Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Цароў 9 2-я Цароў 9 разьдзел

1 А прарок Элісей паклікаў аднаго з сыноў прарокаў і сказаў яму: «Падперажы сцёгны свае, і вазьмі гэтую пасудзіну з алеем у руку сваю, і ідзі ў Рамот у Галаадзе.
2 Калі прыйдзеш туды, убачыш Егу, сына Язафата, сына Намсі, і, увайшоўшы, возьмеш яго пасярод братоў яго, і ўвядзеш ва ўнутраны пакой.
3 І возьмеш пасудзіну з алеем, і выльеш на галаву яму, і скажаш: “Гэта кажа Госпад: “Я намашчаю цябе на цара Ізраэля”. І адчыніш дзверы, і ўцячэш адтуль без затрымкі».
4 І пайшоў у Рамот у Галаадзе той юнак, паслугач прарока,
5 і прыйшоў. А вось, сядзелі разам кіраўнікі войска, і ён сказаў: «Маю табе, кіраўнік, сказаць слова». І Егу сказаў: «Каму з усіх нас?» А ён сказаў: «Табе, о кіраўнік».
6 І ён устаў, і ўвайшоў у пакой. А юнак выліў алей яму на галаву і сказаў: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Я намашчаю цябе на цара над народам Госпадавым, над Ізраэлем.
7 Ты знішчыш дом Ахаба, гаспадара твайго, каб адпомсціць за кроў паслугачоў Маіх, прарокаў, і за кроў усіх паслугачоў Госпада, якія загінулі ад рукі Езабэлі.
8 І знішчу Я ўвесь дом Ахаба, і Я заб’ю ў Ахаба ўсіх мужчынскага роду, і маладога, і дарослага ў Ізраэлі.
9 І зраблю Я з домам Ахаба, як з домам Ерабаама, сына Набата, і як з домам Баасы, сына Ахіі.
10 Таксама Езабэль з’ядуць сабакі на полі Езрагэль, і не будзе каму пахаваць яе”». І адчыніў ён дзверы, і ўцёк.
11 А Егу выйшаў да паслугачоў гаспадара свайго, якія запыталіся ў яго: «Ці добра ўсё? Чаго прыходзіў да цябе гэты шаленец?» Ён адказаў ім: «Вы ведаеце гэтага чалавека і што ён гаварыў?»
12 Але яны адказалі: «Гэта хлусня! Раскажы нам!» Ён сказаў ім: «Так і так сказаў ён мне, кажучы: “Гэта кажа Госпад: “Я намашчаю цябе на цара над Ізраэлем”».
13 Дык кожны з іх зняў паспешна плашч свой і разаслаў ля ног яго на прыступках, і затрубілі яны ў трубу, і закрычалі: «Егу — цар!»
14 Такім чынам, Егу, сын Язафата, сына Намсі, паўстаў супраць Ярама. А сам Ярам і ўвесь Ізраэль у той час баранілі Рамот у Галаадзе ад Газаэля, цара Сірыі,
15 і вярнуўся Ярам, каб вылечыць у Езрагэлі раны, якія прычынілі яму сірыйцы ў баі супраць Газаэля, цара Сірыі. І сказаў Егу: «Калі вы згодны са мною, хай ніводзін не выходзіць з горада, каб занесці вестку ў Езрагэль».
16 І ўстаў ён, і накіраваўся ў Езрагэль; бо Ярам ляжаў там, і Ахазія, цар Юдэі, прыбыў наведаць Ярама.
17 Такім чынам, вартаўнік, які стаяў на вежы ў Езрагэлі, убачыў дружыну Егу, калі ён ішоў, і закрычаў: «Бачу людзей». І Ярам сказаў: «Вазьмі конніка, і пашлі насустрач ім, і хай ён спытае, падышоўшы: “Ці ўсё добра?”»
18 І паехаў коннік насустрач ім, і сказаў: «Гэта кажа цар: “Ці ўсё добра?”» Сказаў яму Егу: «Што табе да гэтага? Едзь і паспяшайся за мною». Вартаўнік таксама паведаміў, кажучы: «Прыбыў да іх пасланец і не вяртаецца».
19 Зноў Ярам паслаў другога конніка, і той пад’ехаў да іх і сказаў: «Гэта кажа цар: “Ці ўсё добра?”» А Егу адказаў яму: «Што табе да гэтага? Едзь і паспяшайся за мною».
20 А вартаўнік паведаміў, кажучы: «Прыбыў ён да іх і не вяртаецца. А едуць яны, быццам едзе Егу, сын Намсі; бо ён шалёна ездзіць».
21 І Ярам загадаў: «Запрагай калясніцу!» І запрэглі калясніцу яго, і Ярам, цар Ізраэля, і Ахазія, цар Юдэі, кожны ў сваёй калясніцы паехалі. І накіраваліся яны насустрач Егу, і напаткалі яго на полі Набота з Езрагэля.
22 І калі Ярам убачыў Егу, сказаў: «Ці ўсё добра, Егу?» А той адказаў: «Што добрага? Калі яшчэ працягваецца распуста Езабэлі, маці тваёй, і чараўніцтва яе!»
23 А Ярам павярнуў дружыну сваю і кінуўся ўцякаць, крычучы Ахазію: «Здрада, Ахазія!»
24 А Егу рукою нацягнуў лук і прабіў Ярама паміж лапаткамі. І страла прайшла праз яго сэрца; і адразу ж ён схіліўся ў калясніцы сваёй.
25 І Егу сказаў кіраўніку свайму, Бадакару: «Вазьмі і кінь яго на полі Набота з Езрагэля! Бо ўзгадай: я і ты былі з імі, калі абодва ехалі за яго бацькам, Ахабам, калі Госпад выказаў на іх прысуд:
26 “Сапраўды, — кажа Госпад, — учора бачыў Я кроў, кроў Набота і кроў сыноў яго, аддам табе на гэтым полі”, — кажа Госпад. Дык вазьмі цяпер і кінь яго на полі па слове Госпада».
27 А Ахазія, цар Юдэі, бачачы гэта, уцякаў дарогай на Бэтган; і дагнаў яго Егу, і загадаў: «І гэтага таксама забіце!» І паранілі яго ў калясніцы яго на ўзгорку Гавэр, што пры Іблааме, але ён уцёк у Магеду і там памёр.
28 І паслугачы яго ўсклалі яго на калясніцу яго і прывезлі ў Ерузалім; і пахавалі яго ў магіле разам з бацькамі яго ў горадзе Давіда.
29 На адзінаццаты год Ярама, сына Ахаба, Ахазія стаў царом Юдэі.
30 Увайшоў Егу ў Езрагэль, а Езабэль, пачуўшы пра яго прыход, падмалявала вочы свае сурмою, і аздобіла галаву сваю, і заўважыла праз акно,
31 калі Егу ўваходзіў праз браму, і крыкнула: «Ці ўсё добра, Замбры, які забіў свайго гаспадара?»
32 І Егу ўзняў твар свой у бок акна і сказаў: «Хто са мною, хто?» І нахіліліся да яго два ці тры еўнухі.
33 А ён сказаў ім: «Скіньце яе ўніз!» І выкінулі яе, і крывёй залілася сцяна і коні, якія яе тапталі.
34 І, калі ўвайшоў Егу, каб есці і піць, ён сказаў: «Ідзіце, знайдзіце тую праклятую і пахавайце яе, бо яна царская дачка».
35 І калі выйшлі, каб пахаваць яе, не знайшлі нічога, толькі чэрап, і ногі, і далоні.
36 І, вярнуўшыся, расказалі пра гэта яму. І сказаў Егу: «Такое было слова Госпада, якое Ён сказаў праз паслугача Свайго Іллю з Тэсбы, кажучы: “На полі Езрагэль сабакі будуць есці цела Езабэлі;
37 і труп Езабэлі будзе, як гной на паверхні зямлі ў полі ў Езрагэля, так што не можна будзе сказаць: “Гэта тая самая Езабэль!”»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Цароў, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017