Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Цароў 6 2-я Цароў 6 разьдзел

1 І сказалі сыны прарокаў Элісею: «Вось, месца, у якім мы з табою жывём, цеснае для нас.
2 Дык мы пойдзем да Ярдана і возьмем адтуль з лесу кожны па аднаму бервяну, і зробім сабе там месца на пражыванне». Ён сказаў: «Ідзіце!»
3 І сказаў нехта з іх: «Ідзі таксама і ты з паслугачамі сваімі». Ён адказаў: «Пайду».
4 І пайшоў ён з імі. І калі прыйшлі яны да Ярдана, то пачалі секчы дрэвы.
5 А здарылася, што, калі адзін сек дрэва, сякера ўпала ў ваду, і закрычаў ён і сказаў: «О гаспадару мой! Яна ж пазычаная!»
6 І сказаў чалавек Божы: «Дзе яна ўпала?» І той паказаў яму месца. Тады адсек ён кавалак дрэва і закінуў туды, і выплыла сякера.
7 І сказаў ён: «Вазьмі яе!» — той выцягнуў руку, і ўзяў яе.
8 А цар сірыйскі ваяваў з Ізраэлем; і раіўся ён з паслугачамі сваімі, кажучы: «У такім і такім месцы зробім засаду».
9 Такім чынам, чалавек Божы пасылаў да цара Ізраэля, каб сказаць яму: «Сцеражыся пераходзіць у тым месцы, бо там у засадзе заляглі сірыйцы».
10 Цар Ізраэля пасылаў людзей у тое месца, аб якім яму гаварыў чалавек Божы і адносна якога перасцерагаў яго, і збярог сябе так не раз і не два.
11 І ўстрывожылася сэрца цара Сірыі дзеля гэтай справы, і склікаў ён паслугачоў сваіх, і спытаўся ў іх: «Чаму вы не паказваеце мне, хто здраджвае мне перад царом Ізраэля?»
12 І сказаў адзін з паслугачоў яго: «Ніхто, гаспадару мой, цар. Але ў Ізраэлі ёсць прарок Элісей, які паведамляе цару Ізраэля ўсе словы, якія ты гаворыш у спальні сваёй».
13 Ён сказаў ім: «Ідзіце і даведайцеся, дзе ён, а я пашлю і вазьму яго». І паведамілі яму, кажучы: «Ён у Датайне».
14 Дык паслаў ён туды коней, і калясніцы, і моцную дружыну ваяроў; калі прыйшлі яны ноччу, яны акружылі горад.
15 А паслугач чалавека Божага, устаўшы рана, выйшаў і ўбачыў войска вакол горада, і коней, і калясніцы, і паведаміў яму, кажучы: «О гаспадару мой, што будзем рабіць?»
16 А ён адказаў: «Не бойся, бо болей тых, хто з намі, чым тых, хто з імі».
17 І маліўся Элісей гэтымі словамі: «Госпадзе, адкрый вочы яму, каб ён убачыў». І адкрыў Госпад вочы паслугачу, і ён убачыў, і, вось, гара запоўнена конямі і калясніцамі вогненнымі вакол Элісея.
18 А ворагі сыходзіліся да яго. А Элісей маліўся да Госпада і казаў: «Удар, прашу, народ гэты слепатою!» І ўдарыў іх Госпад, каб не бачылі, паводле слова Элісея.
19 І сказаў ім Элісей: «Гэта не тая дарога і не той горад; ідзіце за мною, і я пакажу вам чалавека, якога вы шукаеце». Такім чынам, завёў ён іх у Самарыю.
20 Калі прыйшлі яны ў Самарыю, маліўся Элісей: «Госпадзе, адкрый вочы іх, каб бачылі». І адкрыў Госпад вочы іх, і ўбачылі яны, што знаходзяцца пасярод Самарыі.
21 І, калі ўбачыў іх цар Ізраэля, спытаўся ў Элісея: «Ці не пазабіваць іх, айцец мой?»
22 Але ён сказаў: «Не забівай. Ці ж мечам сваім і лукам узяў ты іх у палон, каб іх забіваць? Дай ім хлеба і вады, каб паелі і напіліся, і хай вяртаюцца да гаспадара свайго».
23 І справіў ім цар вялікае частаванне, і яны наеліся і напіліся, і ён адпусціў іх; і пайшлі яны да гаспадара свайго, і дружыны сірыйцаў не нападалі больш на зямлю Ізраэля.
24 А сталася пасля гэтага, што Бэнадад, цар Сірыі, сабраў усё войска сваё, і пайшоў, і абкружыў Самарыю.
25 І запанаваў вялікі голад у Самарыі, бо доўга трымалася аблога, пакуль галава асла каштавала восемдзесят сікляў срэбра, а чвэрць каба галубінага памёту — пяць сікляў срэбра.
26 І, калі цар Ізраэля праходзіў па муры, адна жанчына закрычала да яго, кажучы: «Ратуй мяне, гаспадару мой, цар!»
27 Сказаў ён: «Не, збавіць цябе Госпад. Як я магу збавіць цябе? З тока або з давільні?»
28 І спытаў яе цар: «Што трэба табе?» Яна адказала: «Гэтая жанчына сказала мне: “Дай сына свайго, і мы з’ямо яго сёння, і майго сына з’ямо заўтра”.
29 Дык зварылі мы майго сына і з’елі яго. І другога дня сказала я ёй: “Дай сына твайго, каб мы з’елі яго”; а яна схавала сына свайго».
30 Калі пачуў гэта цар, раздзёр шаты свае. І праходзіў ён па муры, і ўвесь народ бачыў зрэбніцу, якую насіў ён як сподняе на целе сваім.
31 І сказаў ён: «Хай зробіць мне Бог тое і тое, і яшчэ болей зробіць, калі галава Элісея, сына Сафата, застанецца на ім яшчэ сёння!»
32 А Элісей сядзеў у доме сваім, і старэйшыны сядзелі разам з ім. І цар паслаў перад сабою чалавека. Але перш, чым пасланец увайшоў да Элісея, ён сказаў старэйшынам: «Ці вы ведаеце, што гэты сын забойцы паслаў чалавека па маю галаву? Дык глядзіце, калі прыйдзе пасланец, замкніце дзверы і не дазвольце яму ўвайсці; вось, бо ўжо чуваць стукат ног гаспадара яго, які ідзе за ім».
33 І калі ён яшчэ гаварыў з імі, з’явіўся цар, які падышоў да яго і сказаў: «Глядзі, колькі няшчасця ад Госпада! Чаго яшчэ маю чакаць ад Госпада?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Цароў, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017