4 царстваў 5 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Нэеман, ваеначальнік цара Сірыйскага, быў вялікі чалавек у гаспадара свайго і паважаны, бо празь яго даў Гасподзь перамогу Сірыйцам; і чалавек гэты быў выдатны воін, але пракажоны.
 
І Нааман, вайводца караля Арамскага, быў вялікі чалавек ў спадара свайго і паважаны, бо перазь яго даў СПАДАР спасеньне Араму. І муж гэты быў дужасіл, але пракажаны.

Сірыйцы аднойчы пайшлі атрадамі і ўзялі ў палон зь зямлі Ізраільскай маленькую дзяўчынку, і яна слугавала жонцы Нэеманавай.
 
Арамляне пайшлі аддзеламі і ўзялі ў палон ізь зямлі Ізраельскае маленькую дзяўчынку, і яна паслугавала Нааманісе.

І сказала яна гаспадыні сваёй: о, калі б гаспадар мой пабываў у прарока, які ў Самарыі, дык ён зьняў бы зь яго праказу ягоную!
 
І сказала яна спадарыні сваёй: «О, калі б спадар мой пабываў у прарокі, каторы ў Самары, то ён зьняў бы зь яго праказу ягоную!»

І пайшоў Нэеман і перадаў гэта гаспадару свайму, кажучы: так і так кажа дзяўчынка, якая зь зямлі Ізраільскай.
 
І пайшоў, і азнайміў гэта спадару свайму, кажучы: «Так а так кажа дзяўчынка, што ізь зямлі Ізраельскае».

І сказаў цар Сірыйскі Нэеману: ідзі, схадзі, а я пашлю ліст да цара Ізраільскага. Ён пайшоў і ўзяў з сабою дзесяць талантаў срэбра і шэсьць тысяч сікляў золата і дзесяць перамен вопраткі;
 
І сказаў кароль Арамскі: «Пайдзі, схадзі, і я пашлю ліст да караля Ізраельскага». Ён пайшоў і ўзяў із сабою дзесяць таланяў срэбра, і шэсьць тысячаў золата, і дзесяць зьменаў адзежы.

і прынёс ліст цару Ізраільскаму, у якім было сказана: разам зь лістом гэтым, вось я пасылаю да цябе Нэемана, слугу майго, каб ты зьняў зь яго праказу ягоную.
 
І прынёс ліст каралю Ізраельскаму, у каторым казалася: «І цяпер, як прыйдзе да цябе ліст гэты, то вось, пасылаю да цябе Наамана, служца свайго, каб ты зьняў зь яго праказу ягоную».

Цар Ізраільскі, прачытаўшы ліст, падраў вопратку на сабе і сказаў: хіба Я Бог, каб усьмерчваць і ажыўляць, што ён пасылае да мяне, каб я зьняў з чалавека праказу ягоную? вось, цяпер ведайце і глядзеце, што ён шукае зачэпкі варагаваць супроць мяне.
 
І было, як прачытаў кароль Ізраельскі ліст, то разьдзер адзежы свае й сказаў: «Ціж я Бог, каб забіваць і ажыўляць, што ён пасылае да мяне, каб я зьняў з чалавека праказу ягоную? Дык вось, ведайце ж а глядзіце, што ён шукае прычыну супроці мяне».

Калі пачуў Елісей, чалавек Божы, што цар Ізраільскі падраў вопратку на сабе, дык паслаў сказаць цару: навошта ты падраў вопратку на сабе? хай ён прыйдзе да мяне і даведаецца, што ёсьць прарок у Ізраіле.
 
Як пачуў Елісэй, чалавек Божы, што кароль Ізраельскі разьдзер адзежу сваю, то паслаў сказаць каралю: «Чаму ты разьдзер адзежу сваю? Няхай ён прыйдзе да мяне, і даведаецца, што ё прарока ў Ізраелю».

І прыбыў Нэеман на конях сваіх і на калясьніцы сваёй і спыніўся каля ўваходу ў дом Елісееў.
 
І прыехаў Нааман на конях сваіх а на цялежках сваіх, і стаў ля дзьвярэй дому Елісэявага.

І выслаў да яго Елісей слугу сказаць: ідзі, абмыйся сем разоў у Ярдане, і абновіцца цела тваё ў цябе, і будзеш чысты.
 
І паслаў да яго Елісэй пасланца, кажучы: «Пайдзі, амыйся сем разоў у Ёрдане, і зьверніцца да цябе цела твае, і будзеш чысты».

І разгневаўся Нэеман, і пайшоў, і сказаў: вось, я думаў, што ён выйдзе, стане, і пакліча імя Госпада Бога свайго, і пакладзе руку сваю на тое месца, і здыме праказу;
 
І загневаўся Нааман, і пайшоў, і сказаў: «Вось, я гукаў сабе: выйдзе ён, выйдзе, і стане, і прыгукае імя СПАДАРА, Бога свайго, і будзе нахінаць руку сваю над гэтым месцам, і зьніме праказу.

хіба Авана і Фарфар, рэкі Дамаскія, ня лепшыя за ўсе воды Ізраільскія? хіба я ня мог бы абмыцца ў іх і ачысьціцца? І павярнуўся і пайшоў у гневе.
 
Ціж Авана а Фарпар, рэкі Дамаскія, ня лешпыя за ўсі воды Ізраельскія? Ціж я ня мог бы амыцца ў іх і ачысьціцца?» І абярнуўся, і адышоў у злосьці.

І падышлі рабы ягоныя, і казалі яму, і сказалі: бацька мой, калі б што-небудзь важнае сказаў табе прарок, дык ці не зрабіў бы ты? а тым болей, калі ён сказаў табе толькі: абмыйся, і будзеш чысты.
 
І дабліжыліся слугі ягоныя, і гукалі яму, і сказалі: «Войча мой, калі б што вялікае расказаў табе прарока, то ці не зрабіў бы ты? і пагатове, як ён сказаў табе толькі: "Амыйся і будзь чыстым"».

І пайшоў ён і акунуўся ў Ярдане сем разоў, па слове чалавека Божага, і абнавілася цела ягонае, як цела малога дзіцяці, і ачысьціўся.
 
І зышоў ён, і занурыўся ў Ёрдане сем разоў, подле слова чалавека Божага, і зьвярнулася цела ягонае, як цела хлапчука, і ачысьціўся.

І вярнуўся да чалавека Божага ён і ўсе, што суправаджалі яго, і прыйшоў, і стаў перад ім, і сказаў: вось, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, як у Ізраіля; дык вось прымі дарунак ад раба твайго.
 
І зьвярнуўся да чалавека Божага — ён а ўсі прыданыя ягоныя, і прышоў, і стаў перад ім, і сказаў: «Вось жа, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, адно ў Ізраелю; дык прыймі дабраславенства ад слугі свайго».

І сказаў ён: жывы Гасподзь, прад абліччам якога стаю! ня прыму. І той прымушаў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.
 
І сказаў ён: «Жыў СПАДАР, перад Каторага відам стаю! ня прыйму». І тый сіліў яго ўзяць, але ён адмовіўся.

І сказаў Нэеман: калі ўжо ня так, дык хай рабу твайму дадуць зямлі, колькі панясуць два кані, бо ня будзе больш раб твой прыносіць цэласпаленьні і ахвяры іншым багам, апрача Госпада;
 
І сказаў Нааман: «Калі не, то дай, калі ласка, слузе твайму зямлі як цяжар на два аслы; бо адгэтуль ня будзе слуга твой абракаць усепаленьні а аброк іншым багом, апрача СПАДАРА.

толькі вось у чым хай даруе Гасподзь рабу твайму: калі пойдзе гаспадар мой у дом Рымона на пакланеньне там і абапрэцца на руку маю, і пакланюся я ў доме Рымона, дык, за маё пакланеньне ў доме Рымона, хай даруе Гасподзь рабу твайму ў гэтым выпадку.
 
Адно во ў чым хай даруе СПАДАР слузе твайму: як пойдзе спадар мой да дому Рымона на кланяньне там, і апрэцца на руку маю, і пакланюся я ў доме Рымона, хай даруе СПАДАР слузе твайму ў гэтым прылучаю».

І сказаў яму: ідзі зь мірам. І ён ад’ехаў ад яго на недалёкую адлегласьць.
 
І сказаў яму: «Ідзі ў супакою». І ён ад’ехаўся ад яго на дзесяціну.

І сказаў Гіезій, слуга Елісея, чалавека Божага: вось, гаспадар мой адмовіўся ўзяць у рукі Нэемана, гэтага Сірыйца, тое, што ён прыносіў. Жывы Гасподзь! пабягу я за ім і вазьму ў яго што-небудзь.
 
І сказаў Ґігаз, дзяцюк Елісэяў, чалавека Божага: «Вось, спадар мой пажалеў Наамана, гэтага Арамляніна, каб узяць із рукі ягонае, што ён прывёз. Жыў СПАДАР! давай я пабягу за ім, і вазьму ў яго што-колечы».

І пагнаўся Гіезій за Нэеманам. І ўбачыў Нэеман, што бяжыць за ім, і сышоў з калясьніцы насустрач яму, і сказаў: ці зь мірам?
 
І пагнаўся Ґігаз за Нааманом. І абачыў Нааман бягучага за сабою, і ісьсеў зь цялежкаў наўпярэймы яму, і сказаў: «Ці із супакоям?»

Той адказваў: зь мірам; гаспадар мой паслаў мяне сказаць: вось, цяпер прышлі да мяне з гары Яфрэмавай двух маладых чалавек з сыноў прарокавых; дай ім талант срэбра і дзьве перамены вопраткі.
 
Ён адказаў: «Із супакоям; спадар мой паслаў мяне сказаць: "Вось, цяпер прышлі да мяне з гары Яхрэмавае два маладзёны із сыноў прароцкіх; дай ім талань срэбра й дзьве зьмены адзежы"».

І сказаў Нэеман: вазьмі, бадай што, два таланты. І ўпрошваў яго. І завязаў ён два таланты срэбра ў два мяхі і дзьве перамены вопраткі і аддаў двум слугам сваім, і панесьлі перад ім.
 
І сказаў Нааман: «Валей вазьмі два талані». І прысіліў яго, і завязаў два талані срэбра ў два хатулі й дзьве зьмены адзежы, і палажыў на двух сваіх служцоў; і яны панесьлі перад ім.

Калі ён прыйшоў да пагорка, дык узяў з рук іхніх і схаваў дома. І адпусьціў людзей, і яны пайшлі.
 
І, як ён прышоў да вежы, ён узяў із рукі іхнае, і палажыў у доме, і адпусьціў іх, і яны адышлі.

Калі ён прыйшоў і зьявіўся да гаспадара свайго, Елісей сказаў яму: адкуль, Гіезій? І сказаў ён: нікуды не хадзіў раб твой.
 
Як ён прышоў і стаў перад спадаром сваім, Елісэй сказаў яму: «Скуль, Ґігажа?» І сказаў ён: «Не хадзіў слуга твой ні туды, ні сюды».

І сказаў ён яму: хіба сэрца маё не спадарожнічала табе, калі павярнуўся насустрач табе чалавек той з калясьніцы сваёй? ці час браць срэбра і браць вопратку, або масьлічныя дрэвы і вінаграднікі, і дробнае альбо буйное быдла, і рабоў альбо рабыняў?
 
І сказаў ён яму: «Ціж сэрца мае не хадзіла з табою, як абярнуўся наўпярэймы табе чалавек тый зь цялежкаў сваіх? Ціж пара браць грошы і браць адзежу, аліўныя сады а вінішчы, авечкі а валы, слугі а нявольніцы?

няхай жа праказа Нэеманавая прыстане да цябе і да нашчадкаў тваіх навек. І выйшаў ён ад яго белы ад праказы, як сьнег.
 
Дык праказа Нааманова прыліпне да цябе а да насеньня твайго навекі». — І вышаў ён ад яго, як сьнег, ад праказы.