Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

2 Гаспадарстваў 14 2 Гаспадарстваў 14 разьдзел

1 Другога году Ёаша Ёагазёнка, караля Ізраельскага, загаспадарстваваў Амася Ёашонак, кароль Юдэйскі.
2 Дваццаць пяць год было яму, як загаспадарстваваў, і дваццаць дзевяць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя маці ягонае Егоаддынь, зь Ерузаліму.
3 І рабіў ён добрае ў ваччу СПАДАРОВЫМ, ня так, адылі, як ацец ягоны Давід. Ён у вусім рабіў так, як ацец ягоны Ёаш.
4 Адно ўзвышшы ня былі яшчэ аддалены: люд абракаў яшчэ аброкі і кадзіў кадзіла на ўзвышшах.
5 Як умацавалася каралеўства ў рукох ягоных, тады ён зрабіў сьмерць служцом сваім, што забілі караля, айца ягонага.
6 Але дзяцём убіўцаў не зрабіў сьмерці, бо напісана ў кнізе Закону Масеявага, у каторай расказаў СПАДАР, кажучы: «Ня маюць быць караны сьмерцяй айцове за дзеці, і дзеці ня маюць быць караны сьмерцяй за айцоў; але кажны за свой выступ мае быць караны сьмерцяй».
7 Ён паразіў дзесяць тысячаў Едомлян на даліне Салонай, і ўзяў Сэлу вайною, і назваў імя яе Ёкфеель, каторае аж дагэтуль.
8 Тады паслаў Амася паслоў да Егоаша, караля Ізраельскага, сына Егоагаза Ежанка, кажучы: «Выйдзі, глянем у від адзін аднаму».
9 І паслаў Егоаш, кароль Ізраельскі, да Амасі, караля Юдэйскага, кажучы: «Цернь, каторая на Лібане, паслала да кедры, каторы на Лібане ж, кажучы: "Аддай дачку за жонку сыну майму". Але прайшлі дзікія зьвяры, каторыя на Лібане, і стапталі гэтую цернь.
10 Ты чыста разьбіў Едомлян, і сэрца твае загардзела. Хваліся й сядзі ў доме сваім. Нашто табе выгукаць ліха? Упадзеш ты й Юда з табою».
11 Але не паслухаў Амася. І ўзышоў Егоаш, кароль Ізраельскі, і глянулі ў від адзін аднаму, ён і Амася, кароль Юдэйскі, у Вефшэмішу Юдэйскім.
12 І разьбіты былі Юда Ізраелям, і ўцяклі кажны да будану свайго.
13 І Амасю, караля Юдэйскага, сына Егоаша Агазёнка, захапіў Егоаш, кароль Ізраельскі, у Вефшэмішу, і прышоў да Ерузаліму, і разбурыў сьцяну Ерузалімскую ад брамы Яхрэмавае аж да брамы Рагавое на чатырыста локцяў.
14 І ўзяў усе золата а срэбра а ўсе судзьдзе, што знайшлося ў доме СПАДАРОВЫМ а ў скарбніцах дому каралеўскага, і закладнікаў, і зьвярнуўся да Самары.
15 Засталыя справы Егоашавы, што ён зрабіў, і дужасьць ягоная, і як ён ваяваў з Амасям, каралём Юдэйскім, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
16 І супачыў Егоаш із айцамі сваімі, і пахаваны ў Самары з каралямі Ізраельскімі. І загаспадарстваваў Еровоам, сын ягоны, замест яго.
17 І жыў Амася Ёашонак, кароль Юдэйскі, па сьмерці Егоаша Егоагазёнка, караля Ізраельскага, пятнанцаць год.
18 Засталыя справы Амасіны ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
19 І зрабілі змову супроці яго ў Ерузаліме, і ўцёк ён да Лахішу. І паслалі за ім да Лахішу й забілі яго там.
20 І прывезьлі яго на конях, і пахаваны ён быў у Ерузаліме з айцамі сваімі ў месьце Давідавым.
21 І ўзяў увесь люд Юдэйскі Азару, катораму было шаснанцаць год, і ўстанавілі яго за караля замест айца ягоната Амасі.
22 Ён забудаваў Елаф і зьвярнуў яго Юдзе, просьле тога як кароль быў супачыўшы з айдамі сваімі.
23 Пятнанцатага году Амасі Ёашонка, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Еровоам Ёашонак, кароль Ізраельскі, у Самары, і гаспадарстваваў сорак адзін год.
24 І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ: не адхінаўся ад усіх грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
25 Ён зьвярнуў граніцу Ізраеля ад уходу да Гамафу аж да мора пустыні, подле слова СПАДАРА, Бога Ізраелявага, каторае Ён праказаў слугою Сваім Ёнаю Акіфаёнкам, прарокам із Ґафгеферу;
26 Бо СПАДАР бачыў гароту Ізраеля, вельма гаркую, ажно не заставалася ані замкнёнага, ані засталага, і ня было памачніка ў Ізраелю.
27 І не казаў СПАДАР, што вытра імя Ізраялян з-пад нябёсаў, і выбавіў іх рукою Еровоама Ёашонка.
28 Засталыя справы Еровоамовы, і ўсе, што ён зрабіў, і дужасьць ягоная, як ён ваяваў, і як зьвярнуў Ізраелю Дамашк а Гамаф Юдэйскі, ціж яны не запісаны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
29 І супачыў Еровоам із айцамі сваімі, з каралямі Ізраельскімі. І загаспадарстваваў Захара, сын ягоны, замест яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Гаспадарстваў, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.