1 І прынесьлі каўчэг Божы, і паставілі яго сярод скініі, якую зладзіў яму Давід, і ўзьнесьлі Богу цэласпаленьні і мірныя ахвяры.
2 Калі Давід закончыў цэласпаленьні і прынашэньне мірных ахвяр, дык дабраславіў народ імем Госпада.
3 І раздаў усім Ізраільцянам, і мужчынам і жанчынам, па адным хлебе і па кавалку мяса і па кубку віна,
4 і паставіў на службу перад каўчэгам Гасподнім некаторых зь лявітаў, каб яны славасловілі, дзякавалі і ўсхвалялі Госпада Бога Ізраілевага:
5 Асафа галоўным, другім пасьля яго Захара, Еела, Шэмірамофа, Ехііла, Мататыю, Эліяфа, і Ванэю, Авэд-Эдома і Еела з псалтырамі і цытрамі, і Асафа для ігры на кімвалах,
6 а Ванэю і Азііла, сьвятароў, каб пастаянна трубілі перад каўчэгам запавета Божага.
7 У гэты дзень Давід першы раз даў псальму для ўсхваленьня Госпада праз Асафа і братоў ягоных:
8 слаўце Госпада, узносьце імя Яго; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя;
9 сьпявайце Яму, барабаньце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя;
10 хвалецеся імем Ягоным сьвятым: хай радуецца сэрца тых, што шукаюць Госпада;
11 знайдзеце Госпада і сілы Яго, шукайце няспынна аблічча Яго;
12 спамінайце цуды, якія Ён стварыў, азнакі Яго і суды вуснаў Ягоных,
13 вы, семя Ізраілевае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Яго!
14 Ён Гасподзь Бог наш, суды Яго па ўсёй зямлі.
15 Памятайце вечна запавет Яго, слова, якое Ён наказаў ў тысячы родаў,
16 тое, што наказваў Абрагаму, і ў чым запрысягаўся Ісаку,
17 і што паставіў Якаву ў закон, і Ізраілю ў запавет вечны,
18 кажучы: табе дам Я зямлю Ханаанскую, у спадчынны надзел вам.
19 Яны былі тады малалікія і мізэрныя, і прыхадні ў ёй,
20 і пераходзілі ад народу да народу, і з аднаго царства да другога народу;
21 але Ён нікому не дазволіў крыўдзіць іх і выкрываў за іх цароў:
22 не дакранайцеся да памазаных Маіх, і прарокам Маім не рабеце ліха.
23 Сьпявайце Госпаду, уся зямля, дабравяшчайце дзень у дзень выратаваньне Яго.
24 Абвяшчайце язычнікам славу Яго, усім народам цуды Ягоныя,
25 бо вялікі Гасподзь і варты хвалы, страшны больш за ўсіх багоў.
26 Бо ўсе багі народаў нішто, а Гасподзь нябёсы стварыў.
27 Слава і веліч перад абліччам Ягоным, магутнасьць і радасьць на месцы Ягоным.
28 Узьнясеце Госпаду, плямёны народаў, узьнясеце Госпаду славу і гонар,
29 узьнясеце Госпаду славу імю Ягонаму. Вазьмеце дар, ідзеце прад аблічча Яго, пакланецеся Госпаду і хараству сьвятыні Яго.
30 Трымці перад ім, уся зямля, бо Ён запачаткаваў сусьвет, ён не пахісьнецца.
31 Хай весяляцца нябёсы, хай радуецца зямля, і хай скажуць у народах: Гасподзь валадарыць!
32 Хай плешча мора і што напаўняе яго, хай радуецца поле і ўсё, што на ім.
33 Хай пераможна радуюцца ўсе дрэвы дуброўныя прад абліччам Госпада, бо Ён ідзе судзіць зямлю.
34 Слаўце Госпада, бо навечна міласьць Яго,
35 і скажэце: выратуй, Божа, Выратавальнік наш! зьбяры нас і выбаві нас ад народаў, хай жа ўславім сьвятое імя Тваё і хай жа пахвалімся славаю Тваёю!
36 Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў ад веку і да веку! І сказаў увесь народ: амін! алілуя!
37 Давід пакінуў там, перад каўчэгам запавета Гасподняга, Асафа і братоў ягоных, каб яны служылі перад каўчэгам пастаянна, кожны дзень,
38 і Авэд-Эдома і братоў ягоных, шэсьцьдзясят восем чалавек; Авэд-Эдома, сына Ідытунавага, і Хосу — брамнікамі,
39 а Садока сьвятара і братоў сьвятароў перад жытлішчам Гасподнім, што на вышыні ў Гаваоне,
40 для прынашэньня цэласпаленьняў Госпаду на ахвярніку цэласпаленьня пастаянна, раніцай і ўвечары, і дзеля ўсяго, што напісана ў законе Госпада, які Ён наказаў Ізраілю;
41 і зь імі Эмана і Ідытуна і іншых выбраных якія назначаны паіменна, каб славіць Госпада, бо вечная міласьць Ягоная.
42 Пры іх Эман і Ідытун праслаўлялі Бога, іграючы на трубах, кімвалах і розных музычных спарудах; а сыноў Ідытуна паставіў пры браме.
43 І пайшоў увесь народ, кожны ў свой дом; вярнуўся і Давід, каб дабраславіць дом свой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першая кніга летапісаў, 16 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002