1 летапісаў 17 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Калі Давід жыў у доме сваім, дык сказаў Давід Натану прароку: вось, я жыву ў доме кедровым, а каўчэг запавета Гасподняга пад намётам.
І сталася, калі Давід жыў у доме сваім, сказаў Давід Натану прароку: «Вось, я жыву ў доме кедровым, а Каўчэг Запавету ГОСПАДА пад заслонамі [намёту]».
І сказаў Натан Давіду: усё, што ў цябе на сэрцы, рабі, бо з табою Бог.
І сказаў Натан Давіду: «Усё, што ў сэрцы тваім, рабі, бо Бог з табою».
Але тае ж ночы было слова Божае Натану:
І сталася ў тую ноч, і было слова Божае да Натана, кажучы:
ідзі і скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь: ня ты пабудуеш Мне дом для жытла,
«Ідзі і скажы Давіду, слузе Майму: “Гэтак кажа ГОСПАД. Ня ты збудуеш Мне дом, каб Я жыў [у ім].
бо Я ня жыў у доме з таго дня, як вывеў сыноў Ізраіля, і да сёньня, а хадзіў са скініі ў скінію з жытла ў жытло.
Бо Я ня жыў у доме ад дня, калі вывеў сыноў Ізраіля, і да дня гэтага, і Я пераходзіў з намёту ў намёт, і з сялібы [ў сялібу].
Дзе ні хадзіў Я з усім Ізраілем, ці сказаў Я хоць слова каму з судзьдзяў Ізраільскіх, якім Я загадаў пасьвіць народ Мой: чаму вы не пабудуеце Мне дома кедровага?
І ўсюды, дзе Я хадзіў па ўсім Ізраілі, ці сказаў Я слова аднаму з судзьдзяў Ізраіля, якім Я загадаў пасьвіць народ Мой, кажучы: “Дзеля чаго вы не пабудавалі Мне дом кедровы?”
І цяпер так скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь Саваоф: Я ўзяў цябе ад статку авечак, каб ты быў правадыр народу Майго Ізраіля;
І цяпер гэтак скажы слузе Майму Давіду: “Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я ўзяў цябе ад абораў, калі ты хадзіў за авечкамі, каб ты стаў правадыром над народам Маім, Ізраілем.
і быў з табою ўсюды, куды ты ні хадзіў, і вынішчыў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў імя тваё як імя вялікіх на зямлі;
І Я быў з табою ўсюды, куды ты хадзіў, і Я выгубіў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў табе імя, як імя вялікіх на зямлі.
і Я ўладзіў месца народу Майму Ізраілю, і ўкараніў яго, і будзе ён спакойна жыць на месцы сваім, і ня будзе больш трывожаны, і бязбожнікі ня будуць больш уціскаць яго, як раней.
І Я прыгатаваў месца для народу Майго, Ізраіля, і пасадзіў іх, і яны будуць жыць на месцы сваім, і ня будуць палохаць іх болей, і ня будуць перасьледаваць іх сыны нягоднасьці, каб вынішчаць іх, як [было] ўперад,
у тыя дні, калі Я паставіў судзьдзяў над народам Маім Ізраілем, і Я ўпакорыў усіх ворагаў тваіх і абвяшчаю табе, што Гасподзь зладзіць табе дом.
у той час, калі Я прызначаў судзьдзяў над народам Маім, Ізраілем. І Я скарыў усіх ворагаў тваіх, і абвяшчаю табе, што ГОСПАД збудуе табе дом.
Калі завершацца дні твае і ты адыдзеш да бацькоў тваіх, тады Я пастаўлю семя тваё пасьля цябе, якое будзе з сыноў тваіх, і ўмацую царства ягонае.
І станецца, калі напоўняцца дні твае, каб ты пайшоў да бацькоў тваіх, Я падыму насеньне тваё пасьля цябе, якое будзе з сыноў тваіх, і ўмацую валадарства ягонае.
ён пабудуе Мне дом, і ўцьверджу трон ягоны навекі.
Ён пабудуе Мне дом, і Я ўмацую пасад ягоны на вякі.
Я буду яму бацькам, і ён будзе Мне сынам, — і міласьці Маёй не адбяру ў яго, як Я адабраў у таго, які быў да цябе.
І Я буду яму Бацькам, а ён будзе Мне сынам, і міласэрнасьці Маёй не забяру ад яго, як Я забраў ад таго, які быў перад табою.
Я пастаўлю яго ў доме Маім і ў царстве Маім навекі, і трон яго будзе цьвёрды вечна.
І Я пастаўлю яго ў доме Маім і ў валадарстве Маім на вякі, і пасад ягоны будзе трываць на вякі”».
Усе гэтыя словы і ўяву дакладна пераказаў Натан Давіду.
Паводле ўсіх гэтых словаў і паводле ўсяго гэтага відзежу прамаўляў Натан да Давіда.
І прыйшоў цар Давід і стаў прад абліччам Гасподнім, і сказаў: хто я, Госпадзе Божа, і што такое дом мой, што Ты так узвысіў мяне?
І прыйшоў валадар Давід, і сеў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: «Хто я, ГОСПАДЗЕ Божа, і хто дом мой, што Ты прывёў мяне аж сюды?
Але і гэтага яшчэ здалося мала ў вачах Тваіх, Божа; Ты абвяшчаеш пра дом раба Твайго наперад, і глядзіш на мяне, як на чалавека вялікага, Госпадзе Божа!
Але і гэтага мала было ў вачах Тваіх, Божа; і Ты прамовіў пра дом слугі Твайго на доўгія часы, і глянуў на мяне, як на чалавека ўзьвялічанага, ГОСПАДЗЕ!
Што яшчэ можа дадаць перад Табою Давід дзеля ўзьвялічэньня раба Твайго? Ты ведаеш раба Твайго?
Што яшчэ можа дадаць Табе Давід за ўслаўленьне слугі Твайго? Ты ведаеш слугу Твайго.
Госпадзе! для раба Твайго, Ты робіш усё гэта вялікае, каб паказаць ўсялякую веліч.
ГОСПАДЗЕ! Дзеля слугі Твайго і паводле сэрца Твайго Ты ўчыніў усе гэтыя [справы] вялікія, каб выявілася ўся вялікасьць [Твая].
Госпадзе! Няма падобнага на Цябе, і няма Бога, апрача Цябе, паводле ўсяго, што чулі мы на свае вушы.
ГОСПАДЗЕ! Няма нікога, як Ты, і няма Бога, апрача Цябе, [Які зрабіў] усё, што мы чулі вушамі сваімі.
І хто падобны на народ Твой Ізраіль, адзіны народ на зямлі, да Якога прыходзіў Бог, каб адкупіць яго Сабе ў народ, зрабіць Сабе імя вялікай і страшнай дзеяй, — прагнаньнем народаў ад аблічча народу Твайго, які Ты выбавіў зь Егіпта.
І хто як народ Твой, Ізраіль, адзіны народ на зямлі, да якога прыйшоў Бог, каб выкупіць Сабе народ і зрабіць Сабе імя вялікімі і страшнымі справамі, выгнаўшы паганаў перад абліччам народу Свайго, які Ты выкупіў з Эгіпту?
Ты зрабіў народ Твой Ізраіля Сваім уласным народам навек, і Ты, Госпадзе, стаў Богам ягоным.
І Ты зрабіў народ Твой, Ізраіля, народам Сваім на вякі, і Ты, ГОСПАДЗЕ, стаў для іх Богам.
Дык вось цяпер, о Госпадзе, слова, якое Ты сказаў пра раба Твайго і пра дом ягоны, умацуй навек, і зрабі, як Ты сказаў.
І цяпер, ГОСПАДЗЕ, слова, якое Ты прамовіў пра слугу Твайго і пра дом ягоны, няхай будзе верным на вякі, і зрабі так, як Ты прамовіў.
І хай застанецца і ўзьвялічыцца імя Тваё вавекі, каб гаварылі: Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў, ёсьць Бог над Ізраілем, і дом раба Твайго Давіда хай будзе цьвёрды прад абліччам Тваім.
Няхай станецца верным і вялікім імя Тваё на вякі, каб казалі: “ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля — гэта Бог над Ізраілем”. І дом Давіда, слугі Твайго, няхай будзе ўмацаваны перад абліччам Тваім.
Бо Ты, Божа мой, адкрыў рабу Твайму, што Ты ўладзіш яму дом, таму раб Твой і асьмеліўся маліцца перад Табою.
Бо Ты, Божа мой, адкрыў у вуха слузе Твайму, што Ты пабудуеш яму дом. Дзеля гэтага адважыўся слуга Твой маліцца перад абліччам Тваім.
І цяпер, Госпадзе, Ты Бог, і Ты сказаў пра раба Твайго такое дабро.
І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог, і Ты сказаў пра слугу Твайго столькі добрага.
Пачні ж дабраслаўляць дом раба Твайго, каб ён быў вечна прад абліччам Тваім. Бо калі Ты, Госпадзе, дабраславіш, дык будзе ён дабраславёны навекі.
І цяпер пачні дабраслаўляць дом слугі Твайго, каб ён быў вечна перад абліччам Тваім, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, дабраславіў [яго], і ён будзе дабраслаўлёны на вякі».