Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Цароў 13 2-я Цароў 13 разьдзел

1 На дваццаць трэці год Ёаса, сына Ахазіі, цара Юдэі, Ёахаз, сын Егу, стаўся царом Ізраэля ў Самарыі на сямнаццаць гадоў.
2 І дапускаўся ён злога перад Госпадам, і хадзіў у грахах Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль; не адварочваўся ад граху.
3 І ўзгарэўся гнеў Госпада супраць Ізраэля, і аддаў іх Госпад Газаэлю, цару Сірыі, і ў рукі Бэнадада, сына Газаэля, на ўвесь той час.
4 А маліўся тады Ёахаз перад абліччам Госпада, і выслухаў яго Госпад: бачыў бо Ён гора Ізраэля, як прыціснуў іх цар Сірыі.
5 І даў Госпад Ізраэлю збаўцу, і быў ён вызвалены з рукі Сірыі; і пражывалі сыны Ізраэля ў сваіх палатах, як і ўчора і заўчора.
6 Аднак не адвярнуліся яны ад грахоў дому Ерабаама, які ўцягнуў у грэх Ізраэль; і хадзілі яны ў іх. І нават слуп стаяў у Самарыі.
7 І не пакінуў Госпад Ёахазу з народа нікога, акрамя пяцідзесяці коннікаў, і дзесяці калясніц, і дзесяці тысяч пяхоты; бо забіў іх цар Сірыі, і зрабіў іх як пыл на дарозе.
8 А іншыя дзеянні Ёахаза і ўсё, што ён зрабіў, ды і мужнасць яго — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
9 І заснуў Ёахаз пры бацьках сваіх, і пахавалі яго ў Самарыі. І па ім стаў царом сын яго, Ёас.
10 На трыццаць сёмы год Ёаса, цара Юдэі, Ёас, сын Ёахаза, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на шаснаццаць гадоў.
11 І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах Госпада; не адступіў ад усіх грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль; хадзіў у іх.
12 А іншыя дзеянні Ёаса і ўсё, што ён зрабіў, ды і яго мужнасць, калі ён ваяваў супраць Амазіі, цара Юдэі, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
13 І заснуў Ёас пры бацьках сваіх, а Ерабаам сеў на яго пасад. А быў пахаваны Ёас у Самарыі з царамі Ізраэля.
14 А Элісей захварэў немаччу, ад якой і памёр. І прыйшоў да яго Ёас, цар Ізраэля, і плакаў перад ім, і казаў: «Айцец мой, айцец мой! Калясніца Ізраэля і коннік яго!»
15 І сказаў яму Элісей: «Вазьмі лук і стрэлы!» І, калі ён прынёс яму лук і стрэлы,
16 сказаў ён цару Ізраэля: «Пакладзі руку сваю на лук!» І, калі той паклаў руку сваю, Элісей паклаў рукі свае на рукі цара
17 і сказаў: «Адчыні акно на ўсход». І, калі ён адкрыў, сказаў Элісей: «Страляй!» І ён стрэльнуў. І Элісей сказаў: «Страла збаўлення Госпада і страла збаўлення супраць Сірыі. І ты паб’еш Сірыю ў Афэку і знішчыш яе».
18 І далей сказаў: «Вазьмі стрэлы!» І, калі ён узяў іх, сказаў зноў яму: «Удар стралою па зямлі!» І, калі ён ударыў тры разы і перастаў,
19 чалавек Божы загневаўся на яго і сказаў: «Калі б ты ўдарыў пяць або шэсць разоў, тады ты перамог бы Сірыю дашчэнту; цяпер жа пераможаш яе толькі тры разы!»
20 Такім чынам, памёр Элісей, і пахавалі яго. А дружыны Мааба прыйшлі ў зямлю ў той самы год.
21 А здарылася, што, калі хавалі аднаго чалавека, убачылі [маабскае] войска, і кінулі мёртвае цела ў магілу Элісея, і ўцяклі. Калі мёртвае цела дакранулася да касцей Элісея, чалавек ажыў і стаў на ногі свае.
22 А Газаэль, цар Сірыі, вынішчаў Ізраэль ва ўсе дні Ёахаза.
23 І злітаваўся Госпад над імі, і звярнуўся да іх дзеля запавету Свайго, які заключыў з Абрагамам, Ізаакам і Якубам, і не хацеў ані загубіць іх, ані адкінуць далёка, аж па сённяшні час.
24 І памёр Газаэль, цар Сірыі, і замест яго стаў цараваць сын яго, Бэнадад.
25 Тады Ёас, сын Ёахаза, забраў з рук Бэнадада, сына Газаэля, гарады, якія той забраў з рук бацькі яго, Ёахаза, па праву вайны; тройчы пабіў яго Ёас і вярнуў гарады Ізраэлю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Цароў, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017