Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

2 Гаспадарстваў 17 2 Гаспадарстваў 17 разьдзел

1 Двананцатага году Агаза, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Гося Ілянок у Самары над Ізраелям, і гаспадарстваваў дзесяць год.
2 І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, але ня так, як каралі Ізраельскія, што былі перад ім.
3 Супроці яго выступіў Шалманесэр, кароль Асырскі, і стаў Гося слугою яму і даваў яму дань.
4 І знайшоў кароль Асырскі ў Госі ізраду, бо ён пасылаў паслоў да Со, караля Ягіпецкага, і не пасылаў дані каралю Асырскаму кажны год; і ўзяў яго кароль Асырскі пад старожу, і паслаў яго ў вязьніцу.
5 І ўзышоў кароль Асырскі на ўсю зямлю, і ўзышоў аж да Самары, і аблягаў яе тры гады.
6 Дзявятага году Госі заваяваў кароль Асырскі Самару, і перасяліў Ізраялян да Асыры, і асяліў іх у Галазе а ў Гавору, ля ракі Ґозан, а ў местах Мідзкіх.
7 І было: як грашылі сынове Ізраелявы перад СПАДАРОМ, Богам сваім, Каторы ўзьвёў іх ізь зямлі Ягіпецкае, з пад рукі Фараона, караля Ягіпецкага, і пачалі баяцца багоў іншых,
8 І хадзілі ў вуставах паган, каторых прагнаў СПАДАР ад віду сыноў Ізраелявых, і ў вуставах каралёў Ізраельскіх, каторыя яны ўстанавілі,
9 І рабілі сынове Ізраелявы патай справы нялюбыя СПАДАРУ, Богу свайму, і збудавалі сабе ўзвышшы ў вусіх местах сваіх, ад старожнае вежы аж да абароннага места.
10 І наставілі сабе асобкаў а гаёў на кажным высокім узгорку і пад кажным зялёным дзервам,
11 І пачалі там кадзіць на ўсіх узвышшах падобна да паган, каторых СПАДАР выгнаў ад іх, і рабілі благія ўчынкі, каб наругацца СПАДАРУ,
12 І служылі балваном, праз каторыя казаў ім СПАДАР: «Не рабіце гэтага»;
13 Тады СПАДАР сьветчыў на Ізраеля а Юду ўсімі прарокамі Сваімі, усімі відзеньнікамі, кажучы: «Зьвярніцеся з благіх дарогаў сваіх, і дзяржыце расказаньні Мае, уставы Мае, подле ўсяе навукі, каторую Я расказаў бацьком вашым і каторую Я паслаў вам слугамі Сваімі, прарокамі».
14 І яны ня слухалі, і закалянілі завыек свой, як завыек айцоў іхных, каторыя ня верылі ў СПАДАРА, Бога свайго;
15 І ўлегцы замелі ўставы Ягоныя, і змову Ягоную, каторую Ён учыніў із бацькамі іхнымі, і сьветчаньні Ягоныя, якімі Ён сьветчыў супроці іх, і пайшлі за пусьцінёй, і сталі пусьцінёй, і за акалічнымі паганамі, праз каторыя СПАДАР расказаў ім не рабіць так, як яны;
16 І пакінулі ўсі расказаньні СПАДАРА, Бога свайго, і зрабілі сабе літыя абразы двух цялят-бычкоў, і ўладзілі гай, і кланяліся ўсяму войску нябёснаму, і служылі Ваалу;
17 І праводзілі сыноў сваіх а дачкі свае перазь цяпло, і варажылі варожбамі, і чаравалі, і аддаліся таму, каб рабіць благое ў ваччу СПАДАРА, каб гневаць Яго.
18 І запалаў СПАДАР гневам на Ізраеля, і адхінуў іх ад віду Свайго. Не засталося нікога, апрача адзінага плямені Юдзінага.
19 Дый Юда не дзяржаў расказаньняў СПАДАРА, Бога свайго, і хадзіў у звычаёх Ізраеля, як чынілі яны.
20 І ўлегцы замеў СПАДАР усе насеньне Ізраеля, і зьнемарасьціў іх, і аддаў іх ў рукі глабаньнікаў, аж пакуль не адхінуў іх ад віду Свайго;
21 Бо адарваўся Ізраель ад дому Давідавага і ўстанавілі за караля Еровоама Невацёнка, і адпіхнуў Еровоам Ізраялян ад СПАДАРА, і ўцягнуў іх у вялікі грэх.
22 І хадзілі сынове Ізраелявы ў вусіх грахох Еровоама якія ён рабіў, не адхіналіся ад гэтага,
23 Аж пакуль СПАДАР не адвярнуў Ізраеля ад віду Свайго, як казаў усімі слугамі Сваімі, прарокамі. І пераселены Ізраель ізь зямлі свае да Асыры, ідзе ён і дагэтуль.
24 І прывёў кароль Асырскі людзёў з Бабілёну а з Куты а з Аўны а з Гамафу а із Сэфарваіму, і асяліў у местах Самарскіх замест сыноў Ізраелявых. І яны апанавалі Самару, і жылі ў местах яе.
25 І было на пачатку жыцьця іхнага там, што яны не баяліся СПАДАРА; і паслаў СПАДАР на іх лявы, і бывала, што яны забівалі з памеж іх.
26 І наказалі каралю Асырскаму, кажучы: «Народы, каторыя ты перасяліў і асяліў у местах Самарскіх, ня знаюць звычаю Бога тае зямлі, і паслаў на іх лявы, і вось, яны забіваюць іх, бо яны ня знаюць звычаю Бога тае зямлі».
27 І расказаў кароль Асырскі, кажучы: «Пашліце туды аднаго ізь сьвятароў, каторых вы высялялі стуль; хай пойдуць і жывуць там, і ён навуча іх звычаю Бога тае зямлі».
28 І прышоў адзін ізь сьвятароў, каторых высялілі із Самары, і жыў у Бэт-Элю, і вучыў іх, як сьціць СПАДАРА.
29 Кажны народ, адылі, зрабіў свае багі, і пастанавіў у дамох узвышшаў, якія ўладзілі Самаране, — кажны народ у сваіх местах, ідзе жывуць яны.
30 Бабіляняне зрабілі Суккот-Беноф, Кутцы зрабілі Нерґала, Гамафяне зрабілі Ашыму,
31 Аўвяне зрабілі Ніўгаза а Тартака, а Сэфарваімцы палілі сыноў сваіх на цяпле Адрамелеху а Анамелеху, багом Сэфарваімскім.
32 І яны баяліся СПАДАРА, і зрабілі сабе з найніжшых ізь іх сьвятароў узвышшаў, і яны служылі ў іх у дамох узвышшаў.
33 СПАДАРА то яны сьцілі, а сваім багом служылі, подле звычаю народаў, скуль яны былі пераселены.
34 Дагэтуль яны робяць подле бытых звычаёў: яны не баяцца СПАДАРА, і ня робяць подле сваіх уставаў ані подле сваіх правілаў, ані подле права а расказаньняў, каторыя СПАДАР расказаў сыном Якава, катораму Ен даў імя Ізраель.
35 Учыніў СПАДАР ізь імі змову, і расказаў ім: «Ня бойцеся багоў іншых, і ня кланяйцеся ім, і ня служыце ім, і не абракайце аброкаў ім;
36 Але СПАДАРА, Каторы ўзьвёў вас ізь зямлі Ягіпецкае сілаю вялікаю і цаўём выцягненым, — Яго бойцеся, і Яму кланяйцеся, і Яму абракайце;
37 І звычаі, і ўрады, і права, і расказаньні, каторыя Ён напісаў вам, маеце дзяржаць, каб паўніць усі дні, і ня бойцеся багоў іншых;
38 І змовы, каторую Я ўчыніў із вамі, не забывайцеся, і ня бойцеся багоў іншых;
39 Адно СПАДАРА, Бога вашага, бойцеся, і Ён выбаве вас ад рукі ўсіх варагоў вашых».
40 І яны не паслухалі, але подле звычаю свайго ранейшага чынілі.
41 Народы гэтыя сьцілі СПАДАРА, але служылі сваім выразаным балваном. Дый дзеці іхныя і дзеці дзяцей іхных робяць дагэтуль так, як рабілі бацькі іхныя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Гаспадарстваў, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.