4 царстваў 3 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Егорам Агавёнак загаспадарстваваў над Ізраелям у Самары асьмінанцатага году Ясапата, караля Юдэйскага, і гаспадарстваваў двананцаць год.
Ярам, сын Ахаба, узяў уладу над Ізраэлем у Самарыі на васемнаццаты год Язафата, цара Юдэі, і цараваў дванаццаць гадоў.
І рабіў ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ, хоць ня так, як ацец ягоны й маці ягоная: ён выкінуў стоўп Ваала, каторы быў зрабіўшы ацец ягоны.
І дапускаўся ён усякага ліха перад Госпадам, але не так, як бацька яго і маці; бо ён прыняў слуп Баала, які зрабіў бацька яго.
Адылі да грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў у грэх Ізраеля, ён прыліп, не адхінуўся ад іх.
Трываў ён, аднак, у грахах Ерабаама, сына Набата, які навучыў грашыць Ізраэль, і не адступіў ад іх.
І Меша, кароль Моаўскі, быў собсьнікам авец, і здаваў каралю Ізраельскаму па сто тысячаў ягнят і па сто тысячаў бараноў з воўнаю.
А Мэса, цар Мааба, гадаваў многа жывёлы і даваў цару Ізраэля сто тысяч авечак і воўну са ста тысяч бараноў.
Але сталася: як Агаў памер, то кароль Моаўскі паўстаў супроці караля Ізраельскага.
Але пасля смерці Ахаба ён парушыў дагавор, які меў з царом Ізраэля.
І вышаў кароль Егорам у тым часе із Самары, і палічыў усіх Ізраялян.
Такім чынам, цар Ярам выйшаў у той дзень з Самарыі і зрабіў агляд усяго Ізраэля;
І пайшоў, і паслаў да Ясапата, караля Юдэйскага, кажучы: «Кароль Моаўскі паўстаў супроці мяне; ці пойдзеш з імною на вайну супроці Моава?» Ён сказаў: «Узыйду; як ты, так і я; як твой люд, так і мой люд; як твае коні, так і мае коні».
і ў дарозе ён паслаў Язафату, цару Юдэі, пасланцоў, паведамляючы: «Цар Мааба ўзбунтаваўся супраць мяне. Ці хочаш пайсці са мной ваяваць супраць Мааба?» Той адказаў: «Пайду. Як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ, як твае коннікі, так і мае коннікі».
І сказаў: «Якою дарогаю ўзыйсьці нам?» Ён сказаў: «Дарогаю пустыні Едомскае».
І запытаўся: «Якой дарогай мы пойдзем?» А ён адказаў: «Праз Эдомскую пустыню».
І пайшоў кароль Ізраельскі, і кароль Юдэйскі, і кароль Едомскі. І кружынялі дарогаю сем дзён, і ня было вады войску й статку, што быў зь імі.
Такім чынам, рушылі цар Ізраэля, і цар Юдэі, і цар Эдома і ішлі па дарозе сем дзён; і не было вады ў войска, ані ў жывёлы, што ішла за імі.
І сказаў кароль Ізраельскі: «Бяда! згукаў СПАДАР трох каралёў гэтых, каб аддаць у руку Моава».
І сказаў цар Ізраэля: «Бяда! Сабраў Госпад трох цароў, каб выдаць у рукі Мааба».
І сказаў Ясапат: «Ці няма тут прарокі СПАДАРОВАГА, каб нам папытацца ў СПАДАРА ім?» І адказаў адзін із служцоў караля Ізраельскага, і сказаў: «Тут Елісэй Шафацёнак, каторы паліваў ваду на рукі Ільлі».
І запытаўся Язафат: «Ці няма тут прарока Госпадава, каб праз яго спытаць Госпада?» І адказаў адзін з паслугачоў цара Ізраэля: «Ёсць тут Элісей, сын Сафата, які паліваў вадой рукі Іллі».
І сказаў Ясапат: «Ёсьць у яго слова СПАДАРОВА». І зышлі да яго кароль Ізраельскі а Ясапат а кароль Едомскі.
І кажа Язафат: «Ён мае слова Госпада». І пайшлі да яго цар Ізраэля, і Язафат, і цар Эдома.
І сказаў Елісэй каралю Ізраельскаму: «Што імне й табе? пайдзі да прарокаў айца свайго й да прарокаў маці свае». І сказаў яму кароль Ізраельскі: «Не; бо СПАДАР згукаў сюды трох каралёў гэтых, каб аддаць іх у руку Моава».
І сказаў Элісей цару Ізраэля: «Што табе да мяне? Ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці сваёй». І сказаў яму цар Ізраэля: «Ці ж не сабраў Госпад трох цароў гэтых, каб аддаць іх у рукі Мааба?»
І сказаў Елісэй: «Жыў СПАДАР войскаў, перад каторым я стаю! калі б я не паважаў Ясапата, караля Юдэйскага, то ня глянуў бы на цябе й ня бачыў бы цябе.
І сказаў Элісей: «Жыве Госпад Магуццяў, перад абліччам Якога я стаю, калі б я не паважаў Язафата, цара Юдэі, не звярнуў бы ўвагі на цябе і не глянуў бы.
Цяпер гукнеце імне гусьляра». І як гусьляр граў на гусьлях, то была на ім рука СПАДАРОВА.
Цяпер жа прывядзіце да мяне гусляра». І, калі гусляр зайграў, усклаў на Элісея руку Госпад,
І ён сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Рабіце на гэтай даліне равы, равы";
і ён пачаў прамаўляць: «Гэта кажа Госпад: “Выкапайце ў гэтай лагчыне равы побач равоў”.
Бо гэтак кажа СПАДАР: "Не абачыце ветру й не абачыце дажджу, а даліна гэтая напоўніцца вадою, і будзеце піць вы й статак ваш і жывёла ваша".
Бо гэта кажа Госпад: “Не ўбачыце ветру, ані дажджу, і лагчына гэтая запоўніцца вадою; і будзеце вы піць, і ваш статак, і ваша жывёла”.
Але гэтага мала перад ачыма СПАДАРА: Ён і Моава аддасьць у рукі вашы,
І гэтага яшчэ мала ў вачах Госпада: выдасць таксама Ён Мааб у рукі вашы,
І вы зразіце ўсі месты ўмацаваныя, і ўсі месты выборныя, і ўсі найлепшыя дзервы сьсячыце, і ўсі жаролы водныя запыніце, і ўсі найлепшыя лапіны палявыя папсуіце каменьням».
і вы зруйнуеце ўсе гарады ўмацаваныя і ўсе гарады лепшыя, і вы пассякаеце ўсе пладаносныя дрэвы, і засыплеце ўсе крыніцы водаў, і ўсе добрыя палі закідаеце камянямі».
І сталася нараніцы, як абракаюць хлебны аброк, што, вось, палілася вада па дарозе ад Едому, і напоўнілася зямля вадою.
Такім чынам, сталася раніцай, калі звычайна складаецца ахвяра, і, вось, вада пацякла дарогаю Эдомскай. І запоўнілася зямля вадою.
Як увесь Моаў пачулі, што ўзышлі каралі ваяваць ізь імі, тады згуканы былі ад усіх, ад папяразуючага пояс і вышэй, і сталі на граніцы.
А ўсе маабцы, даведаўшыся, што падыходзяць цары, каб ваяваць супраць іх, склікалі ўсіх, здатных насіць зброю, ды сталі на мяжы.
І ўсталі яны нараніцы, і сонца зьзяла над водамі, і здаваліся Моаўлянам насупроці іх воды чырвоныя, як кроў.
І, вельмі рана ўстаўшы, яшчэ на ўзыходзе сонца, на ўзвышшы, убачылі маабцы насупраць ваду чырвоную, як кроў,
І сказалі яны: «Гэта кроў: чыста зьнішчаны каралі, паразілі адзін аднаго; цяпер на здабытак, Моаве!»
і закрычалі яны: «Гэта кроў сечы! Цары змагаліся паміж сабой і пазабівалі адзін аднаго. Цяпер хадзем па здабычу, маабцы!»
І прышлі яны да табару Ізраельскага. І ўсталі Ізраяляне, і білі Моава, і тыя ўцякалі ад іх, а яны далей ішлі на іх і білі Моава.
І пайшлі яны ў лагер Ізраэля. Падняліся ж ізраэльцы і ўдарылі маабцаў так, што тыя кінуліся перад імі ўцякаць. Такім чынам, яны ішлі наперад, пераследуючы і забіваючы маабцаў.
І месты разбурылі, і на кажнае выборнае поле кінулі кажны па каменю, і закідалі яго; і ўсі жаролы водаў запынілі, і ўсі найлепшыя дзервы сьсеклі, ажно засталося толькі каменьне ў Кір-Гарэсэце. І абступілі яго пушчальнікі, і разбурылі яго.
І зруйнавалі гарады, і закідалі ўсе добрыя палі камянямі, і засыпалі ўсе крыніцы водаў, і пассякалі ўсе пладаносныя дрэвы, так што засталіся толькі муры Кірхарэса; і абкружылі горад прашчнікі і закідвалі каменнямі.
І абачыў кароль Моаўскі, што бітва перамагае яго, і ўзяў із сабою сямсот чалавекаў, меч агаляючых, каб прабіцца скрозь караля Едомскага, але не маглі.
Калі цар Мааба ўбачыў, што перамагаюць ворагі яго, то ўзяў з сабой семсот чалавек, валодаючых мечам, каб прабіцца да цара Эдома; і не змаглі яны.
І ўзяў ён сына свайго першака, каторы меў гаспадарстваваць замест яго, і аброк яго на ўсепаленьне на сьцяне. І было вялікае абурэньне на Ізраялян, і яны адступілі ад яго, і зьвярнуліся да зямлі свае.
Тады ўзяў ён сына свайго першароднага, які па ім меў цараваць, і склаў яго ў ахвяру цэласпалення на муры. І паўстала вялікая агіда ў ізраэльцаў, і яны адразу ж адышлі ад яго, і вярнуліся ў сваю зямлю.