4 царстваў 13 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
У дваццаць трэці год Ёаса, сына Ахозіінага, цара Юдэйскага, зацараваў Ёахаз, сын Іуя, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў сямнаццаць гадоў,
На дваццаць трэці год Ёаса, сына Ахазіі, цара Юдэі, Ёахаз, сын Егу, стаўся царом Ізраэля ў Самарыі на сямнаццаць гадоў.
і рабіў благое ў вачах Гасподніх, і хадзіў у грахах Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, і не адставаў ад іх.
І дапускаўся ён злога перад Госпадам, і хадзіў у грахах Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль; не адварочваўся ад граху.
І загарэўся гнеў Госпада на Ізраіля, і Ён аддаваў іх у руку Азаіла, цара Сірыйскага, і ў руку Венадада, сына Азаілавага, ва ўсе дні.
І ўзгарэўся гнеў Госпада супраць Ізраэля, і аддаў іх Госпад Газаэлю, цару Сірыі, і ў рукі Бэнадада, сына Газаэля, на ўвесь той час.
І памаліўся Ёахаз абліччу Гасподняму, і пачуў яго Гасподзь, бо бачыў прыгнечанасьць Ізраільцян, бо цясьніў іх цар Сірыйскі.
А маліўся тады Ёахаз перад абліччам Госпада, і выслухаў яго Госпад: бачыў бо Ён гора Ізраэля, як прыціснуў іх цар Сірыі.
І даў Гасподзь Ізраільцянам збаўцу, і выйшлі яны з-пад рукі Сірыйцаў, і жылі сыны Ізраілевыя ў намётах сваіх, як учора і заўчора.
І даў Госпад Ізраэлю збаўцу, і быў ён вызвалены з рукі Сірыі; і пражывалі сыны Ізраэля ў сваіх палатах, як і ўчора і заўчора.
Аднак не адступалі ад грахоў дома Ераваама, які ўвёў Ізраіля ў грэх; хадзілі ў іх, і дуброва стаяла ў Самарыі.
Аднак не адвярнуліся яны ад грахоў дому Ерабаама, які ўцягнуў у грэх Ізраэль; і хадзілі яны ў іх. І нават слуп стаяў у Самарыі.
У Ёахаза заставалася войска толькі пяцьдзясят вершнікаў, дзесяць калясьніц і дзесяць тысяч пешых, бо вынішчыў іх цар Сірыйскі і абярнуў іх у пыл на патаптаньне.
І не пакінуў Госпад Ёахазу з народа нікога, акрамя пяцідзесяці коннікаў, і дзесяці калясніц, і дзесяці тысяч пяхоты; бо забіў іх цар Сірыі, і зрабіў іх як пыл на дарозе.
Астатняе пра Ёахаза і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
А іншыя дзеянні Ёахаза і ўсё, што ён зрабіў, ды і мужнасць яго — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
І спачыў Ёахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І зацараваў Ёас, сын ягоны, замест яго.
І заснуў Ёахаз пры бацьках сваіх, і пахавалі яго ў Самарыі. І па ім стаў царом сын яго, Ёас.
У трыццаць сёмы год Ёаса, цара Юдэйскага, зацараваў Ёас, сын Ёахазаў, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў шаснаццаць гадоў,
На трыццаць сёмы год Ёаса, цара Юдэі, Ёас, сын Ёахаза, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на шаснаццаць гадоў.
і рабіў благое ў вачах Гасподніх; не адставаў ад усіх грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, а хадзіў у іх.
І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах Госпада; не адступіў ад усіх грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль; хадзіў у іх.
Астатняе пра Ёаса і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, як ён ваяваў з Амасіем, царом Юдэйскім, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
А іншыя дзеянні Ёаса і ўсё, што ён зрабіў, ды і яго мужнасць, калі ён ваяваў супраць Амазіі, цара Юдэі, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
І спачыў Ёас з бацькамі сваімі, а Ераваам сеў на троне яго. І пахаваны Ёас у Самарыі з царамі Ізраільскімі.
І заснуў Ёас пры бацьках сваіх, а Ерабаам сеў на яго пасад. А быў пахаваны Ёас у Самарыі з царамі Ізраэля.
Елісей захварэў на хваробу, ад якое пасьля і памёр. І прыйшоў да яго Ёас, цар Ізраільскі, і плакаў над ім, і казаў: бацька мой! бацька мой! калясьніца Ізраіля і коньніца ягоная!
А Элісей захварэў немаччу, ад якой і памёр. І прыйшоў да яго Ёас, цар Ізраэля, і плакаў перад ім, і казаў: «Айцец мой, айцец мой! Калясніца Ізраэля і коннік яго!»
І сказаў яму Елісей: вазьмі лук і стрэлы. І ўзяў ён лук і стрэлы.
І сказаў яму Элісей: «Вазьмі лук і стрэлы!» І, калі ён прынёс яму лук і стрэлы,
І сказаў цару Ізраільскаму: пакладзі руку тваю на лук. І паклаў ён руку сваю. І паклаў Елісей рукі свае на рукі цара,
сказаў ён цару Ізраэля: «Пакладзі руку сваю на лук!» І, калі той паклаў руку сваю, Элісей паклаў рукі свае на рукі цара
і сказаў: адчыні акно на ўсход. І ён адчыніў. І сказаў Елісей: стрэльні. І ён стрэліў. І сказаў: гэта страла збавеньня ад Госпада і страла збавеньня супроць Сірыі, і ты паб’еш Сірыйцаў у Атэку дарэшты.
і сказаў: «Адчыні акно на ўсход». І, калі ён адкрыў, сказаў Элісей: «Страляй!» І ён стрэльнуў. І Элісей сказаў: «Страла збаўлення Госпада і страла збаўлення супраць Сірыі. І ты паб’еш Сірыю ў Афэку і знішчыш яе».
І сказаў Елісей: вазьмі стрэлы. І ён узяў. І сказаў цару Ізраільскаму: бі па зямлі. І ўдарыў ён тры разы, і спыніўся.
І далей сказаў: «Вазьмі стрэлы!» І, калі ён узяў іх, сказаў зноў яму: «Удар стралою па зямлі!» І, калі ён ударыў тры разы і перастаў,
І ўгневаўся на яго чалавек Божы і сказаў: трэба было біць пяць ці шэсьць разоў, тады ты пабіў бы Сірыйцаў зусім, а цяпер толькі тры разы паб’еш Сірыйцаў.
чалавек Божы загневаўся на яго і сказаў: «Калі б ты ўдарыў пяць або шэсць разоў, тады ты перамог бы Сірыю дашчэнту; цяпер жа пераможаш яе толькі тры разы!»
І памёр Елісей, і пахавалі яго. І полчышчы Маавіцян прыйшлі ў зямлю на другі год.
Такім чынам, памёр Элісей, і пахавалі яго. А дружыны Мааба прыйшлі ў зямлю ў той самы год.
І было, што калі хавалі аднаго чалавека, дык, убачыўшы гэта полчышча, пахавальнікі кінулі таго чалавека ў магілу Елісеевую, і ён, падаючы, дакрануўся да касьцей Елісея, і ажыў, і ўстаў на ногі свае.
А здарылася, што, калі хавалі аднаго чалавека, убачылі [маабскае] войска, і кінулі мёртвае цела ў магілу Элісея, і ўцяклі. Калі мёртвае цела дакранулася да касцей Элісея, чалавек ажыў і стаў на ногі свае.
Азаіл, цар Сірыйскі, цясьніў Ізраільцян ва ўсе дні Ёахаза.
А Газаэль, цар Сірыі, вынішчаў Ізраэль ва ўсе дні Ёахаза.
Але Гасподзь умілажаліўся зь іх і памілаваў іх, і зьвярнуўся да іх дзеля запавету Свайго з Абрагамам, Ісакам і Якавам, і не хацеў зьнішчыць іх, і не адхіліў іх ад аблічча Свайго дагэтуль.
І злітаваўся Госпад над імі, і звярнуўся да іх дзеля запавету Свайго, які заключыў з Абрагамам, Ізаакам і Якубам, і не хацеў ані загубіць іх, ані адкінуць далёка, аж па сённяшні час.
І памёр Азаіл, цар Сірыйскі, і зацараваў Венадад, сын ягоны, замест яго.
І памёр Газаэль, цар Сірыі, і замест яго стаў цараваць сын яго, Бэнадад.
І ўзяў назад Ёас, сын Ёахаза, з рукі Венадада, сына Азаілавага, гарады, якія ён узяў вайною з рукі бацькі ягонага, Ёахаза. Тры разы разьбіў яго Ёас і вярнуў гарады Ізраілевыя.
Тады Ёас, сын Ёахаза, забраў з рук Бэнадада, сына Газаэля, гарады, якія той забраў з рук бацькі яго, Ёахаза, па праву вайны; тройчы пабіў яго Ёас і вярнуў гарады Ізраэлю.