Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Цароў 11 2-я Цароў 11 разьдзел

1 А Аталія, маці Ахазіі, даведалася, што сын яе памёр, устала яна і забіла ўсіх царскіх нашчадкаў.
2 Але Ёсаба, дачка цара Ярама, сястра Ахазіі, узяла Ёаса, сына Ахазіі, і выкрала яго з сыноў цара, якіх забівалі, разам з карміцелькай яго, і схавала яго ад Аталіі, каб не быў забіты, у пакоі спальным.
3 І хаваўся ён з ёй шэсць гадоў у доме Госпада; а Аталія гаспадарыла ў краіне.
4 А на сёмы год Ёяда паслаў, і ўзяў сотнікаў, і карыйцаў, і пасланцоў, і ўвёў іх да сябе ў святыню Госпада, і заключыў з імі дамову, і, узяўшы прысягу з іх у доме Госпадавым, паказаў ім сына царскага
5 і загадаў ім, кажучы: «Гэта загад, які вы маеце выканаць: трэцяя частка вас, што прыходзіць у суботу, будзе вартаваць пры царскім палацы;
6 а трэцяя частка — пры браме Сур, і яшчэ адна трэцяя — пры браме, што за жыллём пасланнікаў, і вы будзеце вартаваць дом па чарзе.
7 А дзве дружыны з вас, усе, што адыходзяць у суботу, будуць вартаваць пры доме Госпадавым, пры цары.
8 І абараняйце яго, трымаючы зброю ў руцэ сваёй; а хто ўвойдзе за агароджу святыні, хай будзе забіты; і будзьце вы з царом, калі ён уваходзіць і выходзіць».
9 І зрабілі сотнікі ўсё, як ім загадаў святар Ёяда, і ўзяў кожны сваіх людзей, якія прыходзілі ў суботу, з тымі, якія адыходзілі ў суботу, і прыйшлі да святара Ёяды.
10 Той раздаў сотнікам дзіды і шчыты цара Давіда, якія былі ў доме Госпада.
11 І сталі пасланцы, кожны са зброяй у руцэ сваёй, ад правага боку святыні аж да левага боку святыні, перад ахвярнікам і святыняй вакол цара.
12 І ён вывеў сына цара і ўсклаў на яго вянец і сведчанне; і паставілі яны яго царом, і намасцілі яго, і, пляскаючы ў далоні, крычалі: «Хай жыве цар!»
13 А Аталія пачула гоман народа і, выйшаўшы да людзей у святыню Госпада,
14 убачыла яна цара, які стаяў на ўзвышшы, па звычаю, і князёў, і трубы каля яго, і ўвесь народ зямлі, які радуецца і трубіць у трубы; і раздзерла яна шаты свае і крыкнула: «Змова, змова!»
15 А святар Ёяда загадаў сотнікам, якія былі над войскам, і сказаў ім: «Выведзіце яе за агароджу святыні, і, калі хто пойдзе за ёй, хай памрэ ад меча». Святар бо сказаў: «Нельга забіваць у святыні Госпада».
16 І схапілі яе, і пацягнулі яе дарогай, па якой уязджаюць коні ў палац, і там была яна забіта.
17 А Ёяда заключыў дамову паміж Госпадам і царом, і народам, каб быў ён народам Госпадавым, і паміж царом і народам.
18 І ўвесь народ зямлі ўвайшоў у храм Баала і зруйнавалі яго, і ахвярнікі яго, і ідалаў разбілі ўшчэнт; таксама Матана, святара Баала, забілі перад ахвярнікамі. І святар паставіў варту пры доме Госпада.
19 І ўзяў ён сотнікаў, і карыйцаў, і хуткаходаў, і ўвесь народ зямлі; і вывелі яны цара з дома Госпада. І павялі па дарозе да брамы целаахоўнікаў у палац, і сеў ён на царскім пасадзе.
20 І радаваўся ўвесь народ зямлі, і горад напоўніўся супакоем; а Аталію забілі мечам у царскім доме.
21 Ёас меў сем гадоў, калі стаў царом.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Цароў, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017