4 царстваў 9 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

А Елісэй прарока гукнуў аднаго із сыноў прароцкіх і сказаў яму: «Паперажы сьцёгны свае, і вазьмі гэтую судзіну з аліваю ў руку сваю, і пайдзі да Рамофу Ґілеадзкага.
 
А прарок Элісей паклікаў аднаго з сыноў прарокаў і сказаў яму: «Падперажы сцёгны свае, і вазьмі гэтую пасудзіну з алеем у руку сваю, і ідзі ў Рамот у Галаадзе.

І як прыйдзеш туды, выглядзі там Егу, сына Ясапата Німшанка, і ўвыйдзі, і кажы яму ўстаць із памеж братоў ягоных, і ўвядзі яго да нутранога пакою;
 
Калі прыйдзеш туды, убачыш Егу, сына Язафата, сына Намсі, і, увайшоўшы, возьмеш яго пасярод братоў яго, і ўвядзеш ва ўнутраны пакой.

І вазьмі судзіну з алеям, і вылі на галаву яму, і скажы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Памазаў цябе за караля над Ізраелям’". І адчыні дзьверы, і ўцячы, і ня длякайся».
 
І возьмеш пасудзіну з алеем, і выльеш на галаву яму, і скажаш: “Гэта кажа Госпад: “Я намашчаю цябе на цара Ізраэля”. І адчыніш дзверы, і ўцячэш адтуль без затрымкі».

І пайшоў дзяцюк, дзяцюк прароцкі, да Рамофу Ґілеадзкага;
 
І пайшоў у Рамот у Галаадзе той юнак, паслугач прарока,

І ўвыйшоў, і вось, сядзяць вайводцы. І сказаў: «У мяне слова да цябе, вайводца». І сказаў Егу: «Да каго з усіх нас?» І сказаў ён: «Да цябе, вайводца».
 
і прыйшоў. А вось, сядзелі разам кіраўнікі войска, і ён сказаў: «Маю табе, кіраўнік, сказаць слова». І Егу сказаў: «Каму з усіх нас?» А ён сказаў: «Табе, о кіраўнік».

І ўстаў ён, і ўвыйшоў у дом. І выліў алей на галаву яму, і сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я памазаў цябе за караля над людам СПАДАРОВЫМ, над Ізраелям;
 
І ён устаў, і ўвайшоў у пакой. А юнак выліў алей яму на галаву і сказаў: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Я намашчаю цябе на цара над народам Госпадавым, над Ізраэлем.

І ты паразіш дом Агавоў, спадара свайго, і Я памшчуся за кроў слугаў Сваіх прарокаў і за кроў усіх слугаў СПАДАРОВЫХ із рукі Езэвелі.
 
Ты знішчыш дом Ахаба, гаспадара твайго, каб адпомсціць за кроў паслугачоў Маіх, прарокаў, і за кроў усіх паслугачоў Госпада, якія загінулі ад рукі Езабэлі.

І загіне ўвесь дом Агавоў, і выгублю ўв Агава нават тога, што мочыцца на сьцяну, і замкнёнага, і засталага ў Ізраелю.
 
І знішчу Я ўвесь дом Ахаба, і Я заб’ю ў Ахаба ўсіх мужчынскага роду, і маладога, і дарослага ў Ізраэлі.

І аддам дом Агавоў, як дом Еровоама Невацёнка, і як дом Ваашы Агіёнка.
 
І зраблю Я з домам Ахаба, як з домам Ерабаама, сына Набата, і як з домам Баасы, сына Ахіі.

А Езэвель зьядуць сабакі на полю Ізрэельскім, і ніхто не пахавае яе». І адчыніў дзьверы, і ўцёк.
 
Таксама Езабэль з’ядуць сабакі на полі Езрагэль, і не будзе каму пахаваць яе”». І адчыніў ён дзверы, і ўцёк.

І вышаў Егу да служцоў спадара свайго, і сказалі яму: «Ці супакой? чаго прыходзіў гэты шалёны да цябе?» І сказаў ім: «Вы знаеце гэтага чалавека й мову ягоную».
 
А Егу выйшаў да паслугачоў гаспадара свайго, якія запыталіся ў яго: «Ці добра ўсё? Чаго прыходзіў да цябе гэты шаленец?» Ён адказаў ім: «Вы ведаеце гэтага чалавека і што ён гаварыў?»

І сказалі: «Няпраўда, скажы нам». І сказаў ён: «Так а так ён сказаў імне, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Памазаў цябе за караля над Ізраелям’"».
 
Але яны адказалі: «Гэта хлусня! Раскажы нам!» Ён сказаў ім: «Так і так сказаў ён мне, кажучы: “Гэта кажа Госпад: “Я намашчаю цябе на цара над Ізраэлем”».

І пабарзьдзілі яны, і ўзялі кажны адзецьце свае, і падаслалі яму на найвышшым уступцу, і затрубілі ў трубу, і сказалі: «Загаспадарстваваў Егу!»
 
Дык кожны з іх зняў паспешна плашч свой і разаслаў ля ног яго на прыступках, і затрубілі яны ў трубу, і закрычалі: «Егу — цар!»

І паўстаў Егу, сын Ясапата Німшанка, супроці Ёрама; Ёрам жа сьцярог у Рамофе Ґілеадзкім, ён а ўвесь Ізраель ад Газаеля, караля Арамскага.
 
Такім чынам, Егу, сын Язафата, сына Намсі, паўстаў супраць Ярама. А сам Ярам і ўвесь Ізраэль у той час баранілі Рамот у Галаадзе ад Газаэля, цара Сірыі,

Але кароль Ёрам зьвярнуўся, каб лячыцца ў Ізрэелю ад ран, каторыя яму задалі Арамляне, як ён ваяваў з Газаелям, каралём Арамскім. І сказаў Егу: «Калі гэта будзе вашаю думкаю, хай ніхто ня выходзе зь места, каб ісьці накаэаць у Ізрэелю».
 
і вярнуўся Ярам, каб вылечыць у Езрагэлі раны, якія прычынілі яму сірыйцы ў баі супраць Газаэля, цара Сірыі. І сказаў Егу: «Калі вы згодны са мною, хай ніводзін не выходзіць з горада, каб занесці вестку ў Езрагэль».

Дык Егу сеў на цялежкі й паехаў да Ізрэелю, бо Ёрам ляжаў там. І Агазя, кароль Юдэйскі, зышоў даведацца Ёрама.
 
І ўстаў ён, і накіраваўся ў Езрагэль; бо Ярам ляжаў там, і Ахазія, цар Юдэі, прыбыў наведаць Ярама.

І вартаўнік стаяў на вежы ў Ізрэелю, як ён ехаў, і сказаў: «Я бачу аддзел». І сказаў Ёрам: «Вазьмі коньніка, і пашлі наўпярэймы ім, і хай скажа: "Ці мір?"».
 
Такім чынам, вартаўнік, які стаяў на вежы ў Езрагэлі, убачыў дружыну Егу, калі ён ішоў, і закрычаў: «Бачу людзей». І Ярам сказаў: «Вазьмі конніка, і пашлі насустрач ім, і хай ён спытае, падышоўшы: “Ці ўсё добра?”»

І выехаў коньнік наўпярэймы яму, і сказаў: «Гэтак кажа кароль: "Ці мір?"» І сказаў Егу: «Што табе да міру? павярніся за імною». І наказаў вартаўнік, і сказаў: «Прыехаў пасланец да іх, але не зварачаецца».
 
І паехаў коннік насустрач ім, і сказаў: «Гэта кажа цар: “Ці ўсё добра?”» Сказаў яму Егу: «Што табе да гэтага? Едзь і паспяшайся за мною». Вартаўнік таксама паведаміў, кажучы: «Прыбыў да іх пасланец і не вяртаецца».

І паслалі другога коньніка, і ён прыехаў да іх, і сказаў: «Гэтак кажя кароль: "Ці мір?"» І сказаў Егу: «Што табе да міру? павярніся за імною».
 
Зноў Ярам паслаў другога конніка, і той пад’ехаў да іх і сказаў: «Гэта кажа цар: “Ці ўсё добра?”» А Егу адказаў яму: «Што табе да гэтага? Едзь і паспяшайся за мною».

І наказаў вартаўнік, сказаўшы: «Прыехаў да іх, і не зварачаецца, а язда, як Егу Німшанка, бо ён едзе, як палёны».
 
А вартаўнік паведаміў, кажучы: «Прыбыў ён да іх і не вяртаецца. А едуць яны, быццам едзе Егу, сын Намсі; бо ён шалёна ездзіць».

І сказаў Ёрам: «Запрагай». І запрэглі цялежкі ягоныя. І выехаў Ёрам, кароль Ізраельскі, і Агазя, кароль Юдэйскі, кажны на цялежках сваіх. І выступілі наўпярэймы Егу, і стрэліся зь ім на дзелі Навофа Ізрэеляніна.
 
І Ярам загадаў: «Запрагай калясніцу!» І запрэглі калясніцу яго, і Ярам, цар Ізраэля, і Ахазія, цар Юдэі, кожны ў сваёй калясніцы паехалі. І накіраваліся яны насустрач Егу, і напаткалі яго на полі Набота з Езрагэля.

І як абачыў Ёрам Егу, то сказаў: «Ці мір Егу?» І сказаў: «Што за мір, пакуль бязулства маці твае Езэвелі і чысьленыя чары ейныя?»
 
І калі Ярам убачыў Егу, сказаў: «Ці ўсё добра, Егу?» А той адказаў: «Што добрага? Калі яшчэ працягваецца распуста Езабэлі, маці тваёй, і чараўніцтва яе!»

І павярнуў Ёрам рукі свае, і ўцякаў, і сказаў Агазі: «Ашука, Агазя!»
 
А Ярам павярнуў дружыну сваю і кінуўся ўцякаць, крычучы Ахазію: «Здрада, Ахазія!»

А Егу напяў лук рукою сваёю, і стрэліў Ёраму ў міжыкрылы, і прайшла страла пераз сэрца ягонае, і ўкляк на цялежках сваіх.
 
А Егу рукою нацягнуў лук і прабіў Ярама паміж лапаткамі. І страла прайшла праз яго сэрца; і адразу ж ён схіліўся ў калясніцы сваёй.

І сказаў Егу Бідкару, каралеўскаму ахвіцэру: «Падыймі й кінь яго на дзялёнку поля Навофа Ізрэеляніна; бо ўспомні, як мы з табою ехалі ўдвух адзаду Агава, айца ягонага, і як СПАДАР праказаў празь яго гэта прароцтва:
 
І Егу сказаў кіраўніку свайму, Бадакару: «Вазьмі і кінь яго на полі Набота з Езрагэля! Бо ўзгадай: я і ты былі з імі, калі абодва ехалі за яго бацькам, Ахабам, калі Госпад выказаў на іх прысуд:

"Запраўды, кроў Навофаву а кроў сыноў ягоных бачыў Я ўчора, — агалашае СПАДАР, — і адплачу табе на гэтым полю". Дык падыймі й кінь яго на дзель, подле слова СПАДАРОВАГА».
 
“Сапраўды, — кажа Госпад, — учора бачыў Я кроў, кроў Набота і кроў сыноў яго, аддам табе на гэтым полі”, — кажа Госпад. Дык вазьмі цяпер і кінь яго на полі па слове Госпада».

Агазя, кароль Юдэйскі, абачыўшы гэта, уцякаў па дарозе да садовага дому. І пагнаўся за ім Егу, і сказаў: «І яго паразіце на цялежках». Гэта было на ўзгор’ю Ґур, каторае ля Іўлеаму. І ўцёк ён да Меґіда; і памер там.
 
А Ахазія, цар Юдэі, бачачы гэта, уцякаў дарогай на Бэтган; і дагнаў яго Егу, і загадаў: «І гэтага таксама забіце!» І паранілі яго ў калясніцы яго на ўзгорку Гавэр, што пры Іблааме, але ён уцёк у Магеду і там памёр.

І завезьлі яго на цялежках слугі ягоныя да Ерузаліму, і пахавалі яго ў гробе ягоным, з айцамі ягонымі, у месьце Давідавым.
 
І паслугачы яго ўсклалі яго на калясніцу яго і прывезлі ў Ерузалім; і пахавалі яго ў магіле разам з бацькамі яго ў горадзе Давіда.

Адзінанцатага году Ёрама Агавёнка загаспадарстваваў Агазя ў Юдэі.
 
На адзінаццаты год Ярама, сына Ахаба, Ахазія стаў царом Юдэі.

І прыбыў Егу да Ізрэелю. Езэвель жа, пачуўшы, наруменіла від свой, і прыбрала галаву сваю, і глядзела далоў з акна.
 
Увайшоў Егу ў Езрагэль, а Езабэль, пачуўшы пра яго прыход, падмалявала вочы свае сурмою, і аздобіла галаву сваю, і заўважыла праз акно,

Як Егу ўехаў у браму, яна сказала: «Ці мір, о Зымру, убіўца спадара свайго?»
 
калі Егу ўваходзіў праз браму, і крыкнула: «Ці ўсё добра, Замбры, які забіў свайго гаспадара?»

І ўзьняў ён від свой к акну, і сказаў: «Хто з імною, хто?» І выглянулі далоў да яго два-тры легчанцы.
 
І Егу ўзняў твар свой у бок акна і сказаў: «Хто са мною, хто?» І нахіліліся да яго два ці тры еўнухі.

І сказаў ён: «Выкіньце яе». І выкінулі яе. І пырснула кроў ейная на сьцяну а на коні, і растапталі яе.
 
А ён сказаў ім: «Скіньце яе ўніз!» І выкінулі яе, і крывёй залілася сцяна і коні, якія яе тапталі.

І прышоў Егу, і еў, і піў, і сказаў: «Ідзіце да гэнае праклятае і пахавайце яе, бо яна дачка каралеўская».
 
І, калі ўвайшоў Егу, каб есці і піць, ён сказаў: «Ідзіце, знайдзіце тую праклятую і пахавайце яе, бо яна царская дачка».

І пайшлі пахаваць яе, але не знайшлі ад яе нічога, апрача чэрапа а ног а далоняў рук.
 
І калі выйшлі, каб пахаваць яе, не знайшлі нічога, толькі чэрап, і ногі, і далоні.

І зьвярнуліся, і азнаймілі яму. І сказаў ён: «Гэткае было слова СПАДАРОВА, што Ён праказаў слугою Сваім Ільлёю Фішвянінам, сказаўшы: "На полю Ізрэельскім зьядуць сабакі цела Езэвеліна;
 
І, вярнуўшыся, расказалі пра гэта яму. І сказаў Егу: «Такое было слова Госпада, якое Ён сказаў праз паслугача Свайго Іллю з Тэсбы, кажучы: “На полі Езрагэль сабакі будуць есці цела Езабэлі;

І будзе труп Езэвелін, як гной на зьверху поля дзелі Ізрэельскае, ажно ніхто ня скажа: ’Гэта Езэвель’"».
 
і труп Езабэлі будзе, як гной на паверхні зямлі ў полі ў Езрагэля, так што не можна будзе сказаць: “Гэта тая самая Езабэль!”»