Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Цароў 22 2-я Цароў 22 разьдзел

1 Осія меў восем гадоў, калі пачаў цараваць, і трыццаць адзін год быў царом у Ерузаліме. Маці яго называлася Ідыда, дачка Адаі з Баската.
2 І дзейнічаў справядліва перад абліччам Госпада, і хадзіў па ўсіх дарогах Давіда, бацькі свайго; не зварочваў ані ўправа, ані ўлева.
3 На васемнаццаты год цара Осіі паслаў цар пісара Сафана, сына Эсэліі, сына Мэсулы, у святыню Госпада, загадваючы яму:
4 «Ідзі да першасвятара Хэлькіі, каб ён палічыў срэбра, якое ахвяравана ў святыні Госпада, якое сабралі брамнікі ад народа,
5 і хай дадуць яго загадчыкам працы ў доме Госпада, і яны хай раздадуць яго тым, хто працуе ў святыні, падпраўляючы пашкоджанні святыні,
6 гэта значыць: цеслям, і тым, хто адбудоўвае парушанае, і мулярам, і каб купіць дрэва, і камяні з каменяломняў дзеля аднаўлення святыні.
7 Толькі не трэба ім лічыць срэбра, якое яны атрымліваюць, бо яны працуюць паводле сваёй волі і сумлення».
8 А першасвятар Хэлькія сказаў пісару Сафану: «Знайшоў я кнігу закону ў доме Госпада». І даў Хэлькія кнігу Сафану, і ён прачытаў яе.
9 І пайшоў пісар Сафан да цара, і паведаміў яму тое, што ён загадаў, кажучы: «Паслугачы твае ўзялі грошы, якія знайшліся ў доме, і перадалі іх загадчыкам работ у святыні Госпада».
10 І паведаміў пісар Сафан цару, кажучы: «Святар Хэлькія даў мне кнігу». Калі Сафан прачытаў яе перад царом
11 і калі цар пачуў словы кнігі закону, раздзёр шаты свае
12 і загадаў святару Хэлькіі, і Ахікаму, сыну Сафана, і Абдону, сыну Міхі, і Сафану, пісару, і Асаю, слузе цара, кажучы:
13 «Ідзіце і спытайце Госпада адносна мяне, і адносна народа, і адносна ўсёй Юдэі паводле слоў гэтай кнігі, якая была знойдзена; бо вялікі гнеў Госпада ўзгарэўся супраць нас, бо не паслухалі бацькі нашы слоў кнігі гэтай, каб споўніць усё, што нам напісана».
14 І пайшлі святар Хэлькія, і Ахікам, і Абдон, і Сафан, і Асая да Гульды, прарочыцы, жонкі Сэлума, сына Тэквы, сына Харааса, вартаўніка адзення, якая жыла ў Ерузаліме, у другой яго частцы, і гаварылі з ёй,
15 і яна адказала ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Скажыце чалавеку, які паслаў вас да мяне.
16 Гэта кажа Госпад: “Вось, Я навяду ліха на гэтае месца і на яго жыхароў, паводле ўсіх слоў кнігі, якія прачытаў цар Юдэі,
17 бо яны пакінулі Мяне і складалі ахвяры чужым багам, прагняўляючы Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх, і ўзгарыцца гнеў Мой на гэтым месцы і не патухне”.
18 А што да цара Юдэі, які паслаў вас, каб запытацца ў Госпада, скажыце так: “Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “За тое, што ты паслухаў словы кнігі,
19 і ўстрывожылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся перад Госпадам, пачуўшы прароцтвы супраць гэтага месца і жыхароў яго, што яны, напэўна, будуць у спусташэнні і ў праклёне, і раздзёр ты адзенне сваё, і плакаў перада Мною, — Я выслухаў цябе, — кажа Госпад. —
20 Таму Я далучу цябе да бацькоў тваіх, і будзеш ты пахаваны ў супакоі ў магіле сваёй, каб вочы твае не бачылі ўсяго таго гора, якое Я навяду на гэтае месца”». І яны расказалі цару тое, што Ён сказаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Цароў, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017