, моц і краса — на месцы Ягоным.
Слава і веліч перад абліччам Яго, моц і радасць — у Яго месцы.
Аддайце ГОСПАДУ, плямёны народаў, аддайце ГОСПАДУ славу і моц.
Аддавайце Госпаду, сем’і народаў, аддавайце Госпаду славу і ўладу;
Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага. Прынясіце дары і ідзіце перад аблічча Ягонае. Пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятыні.
аддавайце Госпаду славу імю Яго, ускладайце ахвяру і прыходзьце перад аблічча Яго, і ў адзенні святочным пакланіцеся Госпаду.
Дрыжы перад абліччам Ягоным, уся зямля. Ён сусьвет умацаваў, не пахісьнецца.
Хай уздрыгвае перад Ім уся зямля; Ён бо аснаваў свет непарушны.
Няхай узрадуюцца нябёсы, няхай узьвесяліцца зямля, і няхай скажуць між народамі: “ГОСПАД валадарыць!”
Хай цешацца нябёсы і радуецца зямля і хай кажуць усе народы: “Госпад валадарыць!”
Няхай мора гудзе і тое, што ў ім, няхай усьцешыцца поле і ўсё, што на ім.
Хай шуміць мора і ўсё, што яго запаўняе, хай цешацца палі і ўсё, што на іх існуе,
Тады будуць усклікаць дрэвы лясныя перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён прыходзіць судзіць зямлю.
тады хай перад Госпадам славяць Яго дрэвы лясныя, Ён бо прыйшоў судзіць зямлю.
Выслаўляйце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная.
Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная Яго міласэрнасць.
І кажыце: “Збаў нас, Божа збаўленьня нашага! І зьбяры нас, і выбаў нас ад паганаў, каб мы маглі славіць імя Тваё сьвятое і хваліліся славай Тваёй!”
І кажыце: “Ратуй нас, Божа, Збаўца наш, і збяры нас, і вырві ад народаў, каб славілі мы святое імя Тваё і каб цешыліся песнямі Тваімі.
Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і аж на вякі!» І сказаў увесь народ: «Амэн!», і славіў ГОСПАДА.
Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, на векі вечныя”». Дый увесь народ сказаў: «Амін!» і «Слава Госпаду!»
І [Давід] пакінуў там, перад Каўчэгам Запавету ГОСПАДА, Асафа і братоў ягоных, каб яны служылі перад Каўчэгам заўсёды, паводле патрэбы кожнага дня,
Так пакінуў Давід там, перад каўчэгам запавету Госпада, Асафа і братоў яго, каб спаўнялі паслугу пастаянна перад каўчэгам па рытуале кожнага дня.
і Абэд-Эдома і братоў ягоных, шэсьцьдзясят восем; а Абэд-Эдома, сына Едутуна, і Хосу прыдзьвернікамі,
Потым Абэдэдома з шасцюдзесяццю васьмю яго братамі, і Абэдэдома, сына Ідытуна, ды Госу паставіў прыдзвернымі.
а Цадока, сьвятара, і братоў ягоных, сьвятароў — перад Сялібай ГОСПАДА, на ўзгорку, які ў Гібэоне,
А святара Садока і братоў яго, святароў, паставіў перад скініяй Госпада на ўзгорку, што ў Габаоне,
каб складалі цэласпаленьні ГОСПАДУ на ахвярніку цэласпаленьня заўсёды, раніцаю і ўвечары, паводле ўсіх пастановаў Закону ГОСПАДА, які Ён загадаў Ізраілю.
каб ускладалі Госпаду на ахвярніку цэласпаленні заўсёды: раніцай і вечарам, паводле ўсяго таго, што напісана ў законе Госпада, які паручыў Ізраэлю.
І з імі Гэмана і Едутуна і іншых выбраных, якія прызначаныя па імёнах, каб славіць ГОСПАДА, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная.
І з імі былі Геман і Ідытун і астатнія выбраныя, па імю вызначаныя, каб дзякавалі Госпаду: «Бо навек міласэрнасць Яго».
Пры іх Гэман і Едутун з трубамі і цымбаламі, каб граць, і з інструмэнтамі для сьпеваў Божых; а сыны Едутуна — пры браме.
І з імі Геман і Ідытун славілі Бога, граючы на трубах, і ўдараючы моцна ў цымбалы і іншыя музычныя інструменты; сыноў жа Ідытуна паставіў прыдзвернымі.
І адыйшоў увесь народ, кожны ў дом свой, і вярнуўся Давід, каб дабраславіць дом свой.
Затым вярнуўся ўвесь народ, кожны ў свой дом, і таксама Давід, каб дабраславіць свой дом.