1 Тады паслаў цар, і сабраліся да яго ўсе старэйшыны Юдэі і Ерузаліма,
2 і ўвайшоў цар у святыню Госпада, і ўсе людзі Юдэі, і ўсе жыхары Ерузаліма з ім: святары, і прарокі, і ўвесь народ ад малога да вялікага. І прачытаў ён усім слухачам усе словы кнігі запавету, якую знайшлі ў доме Госпада.
3 І стаў цар на ўзвышэнні і заключыў запавет перад абліччам Госпада, што будуць яны хадзіць за Госпадам і будуць пільнаваць прыказанні Яго, і пастановы, і законы ўсім сэрцам і ўсёй душой і што будуць яны выконваць словы гэтага запавету, якія запісаны ў той кнізе. І ўвесь народ далучыўся да запавету.
4 І загадаў цар першасвятару Хэлькіі і іншым святарам, і брамнікам, каб выкінулі са святыні Госпада ўсе рэчы, зробленыя для Баала і Асэры, і для ўсяго войска нябеснага; і ён спаліў гэта па-за Ерузалімам, у даліне Цэдрона, і попел ад іх занёс у Бэтэль.
5 І знішчыў ён святароў паганскіх, якіх паставілі цары Юдэі дзеля складання ахвяр на ўзгорках у гарадах Юдэі і ў ваколіцах Ерузаліма, і тых, якія кадзілі Баалу, і сонцу, і месяцу, і дванаццаці сузор’ям, і ўсяму войску нябеснаму.
6 І вынес ён з дома Госпада слуп па-за Ерузалім, у даліну Цэдрона, і спаліў яго там, і сцёр яго ў пыл, і кінуў на магілы людзей простых.
7 Таксама разваліў ён дамы распусніц, якія былі ў доме Госпада, дзе жанчыны ткалі адзенне для Асэры.
8 І выгнаў ён усіх паганскіх святароў з гарадоў Юдэі, і апаганіў узгоркі, дзе гэтыя святары складалі ахвяры, ад Габы аж да Бээр-Сэбы; і зруйнаваў узгоркі, якія былі ля ўваходу ў браму Ешуа, кіраўніка горада, з левага боку ад гарадской брамы.
9 І святарам узгоркаў забаранялася прыступаць да ахвярніка Госпада ў Ерузаліме, маглі яны толькі есці праснакі між сваіх братоў.
10 Таксама апаганіў ён Тафэт, што ў лагчыне Бэн-Гэном, каб ніхто не праводзіў сына свайго або дачку праз агонь Малоха.
11 Прыняў ён таксама коней, якіх цары Юдэі пасвячалі сонцу, ад уваходу ў святыню Госпада каля пакоя Натан-Мэлеха, еўнуха, што быў у Парурыме; і калясніцы сонца спаліў агнём.
12 Таксама ахвярнікі, якія былі на даху пакоя Ахаза, якія зрабілі цары Юдэі, і ахвярнікі, якія зрабіў Манаса ў абодвух панадворках святыні Госпада, цар знішчыў і растаптаў іх там, і пыл ад іх кінуў у ручай Цэдрон.
13 Таксама апаганіў ён узгоркі, якія былі насупраць Ерузаліма з правага боку гары Пагібелі, якія Саламон, цар Ізраэля, паставіў для Астарты, ідала сідонцаў, і Хамоса, ідала Мааба, і Мэлькома, ідала сыноў Амона,
14 і паразбіваў ён слупы, і пассякаў дубровы, і засыпаў месца іх касцямі мёртвых.
15 Акрамя таго, і ахвярнік, які быў у Бэтэлі, узгорак, зроблены Ерабаамам, сынам Набата, які ўцягнуў у грэх Ізраэль; таксама той ахвярнік і ўзгорак разваліў, і спаліў, і расцёр у пыл, і спаліў ідала.
16 І, павярнуўшыся, Осія ўбачыў там магілы, якія былі на гары, і паслаў, і прынёс косці з магіл, і спаліў іх на ахвярніку, і апаганіў яго па слове Госпада, якое абвясціў чалавек Божы, прадказаўшы гэтыя падзеі.
17 І спытаўся Осія: «Што гэта за помнік, які, азірнуўшыся, бачу?» І адказалі яму жыхары таго горада: «Гэта магіла чалавека Божага, які прыйшоў з Юдэі і прадказаў тое, што ты зрабіў з ахвярнікам у Бэтэлі».
18 Дык сказаў ён: «Пакіньце яго; хай ніхто не чапае касцей яго». І косці яго пакінулі некранутымі разам з касцямі прарока, які прыйшоў з Самарыі.
19 Звыш таго, і ўсе свяцілішчы ўзгоркаў, якія былі па гарадах Самарыі пабудаваны царамі Ізраэля, каб гнявіць Госпада, Осія разваліў і зрабіў з імі, як з усім тым, што зрабіў ён у Бэтэлі.
20 І пазабіваў ён усіх паганскіх святароў узгоркаў, якія там былі пры ахвярніках, і спаліў на іх косці чалавечыя; і вярнуўся ў Ерузалім.
21 І загадаў усяму народу, кажучы: «Святкуйце Пасху Госпада, Бога вашага, як напісана ў кнізе запавету Яго».
22 Бо не было такой Пасхі ад часоў суддзяў, якія судзілі Ізраэль, і ўвесь час цароў Ізраэля і цароў Юдэі,
23 толькі ў васемнаццаты год царавання Осіі святкавалі гэту Пасху Госпаду ў Ерузаліме.
24 Таксама Осія загубіў выклікаючых памерлых, і чараўнікоў, і тэрафімаў, і ідалаў і ўсе агіднасці, якія былі ў зямлі Юдэі і ў Ерузаліме, каб споўніць словы закону, што былі запісаны ў кнізе, якую знайшоў святар Хэлькія ў святыні Госпада.
25 Перад ім не было такога цара, які павярнуўся б да Госпада ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёй, і ўсёю моцаю сваёй згодна з усім законам Майсея, і пасля яго не з’явіўся падобны да яго.
26 Аднак Госпад не спыніў гневу вялікага абурэння Свайго, якім ўзгарэлася абурэнне Яго супраць Юдэі за ўсе знявагі, якія прычыніў яму Манаса.
27 Такім чынам, сказаў Госпад: «Нават Юдэю адкіну Я ад аблічча Свайго, як Я адкінуў Ізраэль, і адкіну гэты горад, які Я выбраў, Ерузалім, і дом, пра які Я сказаў: “Там будзе імя Маё!”»
28 А іншыя дзеянні Осіі і ўсё, што ён зрабіў, ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?
29 У яго час фараон Нэкао, цар Егіпта, пайшоў на цара асірыйцаў на раку Эўфрат. І выйшаў супраць яго цар Осія, і той забіў яго ў Магедзе, калі ўбачыў яго.
30 І павезлі яго паслугачы яго мёртвым на калясніцы з Магеды, і прывезлі ў Ерузалім, і пахавалі яго ў грабніцы бацькоў яго. І народ краіны ўзяў сына Осіі Ёахаза, і намасціў яго, і паставіў яго царом на месца бацькі яго.
31 Ёахаз меў дваццаць тры гады, калі стаў царом, і цараваў ён у Ерузаліме тры месяцы. Маці яго называлася Аміталь, дачка Ярэміі з Лебны.
32 І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах Госпада, паводле ўсяго таго, што рабілі бацькі яго.
33 І фараон Нэкао закаваў яго ў кайданы ў Рэблі, што ў зямлі Эмат, каб не цараваў ён у Ерузаліме; і абклаў краіну падаткам — ста талентамі срэбра і талентам золата,
34 і паставіў фараон Нэкао царом Эліякіма, сына Осіі, замест бацькі яго, Осіі, і змяніў імя яго на Ёакіма. А Ёахаза ўзяў і завёў у Егіпет, і там ён памёр.
35 А Ёакім дастаўляў фараону срэбра і золата, і мусіў ён ападаткаваць зямлю, каб яны дастаўлялі срэбра па загадзе фараона; і ад кожнага з народа краіны паводле вызначанай колькасці вымагаў як срэбра, так і золата, каб даваць фараону Нэкао.
36 Ёакім меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і адзінаццаць гадоў цараваў у Ерузаліме. Маці яго называлася Зэбіда, дачка Падаі з Румы.
37 І рабіў ён тое, што ліхім было ў вачах Госпада, як усё, што рабілі бацькі яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другая кніга Цароў, 23 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017