4 царстваў 18 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
На трэцім годзе Асіі, сына Ілы, цара Ізраільскага, зацараваў Эзэкія, сын Ахаза, цара Юдэйскага:
І было трэйцяга году Госі Ілянка, караля Ізраельскага: загаспадарстваваў Гэзэка, сын Агаза караля Юдэйскага.
дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Аві, дачка Захара.
Дваццаць пяць год было яму, як загаспадарстваваў, і дваццаць дзевяць год гаспадарстваваў Ерузаліме; імя маці яговае Аві Захарышка.
І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Давід, бацька ягоны;
І рабіў ён пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабіў Давід, айцец ягоны.
ён адмяніў вышыні, разьбіў статуі, высек дуброву і зьнішчыў меднага зьмея, якога зрабіў Майсей, бо да самых тых дзён сыны Ізраілевыя кадзілі яму і называлі яго Нэхуштан.
Ён аддаліў узвышшы, разьбіў стаўпы, пасек гаі і пакрышыў мядзянага гада, каторы зрабіў Масей, — бо аж дагэнуль сынове Ізраелявы кадзілі яму, і назваў яго Негуштан.
На Госпада Бога Ізраілевага спадзяваўся ён; і такога, як ён, ня было сярод усіх цароў Юдэйскіх і пасьля яго і да яго.
На СПАДАРА, Бога Ізраелявага, спадзяваўся ён; і просьле яго ня было падобнага да яго памеж усіх каралёў Юдэйскіх, і каторыя былі перад ім.
І прыляпіўся ён да Госпада і не адступаўся ад Яго, і выконваў наказы Ягоныя, якія запавядаў Гасподзь Майсею.
І прыліп ён да СПАДАРА, не адхінаўся ад Яго і дзяржаў расказаньні Ягоныя, якія Ён расказаў Масею.
І быў Гасподзь зь ім: усюды, куды ён ні хадзіў, рабіў ён добра і разумна. І аддзяліўся ён ад цара Асірыйскага і перастаў служыць яму.
І быў СПАДАР ізь ім: і ўсюды, куды ён хадзіў, ён дзеяў мудра. Ён паўстаў супроці караля Асырскага й ня служыў яму.
Ён пабіў Філістымлянаў да Газы і ў межах яе, ад дазорнай вежы да ўмацаванага горада.
Ён перамог Пілішчан аж да Ґазы і ў граніцах яе, ад старожнае вежы аж да абароннага места.
На чацьвёртым годзе цара Эзэкіі, гэта значыць, на сёмым годзе Асіі, сына Ілы, цара Ізраільскага, пайшоў Салманасар, цар Асірыйскі, на Самарыю і аблажыў яе,
І было чацьвертага году караля Гэзэкі, значыцца сёмага году Госі Ілянка, караля Ізраельскага: узышоў Шалманесэр, кароль Асырскі, на Самару, і аблёг яе;
і ўзяў яе праз тры гады, на шостым годзе Эзэкіі, гэта значыць, на дзявятым годзе Асіі, цара Ізраільскага, узята Самарыя.
І заваяваў яе за тры гады. Шостага году Гэзэкі, значыцца дзявятага году Госі, караля Ізраельскага, заваявана Самара.
І перасяліў цар Асірыйскі Ізраільцянаў у Асірыю, і пасяліў іх у Халаху і ў Хаворы, каля ракі Гозан, і ў гарадах Мідыйскіх,
І перасяліў кароль Асырскі Ізраялян да Асыры, і павёў іх да Галагу а да Гавору, ля ракі Ґозан, а да местаў Мідзкіх,
за тое, што яны ня слухаліся голасу Госпада Бога свайго і пераступілі запавет Ягоны: усяго, што наказаў Майсей раб Гасподні, яны ня слухалі і ня выконвалі.
За тое, што яны ня слухалі голасу СПАДАРА, Бога свайго, і выступілі із змовы Ягонае, з усёга, што расказаў Масей, слуга СПАДАРОЎ; яны і ня слухалі і не рабілі.
На чатырнаццатым годзе цара Эзэкіі, пайшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі, супроць усіх умацаваных гарадоў Юды і ўзяў іх.
Чатырнанцатага году караля Гэзэкі, узышоў Сэннахірыў, кароль Асырскі, на ўсі абаронныя месты Юды, і ўзяў іх.
І паслаў Эзэкія, цар Юдэйскі, да цара Асірыйскага ў Лахіс сказаць: вінаваты я; адыдзі ад мяне; што накладзеш на мяне, я ўнясу. І наклаў цар Асірыйскі на Эзэкію, цара Юдэйскага, трыста талантаў срэбра і трыццаць талантаў золата.
І паслаў Гэзэка, кароль Юдэйскі, да караля Асырскага да Лахішу, кажучы: «Ізграшыў я; адвярніся ад мяне; што ўзложыш на мяне, я панясу». І прызначыў Гэзэку кароль Асырскі трыста таланяў срэбра і трыццаць таланяў золата,
І аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое знайшлося ў доме Гасподнім і ў скарбніцах дома царскага.
І аддаў Гэзэка ўсе срэбра, якое знайшлося ў доме СПАДАРОВЫМ і ў скарбніцах дому каралеўскага.
У той час зьняў Эзэкія золата зь дзьвярэй дома Гасподняга і зь дзьвярных слупоў, якія пазалаціў Эзэкія, цар Юдэйскі, і аддаў яго цару Асірыйскаму.
Таго часу зрэзаў Гэзэка дзьверы сьвятыні СПАДАРОВАЕ і стаўпы, каторыя ашаляваў Гэзэка, кароль Юдэйскі, і аддаў іх каралю Асырскаму.
І паслаў цар Асірыйскі Тартана і Рабсарыса і Рабсака з Лахіса да цара Эзэкіі зь вялікім войскам у Ерусалім. І пайшлі, і прыйшлі да Ерусаліма; і пайшлі, і прыйшлі, і сталі каля вадаправода верхняе сажалкі, якая на дарозе поля лямцавальнага.
І паслаў кароль Асырскі польнага маршалку а галоўнага легчанца а галоўнага над напіткамі з Лахішу да караля Гэзэкі зь вялікім войскам на Ерузалім. І ўзышлі, і прышлі аж да Ерузаліму, і сталі ля вадаводу вышняе копані, каторая ля гасьцінца валельнага поля.
І клікалі яны цара. І выйшаў да іх Эліякім, сын Хэлкіін, начальнік палаца, і Сэўна пісар, і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісец.
І гукалі яны караля. І вышаў да іх Елякім Гілчанок, што над дамоваю, а Шэўна пісар а Ёаг Асафёнак дзеяпісьменьнік.
І сказаў ім Рабсак: скажэце Эзэкіі: так кажа цар вялікі, цар Асірыйскі: што гэта за спадзяваньне, на якое ты спадзяешся?
І сказаў ім галоўны над напіткамі: «Скажыце Гэзэку: "Гэтак кажа кароль вялікі, кароль Асырскі: ’Што гэта за спадзева, на каторую ты спадзяешся?
Ты казаў толькі пустыя словы: для вайны патрэбны рада і сіла. А сёньня на каго ты спадзяешся, што адпаўся ад мяне?
Ты гукаў адно словы вуснаў: рада а сіла патрэбныя да вайны. Цяпер жа на каго ты спадзяешся, што збунтаваўся супроці мяне?
Вось, ты думаеш абаперціся на Егіпет, на гэтую трысьціну надламаную, якая, калі хто абапрэцца на яе, увойдзе яму ў руку і праколе яе. Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто спадзяецца на яго.
Вось, ты думаеш аперціся на Ягіпет, на гэтую трысьціну наломленую, каторая, калі хто абапрэцца на яе, увыйдзе яму ў даланю і прабадзець яе. Гэткі фараон, кароль Ягіпецкі, усім, што спадзяюцца на яго.
А калі вы скажаце мне: на Госпада Бога нашага мы спадзяёмся, дык ці не на таго, вышыні і ахвярнікі якога адмяніў Эзэкія і сказаў Юду і Ерусаліму: толькі перад гэтым ахвярнікам пакланяйцеся ў Ерусаліме.
А калі вы скажыце імне: "На СПАДАРА, Бога нашага, мы спадзяемся", то ці Ён ня тый, чые ўзвышшы а аброчкікі аддаліў Гэзэка, і сказаў Юдзе а Ерузаліму: "Адно перад гэтым аброчнікам кланяйцеся ў Ерузаліме"?’"
Дык вось, уступі ў саюз з гаспадаром маім царом Асірыйскім; я дам табе дзьве тысячы коней, ці можаш ты дастаць сабе вершнікаў на іх?
Дык дай заруку спадару майму, каралю Асырскаму, і я дам табе дзьве тысячы коні, ці можаш дастаць сабе коньнікаў на іх?
Як табе адолець і аднаго правадыра з найменшых слуг гаспадара майго? І спадзяешся на Егіпет дзеля калясьніц і коней?
Як ты можаш спрацівіцца і вайводзе, аднаму з найменшых слугаў спадара майго? І спадзяешся на Ягіпет дзеля цялежак а коні?
Пры гэтым ці ж бо я бяз волі Гасподняй пайшоў на месца гэтае, каб спустошыць яго? Гасподзь сказаў мне: ідзі на зямлю гэтую і спустошы яе.
А цяпер, ціж бяз волі СПАДАРОВАЕ пайшоў я на гэтае месца, каб яго разбурыць? СПАДАР сказаў імне: "Пайдзі на зямлю гэтую і разбуры яе"».
І сказаў Эліякім, сын Хэлкіін, і Сэўна і Ёах Рабсаку: кажы рабам тваім па-Арамейску, бо мы разумеем, а не гавары з намі па-Юдэйску ў голас народу, які на сьцяне.
І сказаў Елякім Гілчанок а Шэўва а Ёаг галоўнаму над напіткамі: «Гукай слугам сваім паарамску, бо цямім мы, а ня гукай із намі паюдэйску ў вушы люду, каторы на сьцяне».
І сказаў ім Рабсак: хіба толькі да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой сказаць гэтыя словы? Не, таксама і да людзей, якія сядзяць на сьцяне, каб есьці памёт свой і піць мачу сваю з вамі.
Але сказаў ім галоўны над напіткамі: «Ціж толькі да спадара твайго а да цябе паслаў мяне спадар мой сказаць гэтыя словы? Не, таксама й да людзёў, што сядзяць на сьцяне, каб есьці кал свой і піць моч сваю з вамі?»
І ўстаў Рабсак і абвясьціў гучным голасам па-Юдэйску, і гаварыў, і сказаў: слухайце слова цара вялікага, цара Асірыйскага!
І ўстаў галоўны над напіткамі, і гукаў вялікім голасам паюдэйску, і гукаў, кажучы: «Слухайце слова караля вялікага, караля Асырскага!
Так кажа цар: хай не спакушае вас Эзэкія, бо ён ня можа вас уратаваць ад рукі маёй;
Гэтак кажа кароль: "Хай не спадмануе вас Гэзэка, бо ён ня можа вас выбавіць ад рукі мае;
і хай не абнадзейвае вас Эзэкія Госпадам, кажучы: выратуе нас Гасподзь і ня будзе горад гэты аддадзены ў рукі цара Асірыйскага.
І хай не надзее вас Гэзэка СПАДАРОМ, кажучы: "Выбаве нас СПАДАР, і ня будзе места гэтае аддана ў рукі караля Асырскага’.
Ня слухайце Эзэкіі. Бо так кажа цар Асірыйскі: прымірэцеся са мною і выйдзіце да мяне, і хай кожны есьць плады вінаграднай лазы сваёй і смакоўніцы сваёй, і хай кожны п’е ваду са свайго калодзежа,
Ня слухайце Гэзэкі; бо гэтак кажа кароль Асырскі: "Учыніце з імною мір, і выйдзіце да мяне, і ежча кажны із свайго собскага віна і кажны зь фіґі свае, і піце кажны ваду із студні свае,
пакуль я ня прыйду і не вазьму вас у зямлю такую самую, як і ваша зямля, у зямлю хлеба і віна, у зямлю пладоў і вінаграднікаў, у зямлю масьлічных дрэў і мёду, і будзеце жыць, і не памраце. Ня слухайце ж Эзэкіі, які зводзіць вас, кажучы: Гасподзь уратуе нас.
Пакуль я ня прыйду і не вазьму вас да зямлі такое ж, як і ваша собская зямля, да зямлі збожжа я маладога віна, зямлі хлеба а вінішча, зямлі аліўкаў, алівы а мёду, і будзеце жыць і не памрыце’. І ня слухайце Гэзэкі, каторы ўмаўляе вам, кажучы: "СПАДАР выбаве нас’.
Ці ўратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара Асірыйскага?
Ці маглі выбавіць багі народаў, кажны сваю зямлю, ад рукі караля Асырскага?
Дзе багі Эмата і Арпада? Дзе багі Сэпарваіма, Эны і Івы? Ці выратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?
Ідзе багі Гамафу а Арпаду? ідзе багі Сэфарваіму, Гэны а Іўвы? Ці выбавілі яны Самару ад рукі мае?
Хто з усіх багоў зямель гэтых выратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык няўжо Гасподзь выратуе Ерусалім ад рукі маёй?
Хто з усіх багоў земляў гэтых выбавіў зямлю сваю ад рукі мае? Дык нягож СПАДАР выбаве Ерузалім ад рукі мае?"»
І маўчаў народ і не адказвалі яму ні слова, бо быў загад цара: не адказвайце яму.
І маўчэў люд, і не адказалі яму ані слова; бо расказаньне каралёва было, кажучы: «Не адказуйце яму».
І прыйшоў Эліякім, сын Хэлкіін, начальнік палаца, і Сэўна пісец і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісец, да Эзэкіі ў падранай вопратцы, і пераказалі яму словы Рабсакавыя.
І прышоў Елякім Гілчанок, што над дамоваю, а Шэўна пісар а Ёаг Асафёнак дзеяпісьменьнік, да Гэзэкі ў разьдзертых адзецьцях, і азнаймілі яму словы галоўнага над напіткамі.