Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

1 летапісаў 13 1-я летапісаў 13 разьдзел

1 І раіўся Давід з тысячнікамі, сотнікамі і з усімі правадырамі,
2 і сказаў Давід усяму сходу Ізраільцянаў; калі заўгодна вам, і калі на тое будзе воля Госпада Бога нашага, пашлем усюды да астатніх братоў нашых, па ўсёй зямлі Ізраільскай, і разам зь імі да сьвятароў і лявітаў, у гарады і селішчы іхнія, каб яны сабраліся да нас,
3 і перанясем да сябе каўчэг Бога нашага, бо ў дні Саўла мы не зьвярталіся да яго.
4 І сказаў увесь сход: хай будзе так, — бо гэта дзея ўсяму народу здавалася справядлівай.
5 Так сабраў Давід усіх Ізраільцянаў, ад Шыхора Егіпецкага да ўваходу ў Эмат, каб перанесьці каўчэг Божы з Кірыятыярыма.
6 І пайшоў Давід і ўвесь Ізраіль у Карыятыярым, што ў Юдэі, каб перанесьці адтуль каўчэг Бога, Госпада, які сядзіць на херувімах, на якім называецца імя Яго.
7 І павезьлі каўчэг Божы на новай калясьніцы з дома Авінадава; і Оза і Ахія вялі калясьніцу.
8 А Давід і ўсе Ізраільцяне ігралі перад Богам з усёй сілы, са сьпевамі, на цытрах і на псалтырах, і тымпанах, і кімвалах і трубах.
9 Калі дайшлі да гумна Хідона, Оза працягнуў руку сваю, каб падтрымаць каўчэг, бо валы нахілілі яго.
10 Але Гасподзь разгневаўся на Озу, і пабіў яго за тое, што ён працягнуў руку сваю да каўчэга; і ён памёр тут жа перад абліччам Божым.
11 І засмуціўся Давід, што Гасподзь пабіў Озу. І назваў тое месца паразаю Озы; так называецца яно і да сёньня.
12 І спалохаўся Давід Бога ў дзень той, і сказаў: як я ўнясу да сябе каўчэг Божы?
13 І не павёз Давід каўчэга да сябе, у горад Давідаў, а завярнуў яго да дома Авэдара Гэцяніна.
14 І заставаўся каўчэг Божы ў Авэдара, у доме ягоным, тры месяцы, і дабраславіў Гасподзь дом Авэдара і ўсё, што ў яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга летапісаў, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002