4 царстваў 4 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Адна жонка сыноў прарокавых зь лямантам казала Елісею: раб твой, мой муж памёр; а ты ведаеш, што раб твой баяўся Госпада; цяпер прыйшоў пазыковец забраць абодвух дзяцей маіх у рабы сабе.
 
А адна ўдава пасярод жонак сыноў прарокаў заклікала Элісея, кажучы: «Мой муж, паслугач твой, памёр, і ты ведаеш, што паслугач твой баяўся Госпада; і, вось, прыйшоў ліхвяр, каб забраць сабе абодвух маіх дзяцей у нявольнікі».

І сказаў ёй Елісей: што мне зрабіць табе? скажы мне, што ёсьць у цябе ў доме? Яна сказала: няма ў рабы тваёй нічога ў доме, акрамя посуду з алеем.
 
Элісей сказаў ёй: «Чым мог бы я табе дапамагчы? Скажы мне, што маеш у доме сваім?» А яна адказала: «Паслугачка твая не мае ў доме сваім анічога, апрача збанка з алеем».

І сказаў ён: ідзі, папрасі сабе посуду на старане, ва ўсіх суседзяў тваіх, посуду парожняга; набяры многа,
 
Сказаў ён ёй: «Ідзі, пазыч сабе посуд ва ўсіх сваіх суседзяў, посуд пусты, і набяры яго нямала;

і ідзі, замкні дзьверы за сабою і за сынамі тваімі, і налівай ва ўвесь гэты посуд; поўны адстаўляй.
 
і вярніся і замкні дзверы за сабою і сынамі сваімі, і адтуль налівай ва ўсе гэтыя пасудзіны, і, напоўненыя, адстаўляй».

І пайшла ад яго і замкнула дзьверы за сабою і за сынамі сваімі. Яны падавалі ёй, а яна налівала.
 
Такім чынам, яна пайшла ад яго, і замкнула дзверы за сабою і за сынамі сваімі; яны падносілі ёй посуд, і яна налівала.

Калі посуд быў напоўнены, яна сказала сыну свайму: падай мне яшчэ пасудзіну. Ён сказаў: больш няма посуду. І спыніўся алей.
 
І, калі ўвесь посуд быў поўны, сказала яна сыну свайму: «Прынясі мне яшчэ посуд». І ён адказаў: «Не маю больш посуду». І спыніўся алей.

І прыйшла яна і пераказала чалавеку Божаму. Ён сказаў: ідзі, прадай алей і сплаці пазыку тваю; а што застанецца, тым будзеш жыць з сынамі тваімі.
 
Яна ж пайшла і сказала пра гэта чалавеку Божаму. І ён сказаў ёй: «Ідзі, прадай алей і вярні доўг пазычальніку свайму; а ты і сыны твае жывіце з таго, што засталося».

Аднаго разу прыйшоў Елісей у Сонам. Там адна багатая жанчына запрасіла яго да сябе есьці хлеб, і калі б ён ні прыходзіў, заходзіў туды есьці хлеб.
 
А сталася аднаго дня, што Элісей праходзіў праз Сунам. Была ж там багатая жанчына, якая затрымала яго, каб паеў хлеба. І, колькі разоў ён там праходзіў, заходзіў да яе падсілкавацца хлебам.

І сказала яна мужу свайму: вось, я ведаю, што чалавек Божы, які пастаянна праходзіць міма нас, сьвяты;
 
Сказала яна мужу свайму: «Я пераканана, што чалавек Божы, які часта праходзіць каля нас, ёсць святы.

зробім невялікую сьвяцёлку над сьцяною і паставім яму там пасьцель і стол, і сядзеньне і сьвяцільню, і калі ён будзе прыходзіць да нас, хай заходзіць туды.
 
Такім чынам, падрыхтуем малы пакойчык, абгароджаны сцяною, і паставім у ім для яго ложак, і стол, і ўслончык, і падсвечнік, каб, калі зойдзе да нас, застаўся там».

Аднаго дня ён прыйшоў туды, і зайшоў у сьвяцёлку, і лёг там,
 
І сталася аднойчы, што зайшоў ён туды, і падняўся ў пакойчык, і там заначаваў.

і сказаў Гіезію, слузе свайму: пакліч гэту Санаміцянку. І паклікаў яе, і яна стала перад ім.
 
І сказаў ён паслугачу свайму Гэхазі: «Пакліч сунаміцянку гэту». Ён паклікаў яе, і яна стала перад ім,

І сказаў яму: скажы ёй: вось, ты так клапоцішся за нас: што б зрабіць табе? ці ня трэба табе пагаварыць з царом, альбо з ваеначальнікам? Яна сказала: не, сярод свайго народу я жыву.
 
ён сказаў паслугачу: «Скажы ёй: вось, ты так рупліва служыла нам ва ўсім; што хочаш, каб я зрабіў для цябе? Можа, заступіцца за цябе ў якой-небудзь справе перад царом або перад кіраўніком войска?» Яна адказала: «Я жыву паміж свайго народа».

І сказаў ён: што б зрабіць ёй? І сказаў Гіезій: ды вось, сына няма ў яе, а муж яе стары.
 
І ён працягваў: «Дык што можна зрабіць для яе?» Гэхазі адказаў: «На жаль, яна не мае сына, і муж яе ўжо стары».

І сказаў ён: пакліч яе. Ён паклікаў яе, і стала яна ў дзьвярах.
 
І ён загадаў: «Пакліч яе!»; калі ён паклікаў яе і яна стала ля дзвярэй,

І сказаў ён: праз год, у гэты самы час ты будзеш трымаць на руках сына. І сказала яна: не, спадару мой, чалавеча Божы, не падманвай рабы тваёй.
 
ён сказаў ёй: «У гэты час у наступным годзе будзеш песціць сына». А яна адказала: «О гаспадару мой, чалавек Божы, прашу, не падманвай паслугачкі сваёй».

І жанчына стала цяжарная і нарадзіла сына на другі год, у той самы час, як сказаў ёй Елісей.
 
І жанчына пачала і нарадзіла сына ў наступным годзе ў тую самую пару, як прадказаў ёй Элісей.

І падрасло дзіця і аднаго дня пайшло да бацькі свайго, да жняцоў.
 
І рос той хлопец; і аднойчы пайшоў ён да свайго бацькі, да жняцоў,

І сказала бацьку свайму: галава мая! Галава мне баліць. І сказаў той слузе свайму: занясі гэта маці ягонай.
 
і сказаў ён свайму бацьку: «Галава мая! Галава мая!» Бацька ж загадаў слузе: «Забяры яго да яго маці!»

І панёс яго і прынёс яго маці ягонай. І яно сядзела на каленях у яе да полудня і памерла.
 
Калі забраў яго паслугач і завёў да маці яго, пасадзіла яна яго на калені свае да паўдня, і ён памёр.

І пайшла яна, і паклала яго на пасьцелі чалавека Божага, і замкнула яго, і выйшла,
 
Яна ж пайшла, і паклала яго ў ложак чалавека Божага, і замкнула за сабой дзверы, і, выйшаўшы,

і паклікала мужа свайго і сказала: прышлі мне аднаго слугу і адну асьліцу, я паеду да чалавека Божага і вярнуся.
 
паклікала яна мужа свайго і сказала: «Адпраў са мною, прашу, аднаго з паслугачоў і асліцу, каб пайшла я да чалавека Божага і пасля вярнулася».

Ён сказаў: навошта табе ехаць да яго? сёньня не навамесячны час і ня субота. Але яна сказала: добра.
 
Ён сказаў ёй: «Чаму ідзеш да яго сёння? Не маладзік жа цяпер, ані субота?» Яна сказала: «Добра».

І асядлала яна асьліцу і сказала слузе свайму: вядзі і йдзі; ня спыняйся, пакуль не скажу табе.
 
І, асядлаўшы асліцу, сказала свайму слузе: «Вядзі! Паехалі! Не затрымлівайся ў дарозе, пакуль не скажу табе».

І выправілася і прыбыла да чалавека Божага, да гары Карміл. І калі ўбачыў чалавек Божы яе здалёк, дык сказаў слузе свайму Гіезію: гэта тая Санаміцянка;
 
І паехала, і прыбыла да чалавека Божага на гару Кармэль. І, калі чалавек Божы ўгледзеў яе насупраць, сказаў слузе свайму Гэхазі: «Гэта тая сунаміцянка.

бяжы ёй насустрач і скажы ёй: ці здаровая ты? ці здаровы твой муж? ці здаровае дзіця? — Яна сказала: здаровыя.
 
Пабяжы насустрач ёй і спытай у яе: “Ці здаровая ты? Ці здаровы муж твой? Ці здаровы сын твой?”» Яна адказала: «Здаровыя».

А калі прыйшла да чалавека Божага на гару, ухапілася за ногі ягоныя. І падышоў Гіезій, каб адвесьці яе; але чалавек Божы сказаў: пакінь яе, душа ў яе засмучаная, а Гасподзь утоіў ад мяне і не абвясьціў мне.
 
І, калі прыйшла яна на гару да чалавека Божага, абняла ногі яго, а Гэхазі падышоў, каб адпіхнуць яе, і сказаў яму чалавек Божы: «Пакінь яе, бо душа яе ў горы вялікім, а Госпад схаваў гэта ад мяне і не паведаміў мне».

І сказала яна: ці прасіла я сына ў гаспадара майго? ці ж не казала я: не падманвай мяне?
 
Яна яму сказала: «Ці я прасіла ў гаспадара майго сына? Ці ж я табе не казала: “Не падманвай мяне?”»

І сказаў ён Гіезію: аперажы сьцёгны твае і вазьмі жазло маё ў руку тваю і йдзі; калі сустрэнеш каго, ня вітай яго, і калі хто будзе цябе вітаць, не адказвай яму; і пакладзі кій мой на твар дзіцяці.
 
І ён сказаў Гэхазі: «Падперажы сцёгны свае, і вазьмі ў руку сваю кій мой, і ідзі! Калі напаткаеш каго, не вітайся з ім і, калі цябе хто прывітае, не адказвай яму. І пакладзеш кій мой на твар хлопчыка».

І сказала маці дзіцяціна: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не адстану ад цябе. І ён устаў і пайшоў зь ёю.
 
Але маці хлопца сказала: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе!» Такім чынам, ён устаў і пайшоў з ёю.

Гіезій пайшоў паперадзе іх і паклаў жазло на твар дзіцяці. Але ня было ні голасу, ні адказу. І выйшаў насустрач яму, і данёс яму, і сказаў: ня будзіцца дзіця.
 
А Гэхазі апярэдзіў іх, і паклаў кій на твар хлопца, і не было ані голасу, ані знака жыцця; і Гэхазі пайшоў насустрач яму, і паведаміў яму, кажучы: «Хлопец не прачнуўся».

І ўвайшоў Елісей у дом, і вось, дзіця памерлае ляжыць на пасьцелі ягонай.
 
Такім чынам, увайшоў Элісей у дом, і, вось, хлопец ляжаў мёртвы на ложку яго;

І ўвайшоў, і замкнуў дзьверы за сабою, і памаліўся Госпаду;
 
і ўвайшоў ён, і замкнуў дзверы за сабою, і маліў Госпада.

і падняўся і лёг над дзіцём, і прыклаў свае вусны да яго вуснаў, і свае вочы да яго вачэй, і свае далоні да яго далоняў, і прасьцёрся на ім, і сагрэлася цела дзіцяці.
 
І падышоў, і лёг на хлопца, і прытуліў вусны свае да вуснаў хлопца, і вочы свае — да яго вачэй, і рукі свае — да яго рук, і прытуліўся да яго, і сагрэлася цела хлопца.

І ўстаў і прайшоў па сьвяцёлцы ўзад і ўперад; потым зноў падняўся і прасьцёрся на ім. І чыхнула дзіця разоў сем, і расплюшчыла дзіця вочы свае.
 
А ён зноў хадзіў па доме ўзад і ўперад, і вярнуўся назад, і прытуліўся да яго, і хлопец чхнуў сем разоў і расплюшчыў вочы.

І паклікаў ён Гіезія і сказаў: пакліч гэтую Санаміцянку. І той паклікаў яе. Яна прыйшла да яго, і ён сказаў: вазьмі сына твайго.
 
І паклікаў ён Гэхазі, і сказаў яму: «Пакліч сунаміцянку гэту». Той паклікаў яе, і яна ўвайшла да яго. Ён сказаў: «Вазьмі сына свайго».

І падышла, і ўпала яму ў ногі, і пакланілася да зямлі; і ўзяла сына свайго і пайшла.
 
Яна ўвайшла, і ўпала да ног яго, і пакланілася да зямлі, і ўзяла сына свайго і выйшла.

А Елісей вярнуўся ў Галгал. І быў голад у зямлі той, і сыны прарокаў сядзелі перад ім. І сказаў ён слузе свайму: пастаў вялікі кацёл і згатуй поліўку сынам прарокавым.
 
І Элісей вярнуўся ў Галгал. Быў жа голад у той зямлі, і сыны прарокаў сядзелі пры ім. І ён сказаў слузе свайму: «Пастаў вялікі кацёл і звары поліўку для сыноў прарокаў».

І выйшаў адзін зь іх у поле зьбіраць гародніну, і знайшоў дзікую павойную расьліну, і набраў зь яе дзікіх пладоў поўную вопратку сваю; і прыйшоў і накрышыў іх у кацёл з поліўкаю, бо яны ня ведалі іх.
 
І выйшаў адзін з іх на поле назбіраць зеляніны; і знайшоў ён дзікую расліну павітуху, і назбіраў з яе дзікіх пладоў. І напоўніў імі плашч свой, і вярнуўся ён, і накідаў іх у кацёл з поліўкай; а ён не ведаў, што гэта была за расліна.

І налілі ім есьці. Але як толькі пачалі яны есьці поліўку, дык нарабілі крыку і сказалі: сьмерць у катле, чалавеча Божы! І не маглі есьці.
 
І налілі людзям есці. І калі яны пакаштавалі стравы, закрычалі ўголас: «Смерць у катле, чалавеча Божы!» І не маглі есці.

І сказаў ён: падайце мукі. І ўсыпаў яе ў кацёл і сказаў Гіезію: налівай людзям, хай ядуць. І ня стала нічога благога ў катле.
 
І ён сказаў: «Прынясіце мукі». І насыпаў ён яе ў кацёл, і сказаў: «Налі людзям, і хай ядуць». І ўжо ў катле не было нічога атрутнага.

Прыйшоў нехта з Ваалшалішы і прынёс чалавеку Божаму хлебны пачатак — дваццаць ячных хлебцаў і сырыя неабшалушаныя зярняты. І сказаў Елісей: аддай людзям, хай ядуць.
 
І прыйшоў нейкі чалавек з Баал-Саліса, і прынёс чалавеку Божаму хлеб з пяршыняў: дваццаць хлябоў ячменных ды свежае збожжа ў сваім мяху. І загадаў Элісей: «Дай людзям, і хай яны ядуць».

І сказаў слуга ягоны: што тут я дам ста чалавекам? І сказаў ён: аддай людзям, хай ядуць, бо так кажа Гасподзь: насыцяцца, і застанецца.
 
Але паслугач яго адказаў: «Як я пакладу гэта сотні людзей?» А ён сказаў: «Дай людзям, і хай ядуць. Бо так загадаў Госпад: “Ежце, і застанецца яшчэ”».

Ён падаў ім, і яны насыціліся, і яшчэ засталося, па слове Гасподнім.
 
Такім чынам, ён падаў ім, і яны наеліся, і яшчэ засталося паводле слова Госпада.