4 царстваў 18 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
На трэцім годзе Асіі, сына Ілы, цара Ізраільскага, зацараваў Эзэкія, сын Ахаза, цара Юдэйскага:
На трэці год Осіі, сына Элы, цара Ізраэля, Эзэкія, сын Ахаза, стаў царом Юдэі.
дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Аві, дачка Захара.
Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і цараваў дваццаць дзевяць гадоў у Ерузаліме. Яго маці называлася Абі, дачка Захарыі.
І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Давід, бацька ягоны;
І рабіў ён усё, што добрым было ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго, Давід.
ён адмяніў вышыні, разьбіў статуі, высек дуброву і зьнішчыў меднага зьмея, якога зрабіў Майсей, бо да самых тых дзён сыны Ізраілевыя кадзілі яму і называлі яго Нэхуштан.
Ён знішчыў узгоркі, і разбіў слуп і ідалаў, і паламаў меднага змея, якога зрабіў Майсей, бо аж да гэтага часу сыны Ізраэля кадзілі яму ахвяры і называлі яго Нагэстан.
На Госпада Бога Ізраілевага спадзяваўся ён; і такога, як ён, ня было сярод усіх цароў Юдэйскіх і пасьля яго і да яго.
І ўсклаў ён надзею на Госпада, Бога Ізраэля. Падобнага да яго не было між усіх цароў Юдэі, як пасля яго, так і перад ім.
І прыляпіўся ён да Госпада і не адступаўся ад Яго, і выконваў наказы Ягоныя, якія запавядаў Гасподзь Майсею.
І моцна трымаўся ён Госпада, і не адступаўся ад слядоў Яго, і спаўняў прыказанні Яго, якія загадаў Госпад Майсею,
І быў Гасподзь зь ім: усюды, куды ён ні хадзіў, рабіў ён добра і разумна. І аддзяліўся ён ад цара Асірыйскага і перастаў служыць яму.
таму Госпад быў з ім, і ва ўсім, што ён рабіў, меў поспех. Узбунтаваўся ён таксама супраць цара асірыйцаў і не служыў яму.
Ён пабіў Філістымлянаў да Газы і ў межах яе, ад дазорнай вежы да ўмацаванага горада.
Ён пабіў філістынцаў аж да Газы і яе межаў, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага горада.
На чацьвёртым годзе цара Эзэкіі, гэта значыць, на сёмым годзе Асіі, сына Ілы, цара Ізраільскага, пайшоў Салманасар, цар Асірыйскі, на Самарыю і аблажыў яе,
На чацвёрты год цара Эзэкіі, які быў сёмым годам Осіі, сына Элы, цара Ізраэля, выйшаў Салманасар, цар асірыйцаў, супраць Самарыі, і абклаў яе,
і ўзяў яе праз тры гады, на шостым годзе Эзэкіі, гэта значыць, на дзявятым годзе Асіі, цара Ізраільскага, узята Самарыя.
і здабыў ён яе. Па трох гадах, на шосты год Эзэкіі, гэта значыць на дзевяты год Осіі, цара Ізраэля, была здабыта Самарыя.
І перасяліў цар Асірыйскі Ізраільцянаў у Асірыю, і пасяліў іх у Халаху і ў Хаворы, каля ракі Гозан, і ў гарадах Мідыйскіх,
І цар асірыйцаў перасяліў Ізраэль у Асур, і пасяліў іх у Гале, і ў Габоры каля ракі Газан, і ў гарадах мідзян,
за тое, што яны ня слухаліся голасу Госпада Бога свайго і пераступілі запавет Ягоны: усяго, што наказаў Майсей раб Гасподні, яны ня слухалі і ня выконвалі.
бо не слухалі яны голасу Госпада, Бога свайго, але парушылі запавет Яго: усяго, што загадаў Майсей, паслугач Госпадаў, не паслухалі і не споўнілі.
На чатырнаццатым годзе цара Эзэкіі, пайшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі, супроць усіх умацаваных гарадоў Юды і ўзяў іх.
На чатырнаццаты год царавання Эзэкіі, напаў Санхэрыб, цар асірыйцаў, на ўсе ўмацаваныя гарады Юдэі і захапіў іх.
І паслаў Эзэкія, цар Юдэйскі, да цара Асірыйскага ў Лахіс сказаць: вінаваты я; адыдзі ад мяне; што накладзеш на мяне, я ўнясу. І наклаў цар Асірыйскі на Эзэкію, цара Юдэйскага, трыста талантаў срэбра і трыццаць талантаў золата.
Тады Эзэкія, цар Юдэі, паслаў пасланцоў да цара асірыйцаў у Лахіс, кажучы: «Зграшыў я. Адыдзі ад мяне, і ўсё, што накладзеш на мяне, панясу». Тады цар асірыйцаў наклаў на Эзэкію, цара Юдэі, даніну ў трыста талентаў срэбра і трыццаць талентаў золата;
І аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое знайшлося ў доме Гасподнім і ў скарбніцах дома царскага.
і аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое было знойдзена ў доме Госпада і ў скарбніцах цара.
У той час зьняў Эзэкія золата зь дзьвярэй дома Гасподняга і зь дзьвярных слупоў, якія пазалаціў Эзэкія, цар Юдэйскі, і аддаў яго цару Асірыйскаму.
У той час Эзэкія разбіў падвойныя дзверы святыні Госпада і вушакі, якія пазалаціў ён сам, і аддаў золата цару асірыйцаў.
І паслаў цар Асірыйскі Тартана і Рабсарыса і Рабсака з Лахіса да цара Эзэкіі зь вялікім войскам у Ерусалім. І пайшлі, і прыйшлі да Ерусаліма; і пайшлі, і прыйшлі, і сталі каля вадаправода верхняе сажалкі, якая на дарозе поля лямцавальнага.
А цар асірыйцаў паслаў з Лахіса кіраўніка войска і галоўнага еўнуха, і Рабсана да цара Эзэкіі ў Ерузалім з вялікім войскам. Яны пайшлі, і прыбылі ў Ерузалім, і сталі каля канала Верхняй крыніцы, што на дарозе Поля Валюшніка,
І клікалі яны цара. І выйшаў да іх Эліякім, сын Хэлкіін, начальнік палаца, і Сэўна пісар, і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісец.
і паклікалі яны цара. А выйшлі да іх Эліякім, сын Хэлькіі, загадчык дому, і Собна, пісар, і Ёах, сын Асафа, дзееапісальнік.
І сказаў ім Рабсак: скажэце Эзэкіі: так кажа цар вялікі, цар Асірыйскі: што гэта за спадзяваньне, на якое ты спадзяешся?
І сказаў да іх Рабсак: «Скажыце Эзэкіі: “Гэта кажа вялікі цар, цар асірыйцаў: “Што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?
Ты казаў толькі пустыя словы: для вайны патрэбны рада і сіла. А сёньня на каго ты спадзяешся, што адпаўся ад мяне?
Ты выказаў пустыя словы. Для вайны патрэбны рада і сіла! На каго ты спадзяешся, што адважыўся супраць мяне бунтавацца?
Вось, ты думаеш абаперціся на Егіпет, на гэтую трысьціну надламаную, якая, калі хто абапрэцца на яе, увойдзе яму ў руку і праколе яе. Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто спадзяецца на яго.
Ці ты спадзяешся на Егіпет, на гэты надламаны кій з трыснёгу, які, калі чалавек абапрэцца на яго, уваходзіць у яго далонь, расшчэплены, і прабівае яе. Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца”.
А калі вы скажаце мне: на Госпада Бога нашага мы спадзяёмся, дык ці не на таго, вышыні і ахвярнікі якога адмяніў Эзэкія і сказаў Юду і Ерусаліму: толькі перад гэтым ахвярнікам пакланяйцеся ў Ерусаліме.
А можа, скажаце мне: “На Госпада, Бога нашага, спадзяёмся?” Ці ж Ён не Той, Якога ўзгоркі і ахвярнікі знішчыў Эзэкія, загадваючы Юдзе і Ерузаліму: “Перад гэтым ахвярнікам у Ерузаліме будзеце пакланяцца Госпаду”?
Дык вось, уступі ў саюз з гаспадаром маім царом Асірыйскім; я дам табе дзьве тысячы коней, ці можаш ты дастаць сабе вершнікаў на іх?
Дык цяпер пайдзі ў заклад з гаспадаром маім, царом асірыйцаў; я дам табе дзве тысячы коней; і паглядзі, ці зможаш дастаць сабе вершнікаў для іх.
Як табе адолець і аднаго правадыра з найменшых слуг гаспадара майго? І спадзяешся на Егіпет дзеля калясьніц і коней?
І якім чынам зможаш ты выгнаць аднаго намесніка з найменшых паслугачоў гаспадара майго? Ці ты надзею маеш на Егіпет дзеля калясніц і коннікаў?
Пры гэтым ці ж бо я бяз волі Гасподняй пайшоў на месца гэтае, каб спустошыць яго? Гасподзь сказаў мне: ідзі на зямлю гэтую і спустошы яе.
Няўжо без волі Госпада прыйшоў я ў гэтае месца, каб яго спустошыць? Госпад сказаў мне: “Ідзі ў зямлю гэтую і спустош яе”».
І сказаў Эліякім, сын Хэлкіін, і Сэўна і Ёах Рабсаку: кажы рабам тваім па-Арамейску, бо мы разумеем, а не гавары з намі па-Юдэйску ў голас народу, які на сьцяне.
І сказалі Эліякім, сын Хэлькіі, і Собна, і Ёах Рабсаку: «Гавары, просім, да паслугачоў тваіх па-арамейску, бо мы разумеем гэтую мову, і не гавары да нас па-гебрайску, каб чуў народ, які на муры».
І сказаў ім Рабсак: хіба толькі да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой сказаць гэтыя словы? Не, таксама і да людзей, якія сядзяць на сьцяне, каб есьці памёт свой і піць мачу сваю з вамі.
І адказаў ім Рабсак: «Ці ж да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб казаў я гэтыя словы, і не да людзей, якія сядзяць на муры, каб есці кал свой і піць мачу сваю з вамі?»
І ўстаў Рабсак і абвясьціў гучным голасам па-Юдэйску, і гаварыў, і сказаў: слухайце слова цара вялікага, цара Асірыйскага!
Такім чынам, стаў Рабсак і закрычаў моцным голасам па-гебрайску, кажучы: «Слухайце словы вялікага цара, цара асірыйцаў:
Так кажа цар: хай не спакушае вас Эзэкія, бо ён ня можа вас уратаваць ад рукі маёй;
гэта кажа цар: “Хай вас не падманвае Эзэкія, бо не зможа ён выратаваць вас з рукі маёй!
і хай не абнадзейвае вас Эзэкія Госпадам, кажучы: выратуе нас Гасподзь і ня будзе горад гэты аддадзены ў рукі цара Асірыйскага.
І хай не падманвае ён вас надзеяй на Госпада, кажучы: “Выратуе і пазбавіць нас Госпад і не дасць гэтага горада ў рукі цара асірыйцаў”.
Ня слухайце Эзэкіі. Бо так кажа цар Асірыйскі: прымірэцеся са мною і выйдзіце да мяне, і хай кожны есьць плады вінаграднай лазы сваёй і смакоўніцы сваёй, і хай кожны п’е ваду са свайго калодзежа,
Не слухайце Эзэкіі!” Бо кажа цар асірыйцаў: “Прымірыцеся са мною і выходзьце да мяне; і кожны будзе есці з вінаградніку свайго і з фігавага дрэва свайго, і будзеце піць ваду з крыніц вашых,
пакуль я ня прыйду і не вазьму вас у зямлю такую самую, як і ваша зямля, у зямлю хлеба і віна, у зямлю пладоў і вінаграднікаў, у зямлю масьлічных дрэў і мёду, і будзеце жыць, і не памраце. Ня слухайце ж Эзэкіі, які зводзіць вас, кажучы: Гасподзь уратуе нас.
пакуль я не прыйду і не перасялю вас у зямлю, падобную да вашай зямлі, у зямлю ўраджайную і багатую віном, зямлю хлеба і вінаграду, зямлю аліўкавага алею і мёду; і вы будзеце жыць і не будзеце паміраць”. Не слухайце Эзэкіі, які вас падманвае, кажучы: “Госпад вызваліць нас!”
Ці ўратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара Асірыйскага?
Ці ўратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара асірыйцаў?
Дзе багі Эмата і Арпада? Дзе багі Сэпарваіма, Эны і Івы? Ці выратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?
Дзе багі Эмата і Арпада? Дзе багі Сэпарваіма, Аны і Авы? Ці вызвалілі яны Самарыю з рукі маёй?
Хто з усіх багоў зямель гэтых выратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык няўжо Гасподзь выратуе Ерусалім ад рукі маёй?
Хто з усіх багоў земляў гэтых уратаваў зямлю сваю ад рукі маёй, каб мог Госпад пазбавіць ад рукі маёй Ерузалім?»
І маўчаў народ і не адказвалі яму ні слова, бо быў загад цара: не адказвайце яму.
А народ маўчаў і не адказваў яму ані слова; бо такі атрымалі яны загад цара, каб не адказваць яму.
І прыйшоў Эліякім, сын Хэлкіін, начальнік палаца, і Сэўна пісец і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісец, да Эзэкіі ў падранай вопратцы, і пераказалі яму словы Рабсакавыя.
І прыйшлі Эліякім, сын Хэлькіі, загадчык палаца, і Собна, пісар, і Ёах, сын Асафа, дзееапісальнік, да Эзэкіі ў раздзёртых шатах і перадалі яму словы Рабсака.