4 царстваў 24 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

У дні ягоныя выступіў Навухаданосар цар Вавілонскі, і зрабіўся Ёакім падуладным яму на тры гады, але потым адпаў ад яго.
 
У дні яго выйшаў Набукаданосар, цар Бабілона, і Ёакім стаў яго паслугачом на тры гады, і пасля ўзбунтаваўся супраць яго.

І пасылаў на яго Гасподзь полчышчы Халдэяў, і полчышчы Сірыйцаў, і полчышчы Маавіцянаў, і полчышчы Аманіцянаў, — пасылаў іх на Юду, каб пагубіць яго па слове Госпада, якое Ён сказаў праз рабоў Сваіх прарокаў.
 
І Госпад паслаў на яго дружыны халдэяў, і дружыны Сірыі, і дружыны Мааба, і дружыны сыноў Амона; і паслаў іх на Юдэю, каб знішчыць яе паводле слова Госпада, якое Ён гаварыў праз паслугачоў Сваіх, прарокаў.

Па загадзе Госпада было гэта зь Юдам, каб адкінуць яго ад аблічча Яго за грахі Манасіі, за ўсё, што ён зрабіў;
 
А сталася гэтае дзеля гневу Госпада на Юдэю, каб адкінуць яе ад аблічча Свайго дзеля ўсіх грахоў Манасы, якія ён рабіў,

і за кроў нявінную, якую ён праліў, напоўніўшы Ерусалім крывёю нявіннаю, Гасподзь не захацеў дараваць.
 
і дзеля нявіннай крыві, якую праліў і напоўніў Ерузалім крывёю нявіннаю; і таму не захацеў Госпад прабачыць.

Астатняе пра Ёакіма і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
 
А астатнія дзеянні Ёакіма і ўсё, што ён рабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?

І спачыў Ёакім з бацькамі сваімі, і зацараваў Еханія, сын ягоны, замест яго.
 
І супачыў Ёакім з бацькамі сваімі; і замест яго стаў царом Ёахін, сын яго.

Цар Егіпецкі ня выходзіў болей зь зямлі сваёй, бо ўзяў цар Вавілонскі ўсё, ад патока Егіпецкага да ракі Еўфрата, што належала цару Егіпецкаму.
 
І цар Егіпецкі не выходзіў ужо са сваёй зямлі, бо цар Бабілона заваяваў усё ад ручая Егіпецкага аж да ракі Эўфрат, усё, што належала цару Егіпта.

Васямнаццаць гадоў было Еханіі, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Нэхушта, дачка Элнафана, зь Ерусаліма.
 
Ёахін меў васемнаццаць гадоў, калі стаў царом, і цараваў ён у Ерузаліме тры месяцы. Маці яго называлася Нэста, дачка Эльнатана з Ерузаліма.

І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў бацька ягоны.
 
І рабіў ён ліхое перад Госпадам, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго.

У той час падступіліся рабы Навухаданосара, цара Вавілонскага, да Ерусаліма, і падупаў горад аблозе.
 
У той час паслугачы Набукаданосара, цара Бабілона, выйшлі супраць Ерузаліма і абклалі горад.

І прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, да горада, калі рабы ягоныя аблажылі яго.
 
І прыйшоў Набукаданосар, цар Бабілона, да горада, калі паслугачы яго абкладвалі яго;

І выйшаў Еханія, цар Юдэйскі, да цара Вавілонскага, ён і маці ягоная, і слугі ягоныя, і князі ягоныя, і еўнухі ягоныя, — і ўзяў яго цар Вавілонскі на восьмым годзе свайго валадараньня,
 
і Ёахін, цар Юдэі, разам з маці сваёй, і паслугачамі сваімі, і князямі, і еўнухамі сваімі выйшаў да цара Бабілона; і цар Бабілона ўзяў яго ў палон на восьмым годзе царавання яго.

і вывез ён адтуль усе скарбы дома Гасподняга і скарбы царскага дома; і паламаў, як сказаў Гасподзь, увесь залаты посуд, які Саламон, цар Ізраільскі, зрабіў у храме Гасподнім;
 
І забраў ён адтуль усе скарбы дома Госпада і скарбы палаца царскага, і зламаў усе залатыя рэчы, якія зрабіў Саламон, цар Ізраэля, у святыні Госпада па слове Госпада.

і сьсяліў увесь Ерусалім, і ўсіх князёў, і ўсё адважнае войска, — дзесяць тысяч было пераселеных, — і ўсіх цесьляроў і кавалёў; нікога не засталося, апрача беднага люду зямлі.
 
І перасяліў ён у няволю ўвесь Ерузалім, і ўсіх князёў, і ўсіх ваяроў, дзесяць тысяч палонных; і ўсіх майстроў і будаўнікоў; і засталіся толькі найбяднейшыя людзі з народа зямлі.

І перасяліў ён Еханію ў Вавілон; і маці цара, і жонак цара, і еўнухаў ягоных, і моцных зямлі вывеў на пасяленьне зь Ерусаліма ў Вавілон.
 
Перасяліў ён таксама Ёахіна ў Бабілон, і маці цара, і жонак цара, і еўнухаў, і магнатаў зямлі забраў у няволю з Ерузаліма ў Бабілон,

І ўсё войска лікам сем тысяч, і ўмельцаў, і будаўнікоў тысячу, усіх адважных, якія ходзяць на вайну, вывеў цар Вавілонскі на пасяленьне ў Вавілон.
 
і ўсіх дужых людзей, сем тысяч, і майстроў і будаўнікоў тысячу, і людзей, здатных да вайны; і вывеў іх цар Бабілона ў няволю, у Бабілон.

І паставіў царом цар Вавілонскі Матанію, дзядзьку Еханіі, замест яго, і перамяніў імя ягонае на Сэдэкію.
 
І паставіў царом дзядзьку яго Матанію замест яго; змяніўшы імя яго на Сэдэцыю.

Дваццаць адзін год было Сэдэкію, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хамутал, дачка Ераміі, зь Ліўны.
 
Сэдэцыя меў дваццаць адзін год, калі стаў царом, і ён цараваў у Ерузаліме адзінаццаць гадоў. Маці яго называлася Аміталь, дачка Ярэміі з Лебны.

І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Ёакім.
 
І рабіў ён ліхое ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў Ёахін,

Гнеў Гасподні быў над Ерусалімам і над Юдам да таго, што Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І адпаў Сэдэкія ад цара Вавілонскага.
 
бо гневаўся Госпад на Ерузалім і Юдэю і адкінуў іх ад аблічча Свайго. І Сэдэцыя ўзбунтаваўся супраць цара Бабілона.