Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Цароў 21 2-я Цароў 21 разьдзел

1 Манаса меў дванаццаць гадоў, калі стаў царом, і пяцьдзесят пяць гадоў ён цараваў у Ерузаліме. Маці яго называлася Хапсіба.
2 І дапускаўся ён ліхоты перад абліччам Госпада паводле агіднасцей народаў, якіх знішчыў Госпад перад абліччам сыноў Ізраэля.
3 І зноў адбудоўваў ён узгоркі, якія знішчыў Эзэкія, бацька яго, і пабудаваў ахвярнікі Баалу, і зрабіў слуп, як рабіў Ахаб, цар Ізраэля, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму.
4 І пабудаваў ён ахвярнікі ў доме Госпадавым, аб якім сказаў Госпад: «У Ерузаліме змяшчу Я імя Маё».
5 І пабудаваў ён ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух панадворках святыні Госпадавай,
6 і правёў ён сына свайго праз агонь, і займаўся варажбой і чарамі, і паставіў прарокаў, і павялічыў колькасць вешчуноў, так што рабіў ён зло ў вачах Госпада і гнявіў яго.
7 Таксама паставіў ён слуп Асэры, які зрабіў, у святыні, пра якую Госпад сказаў Давіду і сыну яго, Саламону: «У гэтай святыні і ў Ерузаліме, які Я выбраў з усіх пакаленняў Ізраэля, Я змяшчу імя Маё навечна;
8 і больш не прымушу Я нагу Ізраэля блукаць далёка ад зямлі, якую Я даў бацькам іх, калі толькі будуць яны на справе пільнаваць усё тое, што Я загадаў ім, і ўвесь закон, які даў ім паслугач Мой, Майсей».
9 А яны не паслухалі Яго, але былі падманутыя Манасам, так што дапускаліся ліха горш, чым народы, якіх вынішчыў Госпад перад абліччам сыноў Ізраэля.
10 І прамовіў Госпад праз паслугачоў Сваіх, прарокаў, гэтыя словы:
11 «За тое, што Манаса, цар Юдэі, дапускаўся такіх агіднасцей, найгоршых з усяго, чаго дапускаліся амарэі перад ім, і таксама за тое, што ён уцягнуў у грэх Юдэю ідаламі сваімі,
12 таму вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду няшчасці на Ерузалім і Юдэю, так што ў кожнага, хто пачуе, зазвініць у абодвух вушах яго.
13 І працягну Я над Ерузалімам вяроўку Самарыі і цяжар дому Ахаба, і вытру Ерузалім, як выціраецца міска, выціраецца і пераварочваецца дагары нагамі.
14 І Я адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам яе ў рукі ворагаў яе, і будуць яны ў разарэнні і здабычай для ўсіх ворагаў сваіх,
15 бо яны рабілі ліхое перад вачамі Маімі і працягвалі гнявіць Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іх з Егіпта, аж па гэты дзень”.
16 Таксама ж Манаса праліў вельмі шмат нявіннай крыві, аж напоўніў ёй Ерузалім да краю, не лічачы грахоў, у якія ўцягнуў Юдэю, каб дапускалі яны ліхое ў вачах Госпадавых».
17 А рэшта дзеянняў Манасы, і ўсё, што ён зрабіў, і яго грэх, якога дапускаўся, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?
18 І супачыў Манаса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў садзе дома свайго, у садзе Озы; і па ім стаў царом сын яго, Амон.
19 Амон меў дваццаць два гады, калі стаў царом і цараваў ён у Ерузаліме два гады. Маці яго называлася Мэсалемэт, дачка Харуса з Ятэбы.
20 І дапускаўся ён ліхога перад абліччам Госпада, як рабіў Манаса, бацька яго,
21 і хадзіў усімі дарогамі, якімі хадзіў бацька яго; і служыў ідалам, якім бацька яго служыў, і пакланяўся ім.
22 І пакінуў ён Госпада, Бога бацькоў сваіх, і не хадзіў дарогаю Госпада.
23 І змовіліся супраць яго паслугачы яго, і забілі цара ў доме яго;
24 а народ зямлі забіў усіх, хто змовіўся супраць цара Амона, і выбралі сабе царом замест яго Осію, сына яго.
25 А іншыя дзеянні Амона, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?
26 І пахавалі яго ў садзе Озы ў яго магіле; і па ім стаў цараваць сын яго, Осія.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Цароў, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017