Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Цароў 19 2-я Цароў 19 разьдзел

1 Калі пачуў гэта цар Эзэкія, раздзёр шаты свае, і апрануўся ў зрэбніцу, і пайшоў у дом Госпада.
2 І паслаў ён Эліякіма, загадчыка палаца, і Собну, пісара, і старэйшых з святароў, апранутых у зрэбніцы, да прарока Ісаі, сына Амоса.
3 Сказалі яны: «Гэта кажа Эзэкія: “Гэты дзень — дзень гора, і наракання, і ганьбы: дайшлі дзеці да сваіх народзінаў, і няма сілы іх нарадзіць!
4 Можа, пачуе Госпад, Бог твой, усе словы Рабсака, якога паслаў гаспадар яго, цар асірыйцаў, каб зневажаць Бога жывога, і пакарае яго за словы, якія пачуў Госпад, Бог твой; і памаліся за астатніх, якія яшчэ жывуць”».
5 І прыйшлі паслугачы цара Эзэкіі да Ісаі.
6 І сказаў ім Ісая: «Гэта скажыце гаспадару вашаму: “Гэта кажа Госпад: “Не бойся слоў, што ты пачуў, якімі паслугачы цара асірыйцаў зневажалі Мяне;
7 вось, Я пашлю яму духа, і ён пачуе вестку, і вернецца ў сваю зямлю; і Я паб’ю яго мечам у яго зямлі”».
8 Такім чынам, вярнуўся Рабсак і знайшоў цара асірыйцаў, які здабываў Лебну; бо пачуў, што ён адышоў з-пад Лахіса.
9 І, калі ён пачуў пра Тарака, цара Этыёпіі, словы: «Вось, ён пайшоў на вайну супраць цябе», — паўторна паслаў пасланцоў да Эзэкіі, кажучы яму:
10 «Гэта скажыце Эзэкіі, цару Юдэі: “Хай не падманвае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, і не кажы: “Не аддасць Ён Ерузалім у рукі цара асірыйцаў”.
11 Ты бо сам чуў, што зрабілі цары асірыйцаў з усімі землямі, як яны пазнішчылі іх, такім чынам, ці ты мог бы адзін вызваліцца”?
12 Дзе багі тых народаў, якіх знішчылі бацькі мае, гэта значыць, Газан, і Харан, і Рэзэф, і сыноў Эдэна, якія былі ў Тэласары?
13 Дзе цар Эмата і цар Арпада, цары Сэпарваіма, Аны і Авы?»
14 Такім чынам, калі атрымаў Эзэкія ліст з рук вестуноў і прачытаў яго, ён пайшоў у дом Госпада, і развярнуў яго перад Госпадам,
15 і маліўся ён перад Ім гэтымі словамі: «Госпадзе, Божа Ізраэля, Які сядзіш на херубінах! Толькі ты — Бог усіх валадарстваў зямлі, Ты стварыў неба і зямлю.
16 Нахілі вуха Сваё і пачуй, адкрый вочы свае, Госпадзе, і пабач, і выслухай усе словы Санхэрыба, які паслаў вестуноў, каб зняважыць Бога жывога.
17 Гэта праўда, Госпадзе, што цары асірыйцаў знішчылі народы і іх краіны,
18 і ў агонь кінулі яны багоў іх; бо яны не былі багі, але творы рук чалавечых з дрэва і каменя, і знішчылі іх.
19 Такім чынам, цяпер, Госпадзе, Божа наш, збаў нас ад рукі яго, каб ведалі ўсе валадарствы зямлі, што Ты, Госпадзе, адзіны Бог».
20 А Ісая, сын Амоса, паслаў да Эзэкіі, кажучы: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Я пачуў тое, аб чым ты маліўся да Мяне адносна Санхэрыба, цара асірыйцаў”.
21 Гэта слова, якое сказаў Госпад пра яго: “Брыдзіцца табою, кпіць з цябе дзева, дачка Сіёна; за табой ківае галавой дачка Ерузаліма.
22 Каго зневажаў ты і на Каго блюзніў? Супраць Каго падняў ты голас свой, і ўверх падняў вочы свае? Супраць Святога Ізраэлева!
23 Праз вестуноў тваіх ты зневажаў Госпада і казаў: “З мноствам маіх калясніц я ўзышоў на горныя ўзвышшы, на вяршыні Лібана, і ссек яго велічныя кедры і найпрыгажэйшыя яліны яго, і дайшоў аж да межаў яго, у нетры яго.
24 Капаю я студню і п’ю чужыя воды, і ступнямі ног сваіх высушыў усе ручаі егіпецкія”.
25 Ці не чуў ты, што даўно Я зрабіў гэта? Са старажытных часоў Я гэта прызначыў, і цяпер здзяйсняю; і будуць яны знішчаны, стануць кучамі руінаў гарады ўмацаваныя.
26 І тыя, што зараз жывуць у іх, задрыжэлі і збянтэжыліся; сталі, як сена на полі, і як трава маладая, як трава на стрэхах, абпаленая перш, чым паспела.
27 Ці сядзіш ты, ці выходзіш, ці ўваходзіш — Я ведаю наперад, як і абурэнне тваё
28 супраць Мяне: ты шалееш супраць Мяне, і пыха твая дайшла да вушэй Маіх. Такім чынам, Я ўкладу ў ноздры твае кольцы і цуглі — у губы твае, і выведу цябе на дарогу, па якой ты прыйшоў!”
29 А табе, Эзэкія, будзе такі знак: у гэтым годзе еж, што знойдзеш, а ў другі год — тое, што само вырасце; а на трэці год сейце і збірайце, закладайце вінаграднікі і спажывайце плады іх.
30 І, калі што застанецца з дому Юды, пусціць корань углыб, і выдасць плод наверх;
31 бо з Ерузаліма выйдзе рэшта, і хто застанецца — з гары Сіён. Апекаванне Госпада Магуццяў зробіць гэта!
32 Дзеля таго вось што кажа Госпад пра цара асірыйцаў: “Не ўвойдзе ён у гэты горад, ані выпусціць у яго стралы, і не наставіць супраць яго шчыта, і не насыпле кругом яго вала.
33 Дарогай, якою ён прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты не ўвойдзе”, — кажа Госпад. —
34 І Я абараню гэты горад і збаўлю яго дзеля Сябе і дзеля паслугача Свайго, Давіда».
35 І здарылася ў тую самую ноч: выйшаў Анёл Госпадаў і пабіў у лагеры асірыйцаў сто восемдзесят пяць тысяч чалавек. І, калі раніцай яны падняліся, убачылі, што ўсе вакол мёртвыя.
36 Тады Санхэрыб, цар асірыйцаў, адступіў і пайшоў, і вярнуўся і затрымаўся ў Нініве.
37 І, калі ён пакланяўся ў храме Нэсроха, бога свайго, Адрамэлех і Сарасар, сыны яго, забілі яго мечам, і ўцяклі ў зямлю армянаў. І замест яго стаў цараваць сын яго Асархадон.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Цароў, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017