1 летапісаў 14 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І паслаў Хірам, цар Тырскі, да Давіда паслоў, і кедровыя дрэвы, і муляроў, і цесьляроў, каб пабудаваць яму дом.
 
І паслаў Хірам, валадар Тыру, да Давіда паслоў, і дрэвы кедровыя, і муляроў, і цесьляроў, каб будаваць яму дом.

Калі даведаўся Давід, што ўмацаваў яго Гасподзь царом над Ізраілем, што ўзьнесена высока царства ягонае, дзеля народу яго Ізраіля,
 
І даведаўся Давід, што ГОСПАД умацаваў яго як валадара над Ізраілем, бо высока ўзьвялічылася валадарства ягонае дзеля народу Ягонага Ізраіля.

тады ўзяў Давід яшчэ жонак у Ерусалім, і спарадзіў Давід яшчэ сыноў і дочак.
 
І ўзяў Давід яшчэ жонак у Ерусаліме, і нарадзіў Давід яшчэ сыноў і дочак.

І вось імёны тых, што нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Самус, Саваў, Натан, Саламон,
 
І вось імёны тых, якія нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Шамуа, Шаваў, Натан і Салямон,

Эвэар, Элісуя, Элфалэт,
 
Іўхар, Элішуа, Эльпалет,

Ногах, Нафэк, Яфія,
 
Нагах, Нэфэг, Яфія,

і Элісама, Вэеліяда і Эліфалэт.
 
Элішама, Бээліяда і Эліфэлет.

І пачулі Філістымляне, што памазаны Давід у цара над усім Ізраілем, і падняліся ўсе Філістымляне шукаць Давіда. І пачуў Давід пра гэта і пайшоў супроць іх.
 
І пачулі Філістынцы, што Давід памазаны як валадар над усім Ізраілем, і выйшлі ўсе Філістынцы шукаць Давіда. І пачуў Давід, і выйшаў перад аблічча іхняе.

І Філістымляне прыйшлі і разьмясьціліся ў даліне Рэфаімаў.
 
І Філістынцы прыйшлі, і азлажылі [табар] у даліне Рэфаім.

І спытаўся Давід у Бога, кажучы: ці ісьці мне супроць Філістымлянаў, і ці аддасі іх у рукі мае? І сказаў яму Гасподзь: ідзі, і Я аддам у рукі твае.
 
І спытаўся Давід у Бога, кажучы: «Ці вырушыць мне супраць Філістынцаў, і ці Ты аддасі іх у рукі мае?» І сказаў яму ГОСПАД: «Руш, і Я аддам іх у рукі твае».

І пайшлі яны ў Ваал-Пэрацым, і пабіў іх там Давід; і сказаў Давід: зламаў Бог ворагаў маіх рукою маёю, як прарыў вады. Таму і далі імя мясьціне той: Ваал-Пэрацым.
 
І пайшлі яны ў Баал-Пэрацым, і пабіў іх там Давід, і сказаў Давід: «Пабіў Бог ворагаў маіх рукою маёю, як прарыў вады». Дзеля гэтага далі імя месцу гэтаму Баал-Пэрацым.

І пакінулі там Філістымляне багоў сваіх, і загадаў Давід, і спалены яны агнём.
 
І пакінулі там Філістынцы багоў сваіх, і загадаў Давід, і спалілі [іх] у агні.

І прыйшлі зноў Філістымляне і разьмясьціліся па даліне.
 
І сабраліся зноў Філістынцы, і разлажылі [табар] у даліне.

І яшчэ спытаўся Давід у Бога, і сказаў яму Бог не хадзі проста на іх, ухіліся ад іх і йдзі да іх з боку тутавых дрэў;
 
І зноў спытаў Давід у Бога, і сказаў яму Бог: «Не выходзь на іх, ухіліся ад іх і ідзі на іх з боку тутавых дрэваў.

і калі пачуеш шум як бы крокаў на вяршалінах тутавых дрэў, тады ўступі ў бітву, бо выйшаў Бог перад табою, каб пабіць табар Філістымлянаў.
 
Калі пачуеш гук крокаў на вершалінах дрэваў, тады выйдзі на бітву, бо выйшаў Бог перад абліччам тваім, каб пабіць табар Філістынскі».

І зрабіў Давід, як сказаў яму Бог; і разьбілі табар Філістымскі, ад Гаваона да Газэра.
 
І зрабіў Давід, як загадаў яму Бог; і пабілі табар Філістынскі ад Гібэону аж да Гэзэры.

І пранеслася імя Давідава па ўсіх землях, і Гасподзь зрабіў яго страшным для ўсіх народаў.
 
І было праслаўлена імя Давіда па ўсіх землях, і ГОСПАД спаслаў страх Свой на ўсе народы.